Калі ў кватэры мінчан Таццяны ды Ігара Языковічаў з’явіліся хлопчыкі Саша і Мікіта, іх шматдзетная сям’я стала яшчэ і прыёмнай

Утульны дом для ўсіх

Кацярына Мядзведская

Калі ў кватэры мінчан Таццяны ды Ігара Языковічаў з’явіліся хлопчыкі Саша і Мікіта, іх шматдзетная сям’я стала яшчэ і прыёмнай

children1.pngПераступіўшы парог дома Языковічаў, я нібы трапіла ў кадры з фільма “Аднойчы дваццаць год таму” рэжысёра Юрыя Ягорава. Памятаеце: Наталля Гундарава ў ролі шматдзетнай маці Надзеі Кругловай праводзіць экскурсію па кватэры для гасцей… Вось і мне паказвалі пакоі дзяўчынак, апартаменты хлопцаў. Усяго ж у пяці пакоях мінскай кватэры жывуць, працуюць, вучацца дзевяць чалавек. Двое бацькоў і сямёра дзяцей: двое з іх далучыліся да сям’і два гады таму, сталі яе неад’емнай часткай.

Таццяна Языковіч, маладая, вельмі сімпатычная жанчына, гаворыць, што змалку ўжо ведала: дзяцей у яе будзе шмат. І адзін за другім нарадзіліся Лія, Ілья, Руфь, Ангеліна і Ева. Кожнага, прызнаецца, чакала як вялікі цуд,  кожны для яе — нібы падарунак. І што дзіўна: усе дзеці — сакавіцкія. Малодшая Ева хоць і павінна была з’явіцца на свет у красавіку, ды паспяшалася…

“Бывае, гляжу на дочак: ну прыгажуні ж, адна за другую харашэйшая, — гаворыць Таццяна. — І сын — апора, абаронца. Не ўяўляю нават, як можна было б жыць без кагосьці з іх”. А вырашылі ўзяць на выхаванне яшчэ дваіх хлопчыкаў, бо, з усмешкай кажа яна, “сыну аднаму сярод дзяўчат сумнавата было”. І ўсур’ёз дадае: адчувалі яны з мужам, што іх любові і цеплыні хопіць яшчэ на некалькі сэрцаў. Аднойчы Таццяна з Ігарам прыйшлі ў прытулак Фрунзенскага раёна Мінска, знайшлі “сваіх” хлопчыкаў: аднаго светленькага (падобнага да асабістых дзяцей) Сашу, другога, маленькага, з вялікім сумам у вачах: Мікіту. 

З таго часу ў сям’і Языковічаў стала біцца разам дзевяць сэрцаў. І хоць у перыяд прывыкання бывала ўсякае— усе ж, як кажуць, жывыя людзі — цяпер Таццяна ўпэўнена: “Пяцёра для мяне ўжо мала. І хоць галавой разумею, што дваіх з іх не я нарадзіла, ды сэрцам усё адно іх люблю”.

children2.pngСаша і Мікіта за два гады цалкам адаптаваліся ў сям’і: Таццяну з Ігарам называюць мамай і татам, сёстры з братам для іх як родныя. Аднак і ад так званых біялагічных сем’яў хлопцы не адарваныя. Таму Языковічы з мноства формаў апякунства абралі варыянт прыёмнай сям’і: каб не пазбаўляць дзяцей іх каранёў.  “Мы ў любы момант можам падаць дакументы на ўсынаўленне, — гаворыць Таццяна. — Ды не ставім на мэце цалкам забраць хлопчыкаў: хочам падарыць ім больш шчаслівае дзяцінства, растлумачыць, чаму апынуліся яны ў цяжкім становішчы, загаіць іх душэўныя раны…”

Малодшаму Мікіту цяпер пяць гадоў, Таццяна называе яго няйнакш як: шчасце нашае, залатое дзіця, цуда дзіўнае… Жанчына пісала нават лісты яго сапраўднай маці, якая цяпер у турме, з падзякай за сына. Перапісваецца з ёй і Мікіта. З роднай прабабуляй часта бачыцца. А тая рада, што ўнук трапіў у сям’ю і дзякуе Языковічам: “Сэрца цяпер спакойнае за Мікітку, яму з вамі лепей будзе”. Калі хлопчык жыў у прытулку, восем разоў за год у бальніцы ляжаў, а ў Таццяны з Ігарам за два гады ніводнага разу не хварэў. Цяпер маці кажа пра сына так: “Мікіта падрос, узмужнеў, прыгожы стаў. Многія гавораць, што на мяне падобны…”

А вось другім хлопчыкам, Сашам, ніхто з яго родных не цікавіцца. Хоць Ігар Языковіч некалькі разоў на год ездзіць да яго бацькоў, бабулі, расказвае пра іх нашчадка: як вучыцца ў школе, што займаецца музыкай, спявае ў філармоніі… Увогуле з Сашам было больш складана. У свае восем гадоў, а цяпер яму 10, ён патрабаваў пастаяннай увагі, хадзіў за маці як цень. Увага, пяшчота, клопат зрабілі сваю справу: хлопчык стаў больш упэўненым, моцным. “Усё ў яго атрымліваецца, — гаворыць з гонарам Таццяна. — У школе вучыцца на 8-9 балаў, займаецца спортам, малюе”. Праўда, было на пачатку года непаразуменне: Саша з магазіна ўкраў шакаладку. Моцна ўдарыла гэта па Таццяне. Кажа: “Разумею, калі б не хапала чаго. Дома заўсёды — скрыні з яблыкамі, апельсінамі. Ёсць і цукеркі, і печыва. Навошта было красці?” Жанчыну так уразіў учынак Сашы, што яна, прызнаецца, была гатова апусціць рукі. На дапамогу прыйшоў Ігар, які запэўніў: за ўсіх дзяцей яны будуць змагацца да станоўчага выніку.

Увогуле, гаворыць Таццяна, без мужа нічога б не атрымалася. Ён згадзіўся мець вялікую сям’ю, узяць на выхаванне чужых дзяцей. Ды і ў плане забеспячэння — усё на яго плячах. Акрамя таго, што Ігар, як і яго жонка, працуе “прыёмным бацькам”, ён мае і сваю пасеку — на Віцебшчыне, пад Бягомлем. Мёд — ласунак для дзяцей, а пярга — для ўмацавання імунітэту. І дзеці дапамагаюць бацьку даглядаць пчол, разам на восеньскіх кірмашах прадаюць мёд. Бывае і бартэр: мёд мяняюць на бульбу, моркву ды мяса…

Цікава, весела і творча жыве сям’я Языковічаў: ладзяць балі прынцэс і з’езды юных містараў, разам выязджаюць на экскурсіі, на прыроду, любяць адпачываць на лецішчы. І ў бацькоў да кожнага свой падыход. Старэйшая Лія, напрыклад, грае на піяніна, займаецца валейболам, Ілья мае разрад па плаванні і вучыцца ў спартшколе, калі ёсць настрой — грае на гітары. Дзяўчынкі Руфь і Ангеліна таксама займаюцца музыкай, добра малююць. У Сашы знайшлі талент да спеваў. Малодшыя ж, Ева і Мікіта, пакуль увесь час праводзяць з маці, а яна іх развівае па-свойму: мастак па адукацыі, вучыць бачыць свет праз малюнкі, грае на фартэпіяна. Кожнаму з дзяцей Таццяна прысвячае вершы, афармляе фотаальбомы... Увогуле жанчына хоча зрабіць жыццё дзяцей насычаным, яскравым і вельмі шчаслівым. Яна ўпэўнена: “Трэба цаніць і берагчы тое, што маеш. А для мяне самае вялікае багацце — сям’я і дзеці. І гэта, паверце, многа”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter