“Узнясенне” з сяла Барань

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі захоўваецца каля 500 старажытнабеларускіх ікон. Найбольш яскрава, на думку спецыялістаў, вызначаюцца контуры магілёўскай школы іканапісу, адным з самых цікавых твораў якой з’яўляецца абраз Фамы Сілініча “Узнясенне”. Унікальнасць гэтага абраза ў тым, што ён адзін з нямногіх падпісаных і датаваных твораў старажытнабеларускага жывапісу. На ім маецца такі надпіс: “Пісалъ Сілінічъ 1808го года”. Хаця раней іконы не падпісваліся. Лічылася, што піша яе не майстар: яго рукою водзіць сам Гасподзь Бог.

Магілёў у XVII—XVIII стагоддзях быў адным з буйнейшых цэнтраў мастацкай культуры Рэчы Паспалітай. У горадзе даволі высока былі развіты кнігадрукаванне, гравюра, разьба, жывапіс, іканапіс. Абраз “Узнясенне”, выяўлены 27-й экспедыцыяй Дзяржаўнага мастацкага музея БССР у 1974 годзе ў Праабражэнскай царкве сяла Барань Аршанскага раёна Віцебскай вобласці (да XVIII стагоддзя ён уваходзіў у склад Магілёўскай епархіі), — таму пацвярджэнне. Як расказала навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Любоў Сысоева, ён выклікае вялікую цікавасць тым, што ўвабраў у сябе традыцыі як візантыйскага, так і заходнееўрапейскага мастацтва.
 “Нягледзячы на тое што сюжэт твора адносіцца да ліку традыцыйных, хрысталагічных, тых, што атрымоўвалі распаўсюджанне на хрысціянскім Усходзе ў глыбокай старажытнасці, жывапіс яго адметны сваім свецкім характарам, — адзначае яна. — Напрыклад, у ім захавана візантыйская іканаграфічная схема, але колеравае рашэнне адзенняў апосталаў, Божай Маці ў ніжняй частцы кампазіцыі, яе ўраўнаважанасць, сіметрычнасць больш характэрны для класіцызму”.
Сюжэт абраза “Узнясенне” апавядае аб тым, як на саракавы дзень пасля Уваскрашэння Ісус Хрыстос явіўся апосталам і запаведаў быць у Іерусаліме і чакаць абяцанага сашэсця Святога Духу. Затым ён вывеў іх з горада на гару Елеонскую і, абедзвюма рукамі бласлаўляючы Сваіх вучняў, стаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба. Апосталы пакланіліся яму і захоплена глядзелі, як ён узносіцца на неба, пакуль воблака не схавала яго. Тут прадсталі два анёлы і абвясцілі, што такім чынам — у славе і акружэнні сіл нябесных — адбудзецца і Другое прышэсце Госпада ў канцы часоў.
 “Так, уверсе абраза мы бачым, як у ззяючай мандорле ўзносіцца на нябёсы Хрыстос, — расказвае Любоў Сысоева. — На вяршыні гары стаяць два анёлы, якія выразна жэстыкулююць і ўказваюць на Збавіцеля. На першым плане — выявы Божай Маці і апостала Пятра, якія стаяць на каленях”. 
Свае асаблівасці ёсць і ў раме. Увогуле, афармленне імі вылучае беларускую ікону. “У Расіі, напрыклад, абразы не заключаліся ў рамы, — расказвае Любоў Сысоева. — А ва “Узнясенні” яна можа разглядацца даследчыкамі як самастойны твор мастацтва.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter