Узыходжанне

У Мінску ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу «Тэлевяршыня»

Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу «Тэлевяршыня» прайшла ў Мінску.

Звыш 200 заявак па 24 намінацыях было пададзена ад рэспубліканскіх і рэгіянальных тэлекампаній для ўдзелу ў сёлетнім, дзявятым па ліку, Нацыянальным конкурсе «Тэлевяршыня». З іх на разгляд жюры прапанавалі 72 намінанты, сярод якіх і вызначалі ўладальнікаў прэстыжных статуэтак. Дарэчы, сёлета іх выраблена больш, бо ў адной намінацыі будзе два першыя месцы. А на наступны год да юбілейнай дзясятай «Тэлевяршыні» арганізатары конкурсу плануюць пашырэнне колькасці намінацый. Не выключана, што сярод іх упершыню з’явіцца «Дэбют года».

У ліку прэтэндэнтаў на сёлетнія ўзнагароды шмат любімых гледачамі тэлепраектаў — праграм забаўляльных, інфармацыйных, аналітычных, асветніцкіх, публіцыстычных. Спаборнічаюць таксама ролікі сацыяльнай рэкламы, дакументальныя цыклы і фільмы, тэледызайн і, канечне, тэлеперсоны — вядучыя, рэпарцёры, рэжысёры, аператары, сцэнарысты, прадюсары... А ў намінацыі Гран-пры «Тэлевізійны праект года» пальму першынства аспрэчваюць творчыя праекты трох тэлетытанаў — цыкл дакументальных фільмаў «Судьба гигантов» ад Белтэлерадыёкампаніі, «Добро пожаловать в Беларусь» ад АНТ и «Поющие города» ад Сталічнага тэлебачання.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў адбылася ў Палацы Рэспублікі ўчора вечарам, таму да моманту, калі гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, лепшыя тэлепраекты, імёны іх аўтараў і падрабязнасці конкурснага шоу яшчэ для ўсіх заставаліся невядомымі. Але напярэдадні арганізатары абяцалі дзейства яркае, нестандартнае, з мноствам творчых знаходак. Ужо сёння ў 20.10 ацаніць яго змогуць і тыя, каму не пашчасціла ўчора трапіць у Вялікую залу Палаца Рэспублікі. Тэлеверсію цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу «Тэлевяршыня» пакажа канал СТБ.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter