Відзы трэба ўбачыць

Курортныя перспектывы аднаго беларускага мястэчкаПалова першай гадзіны дня. Промні зімовага сонца асвятляюць гонкія шпілі трэцяга па вышыні ў Еўропе касцёла ў стылі неаготыкі. У празрыстай цішыні блакітнага неба чуецца мяккі і лагодны голас звона на вежы храма Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Старыя паціху збіраюцца на імшу да чырвонага касцёла, у “целе” якога захоўваюцца свінцовыя асколкі вайны. Праз гандлёвую плошчу, мінаючы цагляныя яўрэйскія пабудовы, якім больш за сто гадоў, кіруюся да прафтэхвучылішча, дзе мяне чакае сустрэча з мясцовым краязнаўцам і гісторыкам — загадчыцай бібліятэкі вучылішча Таццянай ПЛЯШЫВАВАЙ. Разам з ёй і іншымі жыхарамі гарадскога пасёлка я паспрабую зазірнуць у мінулае і сучаснае Відзаў — аднаго з самых прыгожых і адметных мястэчак Браслаўшчыны, вядомага з XV стагоддзя.

Ва ўтульнай чытальнай зале маю ўвагу перш за ўсё прыцягваюць вялікія і, відавочна, вельмі старыя вагі. Тут гэта не сімвал Феміды, а знак гандлярства, багатага выбару тавараў у крамах, якім спрадвеку славіцца мястэчка. Уяўленне жыва малюе вобраз пажылога яўрэя з хітраватай усмешкай, які спрытна ўзважвае тавар на тых шалях і, між іншым, прапануе пакупніку выбраць яшчэ якую-небудзь патрэбную дробязь. Таццяна Міхайлаўна расказвае, што ў адным з чырвоных дамоў на плошчы заможны гандляр-яўрэй трымаў булачную, хлеб быў такі смачны, што па яго прыязджалі з-за мяжы. Наогул у час росквіту Відзаў яўрэі складалі большасць насельніцтва. Так, у 1894 годзе ў мястэчку было 4348 іудзеяў, 661 каталік, 407 стараабрадцаў, 320 праваслаўных, 200 магаметан, 11 лютэран і нават пяць караімаў. Зараз пастаяннае насельніцтва пасёлка гарадскога тыпу не дасягае і дзвюх тысяч чалавек, на тэрыторыі сельсавета жывуць прадстаўнікі больш чым дваццаці нацыянальнасцей. Але сярод немцаў і ўзбекаў, літоўцаў і латышоў, цыган і татараў, малдаван і армян яўрэяў ужо няма — амаль усіх знішчылі падчас вайны. Тыя ж, хто пасля вайны цудам застаўся жывым, у Відзы ўжо не вярнуліся...
Асаблівасці нацыянальнага вяселля
Зразумела, калі прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей шмат у вялікім горадзе. Але чаму ў Відзах? У свой час гэты населены пункт ляжаў на скрыжаванні вялікіх гасцінцаў. Да таго ж, размешчаныя на ўскрайку Расійскай імперыі, Відзы прыцягвалі выгнаннікаў, якія змушаны былі пакінуць цэнтральныя раёны дзяржавы. Так, напрыклад, тут з’явіліся паморскія стараверы. Доўгі час шлюбы паміж відзаўцамі — прадстаўнікамі розных веравызнанняў амаль не практыкаваліся. Як расказала адна з жыхарак Відзаў, праз гэта пацярпеў яе сваяк. Старавер закахаўся ў каталічку, аднак бацькі забаранілі шлюб з “полькай”. Малады чалавек з разбітым сэрцам назаўсёды пакінуў Відзы, сямейнае жыццё ў яго так і не склалася. І ўсё ж час уносіць свае карэктывы, у Відзах можна сустрэць сям’ю, дзе жонка — каталічка, муж — татарын, а маці аднаго з маладых прытрымліваецца запаветаў старавера.
Пра сямейныя завядзёнкі відзаўскіх сем’яў розных веравызнанняў мне расказалі вельмі незвычайным чынам. Старшыня Відзаўскага сельсавета Галіна Малахоўская запрасіла ў свой кабінет прадстаўніц найбольш распаўсюджаных зараз рэлігій — з сям’і старавераў, праваслаўных і каталікоў. Далёка шукаць не прыйшлося — усе працуюць у сельсавеце. А Таццяна Трушаніна з сям’і праваслаўных пайшла замуж за старавера.
Адзін з самых вядомых абрадаў старавераў — хрышчэнне дзіцяці дома ў бочцы з халоднай вадой.  Мужа Таццяны маці пахрысціла менавіта так. Але чатырохмесячнага  ўнука Косцю, нягледзячы на пратэсты бабулі, акуналі ў ваду хатняй тэмпературы. Уразілі мяне імёны старавераў, асабліва старэйшага пакалення, для сучаснага чалавека незвычайныя: Паліэкт, Домна, Улляна, Мірапія, Сава... Партрэты дзядоў з шырокімі бародамі абавязкова красуюцца на сценах. У старавераў муж — галоўны ў сям’і, яго аўтарытэт непахісны. Любяць у новай сям’і Таццяны Трушанінай піць гарбату, прыгатаваную ў самавары на вуголлі. Свякроў з толькі ёй вядомымі прыправамі гатуе своеасаблівыя стравы — сканцы, чарнушкі... Дарэчы, цікавым рэцэптам з кухні старавераў падзялілася са мной вядучы спецыяліст ідэалагічнага ад-дзела Браслаўскага райвыканкама Вольга Мацук.
Бульбашнікі
Зварыць пяць бульбін у мундзіры, абабраць. Трэба, как бульба была не халодная і не гарачая. Згодна з арыгінальным рэцэптам бульбу таўкуць у драўлянай ступцы таўкачом — пюрэ будзе клейкае і без дабаўлення яек. У гарадскіх умовах можна прапусціць бульбу праз мясарубку, дадаць яйка, не забудзьцеся пасаліць. Потым “цеста” трэба раскатаць на муцэ на круглыя калбаскі, якія парэзаць на кружкі таўшчынёй каля сантыметра. Тым часам падрыхтаваць начынку — падсмажаную моркву, капусту або вараны боб. Палажыць начынку на кружкі, зашчыпнуць, паліць маслам — і ў печ ці на патэльню. “Калі мы не даелі пюрэ, дзеці заўсёды просяць прыгатаваць бульбашнікі, і я так і раблю”, — падзялілася сакрэтам эканомная гаспадыня.
Касцёльны звон для праваслаўных
Каля сямідзесяці працэнтаў жыхароў Відзаў — каталікі, і, вядома, іх звычаі аказваюць вялікі ўплыў на побыт местачкоўцаў. Ксёндз Анджэй Бачар арганізаваў пры касцёле бібліятэку, змагаецца за цвярозы лад жыцця, дапамагае вырашаць сямейныя праблемы. Да вянчання ў касцёле будучыя муж і жонка павінны амаль тры месяцы наведваць курсы “Асновы сямейнага жыцця”, на якіх ксёндз дае настаўленні маладым. Да першай камуніі — прычашчэння — дзетак наогул рыхтуюць цэлы год. Дарэчы, яшчэ па дарозе на Браслаўшчыну ў аўтобусе я звярнула ўвагу на дзяўчыну, якая праглядала каталіцкія часопісы для моладзі. Тэмы сямейнага жыцця, кахання, адносін паміж юнакамі і дзяўчатамі, гісторыі з жыцця ў рэлігійным часопісе мяне вельмі здзівілі. Увага царквы да маральнага выхавання і сямейных спраў уплывае і на ўнутраны стан людзей, якія жывуць у гэтых благаславёных мясцінах.
Вядома, свае асаблівасці ёсць і ў побыце прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей і рэлігій. Але галоўнае — за шматвяковую гісторыю розныя людзі прыцярпеліся адзін да аднаго і адносяцца з вялікай павагай і талерантнасцю да суседзяў. Вось некалькі яскравых падцвярджэнняў таму. Царква старавераў у мястэчку была пабудавана ў 1910 годзе, касцёл — у 1914-м. Невялікая праваслаўная абшчына доўгі час не мела свайго храма, і зараз ён недабудаваны. Грошы на яго пабудову збіралі шмат часу, і ў такіх цяжкіх абставінах праваслаўным дапамог... касцёл, ахвяраваўшы на царкву 500 долараў. Калі ў праваслаўных свята, пра яго абвяшчае касцёльны звон! Нярэдка ў каталіцкім хоры спяваюць праваслаўныя. Так і іншыя жывуць у ладзе і згодзе.
Дробязі жыцця
На стале ў старшыні Відзаўскага сельвыканкама я ўбачыла доўгі спіс — больш за сто прозвішчаў. Гэта — відзаўскія аматары зімовай рыбалкі, якія хацелі б палавіць рыбку на сумежных з Літвой азёрах. Напалову беларускіх і напалову літоўскіх вадаёмаў шмат, і для рыбалкі на іх патрэбны спецыяльны дазвол для памежнікаў. Колькі ж жадаючых! Кожную свабодную хвілінку відзаўцы імкнуцца правесці ў лесе ці на возеры: паляванне, рыбалка, збор ягад і грыбоў — любімы занятак. Праўда, местачковыя жанчыны больш увагі надаюць сваім кветнікам, яны вельмі дагледжаныя, улетку Відзы патанаюць у кветках. І кожная гаспадыня імкнецца ўпрыгожыць клумбы нечым адметным: дэкаратыўнымі вазонамі, гномікамі і грыбкамі, іншымі садова-паркавымі скульптурамі. І клімат у Відзах і Відзах—Лаўчынскіх, па словах местачкоўцаў, нейкі своеасаблівы, тут усё выспявае раней, чым у суседніх мясцінах. Лепшымі агароднікамі сярод відзаўчан, дарэчы, спрадвеку лічацца татары.
У даўнейшыя часы Відзы далёка былі вядомы сваімі кірмашамі. Асабліва высока цаніліся мясцовыя гусі. Дзеці гналі іх за сорак кіламетраў на чыгуначную станцыю, і адтуль відзаўскіх гусей адпраўлялі адразу ў Германію! Як успамінаюць жыхары Браслаўскага раёна, яшчэ напачатку васьмідзесятых гадоў кірмаш у Відзах быў такі багаты, што на яго прыязджалі нават з Рыгі ці Даўгаўпілса. І прымаўка існавала: “Не можаш нешта знайсці? Купіш у Відзах”. Але ж улады закрылі рынак, а на яго месцы былі пабудаваны жылыя дамы. Зараз невялічкі лапік, на якім гандлююць звычайна агароднінай, размяшчаецца каля аўтастанцыі. Памятаю, пад восень, вяртаючыся ў сталіцу, я з задавальненнем купіла на ім вельмі смачныя грушы.
Санаторныя перспектывы
Улетку насельніцтва мястэчка павялічваецца ў два-тры разы — людзі прыязджаюць адпачываць. Акрамя славутага касцёла і царквы старавераў у гэтай мясцовасці турыстам ёсць што паглядзець. У чатырох кіламетрах ад гарадскога пасёлка знаходзіцца невялікая вёска Відзы-Лаўчынскія. У маляўнічай мясцовасці каля возера Дворнае славуты паплечнік Тадэвуша Касцюшкі Томаш Ваўжэцкі яшчэ ў XVIII стагоддзі пабудаваў сядзібу, якая захавалася да нашых часоў. Да сядзібы прымыкаў парк, дзе і зараз расце больш за 40 відаў дрэў і кустоў. З паркам звязана рамантычная гісторыя пра сяброўства любімай кабылы ўладальніка сядзібы па імені Ева і сабачкі Зазы. Пасля смерці Евы Заза адмовілася ад ежы і памерла. У парку можна ўбачыць вялікі камень, на якім расчулены гаспадар загадаў выбіць іх імёны: “EWA” і “ZAZA”.
Пасля смерці Томаша Ваўжэцкага новыя гаспадары — шляхецкі род Мінейкаў — пабудавалі побач з сядзібай адзін з першых беларускіх санаторыяў. Яго асновай сталі чатыры серавадародныя крыніцы, якія цяклі ў суседняе возера Смердзіс. Для лячэння выкарыстоўвалі іх воды і сапрапелевыя гразі. Санаторый атрымаў назву “Лазенкі” ў гонар знакамітай варшаўскай каралеўскай рэзідэнцыі. Аднак да канца XIX стагоддзя ён прыйшоў у заняпад, бо ўладальнікі не мелі грошай на рэканструкцыю.
Як расказала мне кіраўнік аддзела ідэалогіі Браслаўскага райвыканкама Наталля Лях, не так даўно вучоныя знайшлі ў Відзах-Лаўчынскіх, акрамя серавадароднай, яшчэ тры віды лекавай вады, дзве сталовыя і адну для ваннаў. У лютым навукоўцы  павінны даць канчатковае заключэнне аб перспектывах стварэння ў гэтым месцы санаторна-аздараўленчага ко-мплексу. Пра неабходнасць яго пабудовы ў Відзах, дарэчы, не так даўно казаў Прэзідэнт. А гэта — новы віток у развіцці калісьці славутага мястэчка і яго наваколля. Многія відзаўцы і зараз не сядзяць склаўшы рукі. Сям’я Голубевых стварыла ў Відзах-Лаўчынскіх аграэкасядзібу. Працуе над развіццём турыстычнага патэнцыялу краю і дырэктар Відзаўскага УА ДПТВ-169 Міхаіл Смірноў, пра яго задумкі мы ўжо расказвалі на старонках “Народнай газеты”. На першы час турысты могуць спыняцца ў інтэрнаце  вучылішча, якое з’яўляецца своеасаблівай жывой крыніцай, што не дае жывой вадзе Відзаў “зацвісці”. І мне вельмі хацелася б пагуляць па вялізным Відзаўскім кірмашы, які зноў прыцягваў бы гасцей з сумежных краін — Латвіі, Літвы, а можа, і больш далёкіх. Відзы нечым нагадалі мне папулярны славацкі курорт Бардзееўскія Купелі. Спакой, прыгажосць наваколля, гаючая мінеральная вада і мноства культурна-гістарычных помнікаў — гэта агульнае. Не хапае беларускаму аналагу толькі некалькіх гатэляў ці санаторыяў. Многія відзаўскія мужчыны, на жаль, паехалі за высокімі заробкамі хто ў суседнюю Прыбалтыку, хто ў Расію. Жонкі і дзеці чакаюць іх у Відзах. Калі ж рукі відзаўскіх гаспадароў спатрэбяцца на новым санаторна-аздараўленчым комплексе, у мястэчку пачнецца зусім іншае жыццё.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter