Узрост не перашкода

Кірмаш вакансій для пенсіянераў у Гродне сабраў 130 чалавек

Першы кірмаш вакансій для грамадзян пенсійнага ўзросту ў Гродне сабраў звыш 130 чалавек.

— Мы загадзя саставілі спіс будучых і наяўных пенсіянераў і кожнага запрасiлi прыняць удзел у нашым мерапрыемстве, — паведаміла намеснік старшыні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама Вольга Стрэжнева. — Такія спецыялізаваныя кірмашы вакансій дапамагаюць дасканала вывучыць запыты лю-дзей, аказаць iм індывідуальную дапамогу. Акрамя таго, пенсіянеры маюць магчымасць карыстацца паслугамі службы занятасці: у інфармацыйных залах можна атрымаць звесткі аб наяўнасці вакансій.

На кірмашы прагучалі прапановы ўладкавацца дворнікам, мыйшчыкам посуду, рабочым па комплексным абслугоўванні будынкаў, санітарам, слесарам-сантэхнікам, поварам, памочнікам выхавальніка ў дзіцячы сад, ліфцёрам, ахоўнікам.

Задачу вярнуць пажылых на рынак працы служба занятасці сёння ставіць невыпадкова. Ёсць каля 2,5 тысячы вакансій — амаль утрая больш, чым зарэгістравана беспрацоўных. Развіваецца сфера паслуг, якая не патрабуе фізічнай сілы. Для многіх пенсіянераў праца з’яўляецца значнай не толькі як сродак для існавання, але i дзеля захавання актыўнай жыццёвай пазіцыі. Улічваючы ўсе фактары, у службе занятасці плануюць праводзіць кірмашы для пенсіянераў і надалей.

Вынік кірмашу вельмі парадаваў яго арганізатараў — амаль палова тых, хто прыйшоў, знайшлі працу ў розных арганізацыях горада.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter