Уздзенскiя майстры. Прадукцыю прыватнага унiтарнага прадпрыемства “Уздзенскi кааппрам” ведаюць не толькi ў раёне, але i за яго межамi. Духмяны хлеб, мяккiя булачкi, свежыя тарты i пiрожныя не залежваюцца на прылаўках магазiнаў.

— Сёння мы выпускаем не толькi кандытарскiя i хлебабулачныя, але i макаронныя, i каўбасныя вырабы, — расказвае намеснiк дырэктара па вытворчасцi Валянцiна Чарнавус. — Гадоў сорак таму тут была проста хлебапякарня, а цяпер гэта камбiнат кааператыўнай прамысловасцi. Працуе ў нас больш за 170 чалавек. Аб’ём вытворчасцi расце з году ў год. Працуем кругласутачна, без выхадных. Выпякаем 19 сартоў хлеба, па тры тоны ў суткi. Асаблiвай папулярнасцю карыстаюцца хлеб “Уладзiмiрскi”, “Амадэус”, “Вязынскi”, “Лiтоўскi”, “Наднёманскi” i iншыя.
Есць у мясцовых хлебапёкаў i свой фiрменны чорны заварны хлеб “Уздзенскi” з бульбяной крупкай. Адметнасць яго ў тым, што ён доўга не чарсцвее. Тэхналогiю вырабу распрацаваў дзесяць гадоў таму майстар Алег Шэдаў. Цяпер Алег Пятровiч узначальвае камбiнат.
Кандытарскiх вырабаў прадпрыемства штодзённа выпускае больш за сто вiдаў. Гэта тарты, пiрожныя, кексы, пячэнне, дражэ i г.д. У перадсвяточныя днi, напрыклад, на 8 Сакавiка, Вялiкдзень, Дзень Перамогi яны набываюць адмысловы выгляд — адразу бачна, на якi святочны стол трапiць торт. Выпякаюць тут тарты i спецыяльна для асабiстых святаў — на вяселлi, хрэсьбiны, днi нараджэння.
Ёсць на прадпрыемстве i свой каўбасны цэх. Усяго каўбаснай прадукцыi i вэнджаных вырабаў (а гэта больш за 30 вiдаў) за апошнi месяц адпраўлена спажыўцам 13 тон. I ў iх ёсць свая асаблiвасць. Мяса ў асноўным закупляецца з вясковых падворкаў. А таму ўздзенскiя кумпякi i паляндвiцы маюць непаўторны дамашнi смак.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter