Утаймавальнікі агню

У Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым лагеры “Зубраня” прайшоў шосты Міжнародны злёт маладых выратавальнікаў-пажарнікаў
У Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым лагеры “Зубраня” прайшоў шосты Міжнародны злёт маладых выратавальнікаў-пажарнікаў.

Хлопцы і дзяўчаты з 12 краін спаборнічалі за званне лепшай міжнароднай выратавальнай каманды. Дарэчы, у той жа час на Нарачы праходзіў і 11 Рэспубліканскі злёт, у якім удзельнічалі каманды з усіх абласцей Беларусі. Цэлы тыдзень у лагеры толькі і гаварылі, што пра гэтых мужных юных барацьбітоў з агнём. Паўсюль чуліся замежныя мовы: англійская, нямецкая, балгарская… На злёт упершыню прыязджалі каманды з Азербайджана, ЗША, Швейцарыі. Так што юныя пажарнікі з розных краін пасябравалі ў “Зубрані”, ахвотна абменьваліся значкамі, электроннымі і паштовымі адрасамі. Цяпер яны з упэўненасцю могуць сказаць: у сяброўства няма межаў.

Чый строй раўнейшы і больш зладжаны? Чыя страявая песня больш прыгожая і звонкая? Якая каманда лепш аказвае першую медыцынскую дапамогу? Гэтымі ды іншымі спаборніцтвамі былі напоўнены дні ў лагеры. Маладыя выратавальнікі спаборнічалі, вядома ж, і на паласе перашкод, і ў самым галоўным практыкаванні – тушэнні агню.

У выніку пераможцамі 6 Міжнароднага злёту маладых выратавальнікаў-пажарнікаў сталі члены зборнай каманды Беларусі, другое і трэцяе месцы занялі адпаведна іх равеснікі з Украіны і Расіі.

Уладзімір Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter