Узгадаем, падумаем...

Толькі што прайшоў Дзень Перамогі, а 3 ліпеня мы будзем адзначаць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Толькі што прайшоў Дзень Перамогі, а 3 ліпеня мы будзем адзначаць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтыя святы выклікаюць у мяне як удзельніка вайны і радасць, і сум. Радзеюць шэрагі ветэранаў, нячаста цяпер можна іх сустрэць. Хваробы і старасць, ваенныя раны штодзень памяншаюць шарэнгі жывых. Хаця...

Пазіцыі свае мы ўсё ж трымаем,
Наперадзе яшчэ адзін паход:
Мы — ар’ергард і прыкрываем
Свайго мы пакалення адыход.

Так у маёй душы адгукаюцца тыя падзеі. Цяпер мы старыя, нямоглыя, я сам, да прыкладу, інвалід другой групы. Але справы нашага пакалення, ваенныя і працоўныя, заслугоўваюць павагі.

У адзінаборстве была пераможана фашысцкая Германія, на якую працавала ўся Еўропа, за кароткі час узнята разбураная вайной гаспадарка.

Дзеці вайны, жанчыны і старыя — усе працавалі на перамогу і адраджэнне краіны. Але сёння хочацца гаварыць не толькі пра гэта. Нельга замоўчваць відавочнае: мы, на жаль, прайграем інфармацыйную вайну. Праз 10—15 гадоў нашы праўнукі будуць лічыць, што галоўная роля ў перамозе над фашызмам належыць не савецкаму народу, а нашым саюзнікам.

Таму я прапаную ў “Народнай газеце” і іншых выданнях пастаянна выдзяляць месца для ўспамінаў ветэранаў вайны, якім ёсць што расказаць. Трэба друкаваць дакументы, што сведчаць аб тым, хто і пад чыім кіраўніцтвам здзяйсняў расправы над беларусамі. Можа, тады мы па-іншаму будзем глядзець і на многія сённяшнія падзеі...

Як забыць той час? У 14 гадоў я застаўся адзін. Калі настала горкая часіна, дванаццаць маіх стрыечных братоў, сябры і знаёмыя пайшлі абараняць Радзіму. Я нават напісаў верш пра ўдзел маіх родзічаў у вайне. Усіх узгадваю і раю іншым зрабіць гэта. Абаронцы Айчыны ёсць у кожнай сям’і. Вось і ўспомнім усіх пайменна.

Міхаіл ПАДВОЙСКІ, Асіповічы

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter