Утульны дом для Карлсана

Героі казкі Астрыд Ліндгрэн пасяліліся ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы Мінска
Героі казкі Астрыд Ліндгрэн пасяліліся ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы Мінска.

Пабываць у гасцях у Карлсана, зазірнуць у пакой да Малога, паглядзець тэатралізаванае прадстаўленне ў іх выкананні — усё гэта стала рэчаіснасцю дзякуючы выставе “Карлсан на даху”. Яна адкрылася ў Цэнтральнай гарадской дзіцячай бібліятэцы ў Мінску.

Героі казкі Астрыд Ліндгрэн “прыляцелі” у беларускую сталіцу са стакгольмскага музея дзіцячай культуры “Юнібакен”, дзе яны радавалі дзяцей і дарослых на працягу двух гадоў. Шведскі музей перадаў чарадзейную экспазіцыю ў дарунак беларускім дзецям.

“Наша мэта — стварыць інтэрактыўную гульнёвую выставу, у якой дзеці змогуць прыняць непасрэдны ўдзел, адчуць сябе галоўнымі героямі казкі, а таксама бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Астрыд Ліндгрэн”, — растлумачыла арганізатар выставы Вольга Тамашова.

Пераезд выставы “Карлсан на даху” праводзіўся пры падтрымцы Шведскага інстытута і пасольства Швецыі ў Беларусі. Цяпер выстава будзе пастаянна размяшчацца ў Цэнтральнай гарадской дзіцячай бібліятэцы.

Таццяна Пастушэнка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter