Узровень небяспекі

Вулкан Кальбука на поўдні Чылі, які спаў апошнія 40 гадоў, прачнуўся і пачаў вывяргацца, выклікаўшы “чырвоны” ўзровень небяспекі
Вулкан Кальбука на поўдні Чылі, які спаў апошнія 40 гадоў, прачнуўся і пачаў вывяргацца, выклікаўшы “чырвоны” ўзровень небяспекі. У рэгіёне існуе другая па велічыні вулканічная сетка планеты — каля пяцісот тамтэйшых вулканаў патэнцыяльна актыўныя. Але сапраўдную трагедыю ў свеце выклікаў моцны землятрус у Непале: колькасць загінуўшых можа дасягнуць 10 тысяч чалавек. У зоне бедства працягваецца разбор завалаў...

На фоне прыродных катастроф палітычныя навіны не здаюцца занадта жахлівымі, але... Блок НАТА павялічвае колькасць сіл рэагавання больш чым удвая — з 13 да 30 тысяч ваеннаслужачых.

Шатландскія нацыяналісты тым часам паабяцалі правесці другі рэферэндум аб незалежнасці: у выпадку, калі Вялікабрытанія выйдзе са складу ЕС у 2017 годзе.

Напярэдадні нядаўняга саміту Украіна — ЕС афіцыйны Берлін, Парыж і Лондан аказвалі ціск на Кіеў, каб паскорыць выкананне Мінскіх дамоўленасцей і знізіць напружанасць у стасунках з Расіяй. Па падліках Уладзіміра Пуціна, у выніку эканамічных санкцый Захаду Расія не далічылася 160 мільярдаў долараў з 500, аднак яе прадпрыемствы сёння паспяхова разлічваюцца па знешніх пазыках.

Да падзей на амерыканскім кантыненце. Недалёка ад Вашынгтона, у найбуйнейшым горадзе штата Мэрыленд Балціморы, адбыліся жорсткія сутыкненні дэманстрантаў з паліцыяй. Гэтыя падзеі — не новыя для ЗША. Яны амаль дакладна паўтараюць жнівеньскую сітуацыю ў Фергюсоне мінулага года, калі прадстаўнікі праваахоўных органаў застрэлілі цёмнаскурага падлетка.

Пачыналіся балціморскія пратэсты даволі мірна. Аднак з-за гібелі мясцовага афраамерыканца Фрэдзі Грэя, затрыманага паліцыянтамі, перараслі ў вулічныя бойкі, падпалы і марадзёрства. Для навядзення парадку ў штаце ўладамі ўведзены рэжым надзвычайнага становішча: на дапамогу прыцягнуты падраздзяленні Нацыянальнай гвардыі.

Усё гэта адбывалася на бягучым тыдні. А вас, шаноўныя чытачы, цікавіць, што будзе бліжэйшымі днямі? Вось што мне вядома...

Адзіны дзень зніжак пройдзе ў Беларусі 2 мая. Пакупнікоў чакае зніжэнне цэн на нехарчовыя тавары ў памеры 15—20 працэнтаў. У гэты дзень у краіне распачнецца рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне.

Беларуская дэлегацыя возьме ўдзел у Дзясятых адкрытых маладзёжных Дэльфійскіх гульнях дзяржаў-удзельніц Садружнасці пад дэвізам: “На славу Вялікай Перамогі” (з 1 па 6 мая ў расійскім Арле).

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter