Відавочная выгада

У краіне з’явіцца новая буйная энергакрыніца на тарфяным паліве

У Беларусі да 2015 года з’явіцца новая буйная энергакрыніца на тарфяным паліве

Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара ДВА «Белпалівагаз» Валерыя Кавалёва, размова ідзе аб ЦЭЦ у Мазыры, на якой будзе ўстаноўлены паравы кацёл магутнасцю да 200 т пары ў гадзіну са спажываннем торфабрыкетаў да 150 тыс. тон у год.

Цяпер на тарфяным паліве ў Беларусі працуюць Жодзінская ЦЭЦ і Рэчыцкая ЦЭЦ з сумарным спажываннем торфабрыкетаў каля 40 тыс. тон у год.

У 2012 годзе, акрамя ЦЭЦ, буйным прамысловым спажыўцом торфу быў Беларускі цэментны завод, які закупіў 63 тыс. тон брыкетаў. Каля 386 тыс. тон торфабрыкетаў адпраўлена на экспарт, 864 тыс. тон прададзена насельніцтву на патрэбы ацяплення. Усяго выраблена 1,2 млн. тон торфабрыкетаў.

З улікам узрастаючых прамысловых і энергетычных патрэбнасцей у далейшым структура спажывання торфабрыкетаў зменіцца. Паводле слоў Валерыя Кавалёва, цэментныя заводы заявілі аб планах спажываць у год 217 тыс. тон торфабрыкетаў да 2015 года і 300 тыс. тон — да 2020 года. «У гэтым няма нічога дзіўнага, бо выкарыстанне торфабрыкетаў у энергетычных мэтах амаль у 4,5 раза больш выгаднае, чым прыроднага газу», — адзначыў намеснік гендырэктара «Белпалівагазу».

Пры гэтым інтарэсы традыцыйнага спажыўца торфабрыкетаў — насельніцтва — у выпадку росту прамысловага выкарыстання гэтага віду паліва ўшчэмлены не будуць. Да 1 красавіка будзе скарэкціравана Дзяржаўная праграма «Торф», прынятая на перыяд 2008—2010 гг. і да 2020 года ў адпаведнасці з Дырэктывай № 3 «Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы». Дзяржпраграма прадугледжвае павелічэнне здабычы торфу з цяперашніх 3 млн. тон да 5 млн. тон у год і адпаведнае павелічэнне вытворчасці торфабрыкетаў. «Для вытворчасці адной тоны брыкетаў звычайна выкарыстоўваецца да 2 тон фрэзернага торфу ў залежнасці ад зыходнай вільготнасці», — удакладніў Валерый Кавалёў.

На яго думку, асноўнай перашкодай на шляху развіцця тарфяной галіны з’яўляецца вельмі складаная працэдура землеадводу, у адпаведнасці з якой рашэнне аб выдзяленні ўчастка пад торфараспрацоўку заўсёды ўяўляе сабой кампраміс інтарэсаў Мінэнерга, Мінпрыроды і іншых зацікаўленых ведамстваў і арганізацый. Большасць прамыслова прыдатных запасаў торфу знаходзіцца на тэрыторыях са статусам асабліва ахоўных. «Хоць на момант будаўніцтва торфапрадпрыемстваў, якія зараз дзейнічаюць, — у 60-я гады мінулага стагоддзя — усе гэтыя тэрыторыі разглядаліся ў якасці сыравіннай базы прадпрыемстваў», — сказаў Валерый Кавалёў.

На 60-я гады ХХ стагоддзя прыпаў пік здабычы торфу ў Беларусі — да 35 млн. тон, з якіх на патрэбы энергетыкі ішло 15 млн. тон, а 20 млн. тон — на патрэбы сельскай гаспадаркі для павышэння ўрадлівасці глебы. Тады Беларусь была сусветным лідарам па здабычы торфу і лідарам па распрацоўцы тэхналогій і вытворчасці машын для торфаздабычы і вытворчасці брыкетаў, у краіне працавала больш за 250 торфаздабыўных прадпрыемстваў, з якіх засталося 25. Астатнія скончылі сваю дзейнасць у сувязі з выпрацоўкай тарфяных радовішчаў. Цяпер у галіне задзейнічана каля 6 тыс. чалавек.

У 2012 годзе сусветная здабыча торфу склала 30 млн. т. Найбольш буйнымі торфаздабыўнымі краінамі сталі Фінляндыя — 10 млн. тон, Ірландыя — 5 млн. тон, Беларусь — 3 млн. тон, па 2 млн. тон здабыта ў Расіі і Канадзе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter