Буйство красок и впечатлений: как готовят к творческой жизни юных художников

Узлёт пэндзля

Сёння свет адзначае свята ўсіх аматараў прыгажосці — Міжнародны дзень мастака. Творчасць захоўвае ў людзях здольнасць радавацца жыццю і любіць яго. Бадай, самымі натуральнымі пачуццямі і своеасаблівым бачаннем свету валодаюць дзеці. Карэспандэнт «Рэспублікі» наведала арт-студыю «Майстар», каб даведацца, у якой творчай атмасферы выхоўваюцца юныя мастакі. 

Каля 30 карцін юных мастакоў экспанавалася ў Гомельскай вобласці.

Быццам каменьчыкі, якія вывелі з лесу Гензеля і Грэтэль, карціны на сценах калідора ўказваюць шлях да кабінета, дзе твораць дзеці. Само ж памяшканне нагадвае карцінную галерэю, палотны тут паўсюль — на сценах, каля шаф, нават на падлозе. Яркія, дзівосныя, напоўненыя безліччу фантастычных жывёл, уражанняў і дзіўнай сумессю фарбаў. І пераважная іх частка напісана выхаванцамі студыі.

Вялікія фарматы дазваляюць разняволіць юнага мастака, — лічыць Валерый Сямёнаў, мастак, кіраўнік студыі «Майстар» пры Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «АРТ». — Калі дзеці малююць на лістку, назіраю нейкае ўнутранае зацісканне. Буйны маштаб дапамагае развівацца, больш свабодна мысліць, смялей эксперыментаваць. Акрамя таго, дзеці адчуваюць адказнасць — яны ж робяць сур’ёзную справу, пішуць карціну.

Валерый СЯМЁНАЎ: «Мэта любога настаўніка — знайсці таленавітых вучняў».

8-гадовы Стэфан працуе над палатном, якое называе «Дрэва жыцця». Кожную яго галіну апанавалі казачныя і рэальныя істоты. У карэту тут запрэжаны сабака, зайцы іграюць на дудзе і б’юць у барабан, мудрагеліста выгнуў шыю зялёны паўлін, а знізу скаліцца на ўсё гэта чырвоны воўк. 

Дзеці самавыяўляюцца, — усміхаецца Валерый Сямёнаў. — Перыядычна мы распрацоўваем агульныя тэмы, аднак кожны малюе тое, што хоча. Мая справа — вызначыць тэхніку, зразумець, хто на што здольны, і дапамагчы развіць талент. Адпаведна і патрабаванні да кожнага індывідуальныя. Аднак ні ў якім разе нельга прымушаць перарабляць карціну ў адпаведнасці з нейкімі канонамі і правіламі. Пішы, як можаш, а я падкажу, як увасобіць ідэю.

Анжаліка дэманструе арыгінальны падыход да работы з фарбамі.

Каты на даху – галоўныя персанажы карціны 10-гадовай мастачкі Яўгеніі.

Арыгінальныя тэхніка і падыход да малюнкаў уласцівы для 9-гадовай Анжалікі. Здалёк прыцягвае ўвагу яе нацюрморт з яркімі абстрактнымі кветкамі. Хаця, па словах выкладчыка, абстракцыя не самамэта, галоўнае — выявіць суадносіны фарбаў, сумяшчэнне колераў.

Цудоўныя коні сталі таксама героямі палатна Ульяны Марозька — яны гуляюць на світанку ў яблыневым садзе, грывы пранізаны сонечнымі прамянямі. 

Кожны можа тварыць так, як яму зручна.

Карціна пісалася вельмі хутка, на творчым пад’ёме перад выставай, — успамінае кіраўнік арт-студыі. — Увогуле, усякая выстава карысная: яна падганяе, стымулюе да працы.

Дарэчы, выстава «А ў нас у двары...» з 30 карцін юных выхаванцаў арт-студыі з красавіка экспанавалася ў светлагорскай карціннай галерэі «Традыцыя» імя Пранішнікава, потым пераехала ў Гомель. І ўсюды мела вялікі поспех, юнымi талентамi захапляліся і вядомыя мастакі.

Тэхналогія прасушкі фарбаў у кожнага свая.

Гэта мэта любога выкладчыка — знайсці таленавітых дзяцей, — упэўнены Валерый Сямёнаў. — Каб маляваць, трэба мець калі не талент, то хаця б здольнасці. Яны могуць выявіцца не адразу, не з адной работы і не з дзвюх, а выкрышталізоўваюцца недзе праз год.  

У гэтым годзе студыі «Майстар» споўнілася 20 гадоў, і Валерый Сямёнаў спадзяецца адзначыць юбілей выставай у галерэі Нацыянальнай бібліятэкі. 

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter