“Узвіжанне лета замыкае”

У народным календары свята Узвіжання ўспрымалася як усеагульны рух, звіх, паварот на зіму. У адной з валачобных песень пяецца: “Святая Прачыста папары мяшаець, Святое Узвіжанне з поля збіраець... бульбу капаець... сцеліць лянок”. У гэты дзень варажылі на будучае надвор’е: “На Звіжанне сівер (вецер), так лета цёплае будзе”, “Высока ляцяць гусі на Узвіжанне — да высокай паводкі ўвесну, нізка — да малой”.

* Па народных назіраннях, на Узвіжанне “гады” (змеі) “сыходзяць” у невядомыя краіны, якія завуцца Ірыем, Вірыем, Выраем. “На Звіжанне гадзюкі збіраюцца ў адно месца, каб паўзці на зіму ў вырай. Гадзюкі, як і птахі, маюць свой асабісты вырай. Яны ў яго паўзуць пад камандаю свайго цара, каторы паўзе папераду ключа”. У народзе існавала строгая забарона хадзіць у лес 27 верасня: “У гэты дзень няможна ісці ў лес па грыбы і ягады: змеі, калі збяруцца, заўважыўшы чалавека, пойдуць за ім з лесу і зноў надоўга распаўзуцца па акрузе, каб шкодзіць людзям за парушэнне спакою”. 
* На Узвіжанне “птушка ў вырай пацягнулася, мядзведзь у бярлогу лёг”. Першай адлятае і першай прылятае зязюля. Таму ў народзе яе клічуць “ключніцай” выраю: “Узвіжанне лета замыкаець, ключык шэрая зязюлечка панесла”.
* Пасля Узвіжання забаранялася чысціць калодзежы. Па ўяўленнях нашых продкаў, ластаўкі, каб зазімаваць, хаваюцца ў калодзежах, таму іх нельга турбаваць.
* Надыходзілі маразы, таму і казалі: “На Узвіжанне халат з плеч, а кажух на плечы”.
* Паўсюдна Узвіжанне лічылі неспрыяльным днём для распачынання вялікіх і важных спраў: усё пачатае ў гэты дзень, скончыцца поўнай няўдачай ці не прынясе карысці. Таксама ў гэты дзень не ішлі з просьбай да ўлады, не падпісвалі ніякіх важных папер, не елі капусты (каб увесь год не было пуста), не білі бізуном жывёлу (не будзе весціся), не сварыліся (да разводу), не працавалі на агародзе.  Нельга на Узвіжанне гуляць вяселле. У гэты дзень нельга нічога аддаваць з дому, пазычаць што-небудзь.
* У некаторых рэгіёнах у гэты дзень пачыналі капаць познюю бульбу і збіраць журавіны: “На Узвіжанне збірай журавіны”.
* Добрыя гаспадыні ведалі: 27 верасня неабходна патрэсці цэбар з салёнымі агуркамі, тады яны лепш  захаваюцца.
* Паўсюдна на Узвіжанне пачыналі саліць капусту. Лічылі, што капуста, пасоленая ў гэты дзень, будзе добра захоўвацца на працягу года, будзе смачная, сакавітая, праўда, пры ўмове, што Узвіжанне або наступныя за святам дні прыходзіліся на маладзік.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter