Больш за 70 гадоў тчэ самабытныя ручнікі ды кашулі баба Стэпа з Дарапеевічаў

Узоры бабы Стэпы

Сцепаніда Сцепанюк з вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёна ўпершыню села за кросны ў 7 год. Сёння ёй 81, аднак любімай справы яна не пакідае. Кожны дзень займаецца ткацтвам, перадае сваё майстэрства вучням. Дзеткі Сцепаніду Аляксееўну называюць проста — баба Стэпа. Яна для іх і настаўнік, і блізкі сябар.

Сцепаніда СЦЕПАНЮК спадзяецца, што дзякуючы вучням справа яе жыцця не згіне, не прападзе.

Ручнікі і кашулі, зробленыя Сцепанідай Аляксееўнай, часта можна ўбачыць на выставах. І ў нашай краіне, і за мяжой. Нядаўна ткачыха з Дарапеевічаў атрымала Гран-пры на прафесійным конкурсе, які праходзіў у Польшчы. Агромністы партрэт бабы Стэпы перанеслі на адзін з люблінскіх аўтобусаў. Так яна адразу стала гарадской знакамітасцю.

Але сваім галоўным дасягненнем майстрыха лічыць аднаўленне старажытнага віду ткацтва. Гэта амаль што містычная гісторыя.

Ручнікі з Дарапеевічаў — прыгожыя і самабытныя.

— Колысь до нас прыіхав Павел Латушко — тоды він був міністром культуры. Подывывся на нашу выставку, я ёму ручныка подарыла. А він і пытае: колькі вам грошэй плацяць? Я сказала, шо скілько платять, сцілько і добрэ. Я на грошы не зайздросна, — гаворыць яна на мове, якая, здаецца, такая ж  унiкальная, як i яе творы.

Павел Паўлавіч прапанаваў зняць пра таленавітую ткачыху дакументальны фільм. Баба Стэпа не адмовіла. Да прыезду здымачнай групы яна вырашыла зрабіць аўтэнтычныя спадніцы, а для гэтага трэба было аднавіць старажытны від ткацтва — «кажушок», які знік прыкладна паўтара стагоддзя таму. Сцепаніда Аляксееўна і не думала, што гэта будзе настолькі складана. Цэлы тыдзень яна правяла за кроснамі. Страціла сон і апетыт, нават ездзіла да старажылаў у суседнія раёны, ва ўкраінскае Забалацце — усё дарма:

Падрыхтоўка пражы — тонкі працэс.

— Ну, думаю, так тому і буты. Пропав наш «кожушок». Ажно ўвэчоры лэгла спаты. А вжэ під ранок бачу сон. Іду по зэлэному лугу, а на ёму стояць кросны. За імі жінка сыдыць. От, думаю, вона мні всэ і роскажэ. Подышла — ныкого нэ мае, але ж кросны стояць заправлены.

Баба Стэпа запомніла, што ніткі ў кросны былі запраўлены больш рэдка. Прачнуўшыся, яна паспрабавала паўтарыць тое, што ўбачыла ў сне. І ўсё атрымалася! 

— Я до тэлефона побігла, дочцэ позвоныла, всім! Всіх обрадовала. Кажу, будуць, дэвчата, юбкі!  

Баба Стэпа для вучняў — і настаўнік, і блізкі сябар.

Зараз сваё майстэрства Сцепаніда Аляксееўна перадае дарапеевіцкім школьнікам, каб мясцовыя традыцыі ткацтва не зніклі, як той «кажушок». Тры разы на тыдзень разам з дачкой Валянцінай яны праводзяць заняткі ў мясцовым Доме культуры. На ўрокі да бабы Стэпы прыходзяць дзеткі ад 8 да 12 гадоў. Сярод іх нават ёсць адзін хлопчык — Ваня Гаманчук. Сцепаніда Аляксееўна яго хваліць. У мінулым годзе Ваня за два дні зрабіў добры ручнік, падарыў матулі пад Новы год.

Разам з Іванам на заняткі прыйшлі тры дзяўчынкі: Паліна і двайняткі Саша з Дашай. Яны дакладна ведаюць, што такой ткачыхі, як баба Стэпа, у акрузе няма:



— Ой, мы ж без яе нават кросны не заправім! Гэта самае складанае. Прасці лён яна таксама лепш за ўсіх умее. У яе ўсё неяк вельмі спрытна атрымоўваецца! 

Сцепаніда Аляксееўна пераапранаецца ў маларыцкі строй. На галаву павязвае плат — галаўны ўбор даўжынёй тры метры. Яго ткалі з самага лепшага лёну, з самых тонкіх нітак. 

Дачка Сцепаніды Сцепанюк — Валянціна ГАТОЎЧЫЦ — расказвае вучням пра асаблівасці маларыцкага строю.

Вучні назіраюць за майстрыхай, а яна расказвае: 

— То нас жызнь заставіла навучытыся. Мні було 10, а я вжэ ткала. Мэнэ маты навучыла. Мы самі сіялы той лён, збыралы, ніткі пралы, ткалы одіжу. Тоды ж в магазінах одіжу купыты нэ моглы.

У дзяцінстве Сцепаніды Сцепанюк кросны былі вельмі важным інструментам. Ткалі не толькі вопратку. Палавікі, мяшкі, ручнікі. Рэчы першай неабходнасці. Ручнікамі выціраліся, імі ўпрыгожвалі іконы, абвязвалі крыжы на могілках. Для вучняў аповед народнага майстра — быццам старая казка, легенда. Слухаюць уважліва. А баба Стэпа расказвае і верыць, што справа яе жыцця не згіне, не прападзе.

p.losich@gmail.com

Фота Валерыя КАРАЛЯ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter