Усё вырашыў “класны час”

Ужо некалькi тыдняў запар Генадзь прызначаў спатканнi Алене ў гарадскiм парку. Пасля работы яны, згаварыўшыся, паасобку выходзiлi з будынка райкама партыi, каб сустрэцца праз некалькi хвiлiн...

Ужо некалькi тыдняў запар Генадзь прызначаў спатканнi Алене ў гарадскiм парку. Пасля работы яны, згаварыўшыся, паасобку выходзiлi з будынка райкама партыi, каб сустрэцца праз некалькi хвiлiн...

Восенню змрок хутка апускаецца на зямлю. Яны спадзявалiся, што там iх знаёмыя не сустрэнуць, а калi i сустрэнуць, то не пазнаюць. Але куды пайсцi маладым у такiм гарадку, як Дзяржынск, калi не ў парк? I з iмi вiталiся амаль на кожным кроку, часам загадкава падмiргваючы закаханым. Нарэшце Генадзю гэта надакучыла, i ён прапанаваў дзяўчыне перанесцi спатканнi на гарадскi стадыён. Думалася, што ўжо там вечарам нiкога не будзе... — А цi доўга яшчэ вы будзеце выпiсваць кругi на стадыёне? — аднойчы спытала сяброўка ў Алены. — Кiньце хавацца, пара вяселле гуляць! I сапраўды, як можна было захаваць свае адносiны ў таямнiцы ў невялiкiм райцэнтры? Ледзь не кожны жыхар Дзяржынска ведаў iх, што называецца, у твар. I Алена, i Генадзь павiнны былi быць прыкладам для iншых. I асаблiва ў сваiх адносiнах адзiн да аднаго. У Генадзя Курневiча была свая кватэра. Там i сталi жыць маладыя пасля вяселля. А вяселле гулялi гучна ў рэстаране, дзе сабралiся i родныя, i калегi па рабоце. Гараджане жартавалi: “Хутка “Iнтэрнацыянал” заспяваюць...” — Маё знаёмства з мужам, мне здаецца, не было выпадковым, — гаворыць Алена Раманаўна. — Напэўна, гэта лёс. Каб не прыйшла я тады працаваць у раённы камiтэт партыi, хто ведае, як бы было... Я скончыла iнстытут, выкладала гiсторыю ў школе. Жыла з бацькамi. Мацi працавала ў банку, бацька ўзначальваў калгас. Мелi сваю гаспадарку — карову, свiней... Яшчэ была ў мяне цётка, якая не мела сваiх дзяцей i таму, мусiць, вельмi любiла мяне. Сама шыла для мяне спаднiцы, сукенкi, ды так добра, што бацькi маiх вучняў прыходзiлi ў школу, каб на iх паглядзець, пераняць фасон. Я з самага пачатку прывыкла так жыць — лёгка, асаблiва нi пра што не задумваючыся. Таму i замужжа нiякага не хацела, хоць даўно ўжо была дзяўчынай “на выданне”. Кожны год я ездзiла адпачываць на мора. Была на Каўказе, у Крыме. Там жыла на кватэрах у знаёмых. Лятала туды толькi на самалёце. Была i ў мiжнародным круiзе па Чорным моры. Пабывала ў Турцыi, Румынii, Балгарыi. Зразумела, шмат сяброў у мяне з’явiлася. У Севастопалi — марскi афiцэр. Прыгажун быў! Ён прызначыў мне спатканне на наступны дзень. Хацелася мне выглядаць як найлепей. А раптам... Апранула я бялюткую сукенку, такiя ж басаножкi. Зрабiла прыгожую прычоску, папырскала валасы залацiстым лакам. Спаткацца збiралiся ў цэнтры горада, а я жыла на другiм беразе залiва. Прыйшла на прыстань, адтуль паром адыходзiў. I тут знянацку дождж лiнуў. Пацяклi i лак, i чорная туш з пафарбаваных вачэй на белую сукенку. Куды ж я такая пайду? Так спатканне i не адбылося. Значыць, не лёс... Пасля адпускных прыгод Алена Раманаўна зноў вярнулася да сваёй любiмай работы. Аднойчы ў раён прыехала праверка з Цэнтральнага Камiтэта Кампартыi рэспублiкi. Гэта быў сапраўдны перапалох. Завiталi ў школу, ды якраз пад канец дня, калi ў раскладзе застаўся толькi “класны час”, якi праводзiла Алена. Да яе прыйшлi. Урок на маральна-этычную тэму Алена Раманаўна правяла выдатна. Жанчыне з правяраючых, якая на iм прысутнiчала, ён вельмi спадабаўся, i тая выказала сваё меркаванне пра гэта ў райкаме партыi. Для сакратара райкама думка такой асобы была па тым часае абавязковай рэкамендацыяй. Можна сказаць, што Алену з гэтага дня заўважылi. Але была яна тады яшчэ толькi кандыдатам у члены КПБ... Праз пэўны час сакратар райкама партыi па iдэалогii выклiкаў Алену да сябе i прапанаваў: — Трэба, каб вы папрацавалi дырэктарам школы ў вёсцы Старынкi. Алена тады адразу згоды не дала. Нават не ведала, дзе тая вёска знаходзiцца, лiчыла, што ранавата яшчэ ёй кiраваць калектывам, вельмi мала папрацавала настаўнiцай. Прайшло два тыднi. I зноў яе выклiкаюць у райкам. — Пойдзеце працаваць да нас у аддзел прапаганды i агiтацыi! — на гэты раз голас сакратара гучаў безапеляцыйна. — Калi адмовiцеся, у партыю не прымем! Узрушанай прыбегла Алена дадому. Думала, перажывала, хвалявалася. Але бацька ёй растлумачыў, што партыйныя даручэннi не абмяркоўваюцца, а выконваюцца. На той час у арганiзацыйным аддзеле райкама партыi працаваў iнструктарам i Генадзь Курневiч. Прыгожы, статны малады чалавек. Многiя дзяўчаты ў горадзе марылi б выйсцi за яго замуж. Але ён яшчэ не зрабiў свой выбар, хоць было яму 28 гадоў. Работнiк партыйнага апарату павiнен быць прыкладам ва ўсiм. У тым лiку i ў сямейным жыццi. Мусiць, невыпадкова напярэдаднi чарговага Новага года ў кабiнет да Алены завiтаў другi сакратар райкама партыi. — Дзе вы будзеце святкаваць? — спытаў. Алена страпянулася. З чаго б гэта? Жанаты, а цiкавiцца. — Дома з бацькамi, — адказала. — I ўсё? — здзiвiўся той. — Гэта ж сумна! — Можа, i так. Але ж Новы год — сямейнае свята. — А вы, Алена, запрасiлi б каго. Маладых хлопцаў у нас многа. Напрыклад, Бiрукоў. — Ён мне ў школе надакучыў за дзесяць гадоў. Я з iм вучылася... — Тады — Курневiча. На тое свята яна Генадзя не запрасiла, але яны сталi сустракацца надзвычай часта. Курневiч усё часцей заходзiў у кабiнет Алены. То пагаворыць пра партыйныя справы, то пра жыццё. А праз якi час запрасiў на першае спатканне... — Мы жылi тады адной справай, адной iдэяй, — успамiнае Алена Раманаўна. — Разам ездзiлi на партыйныя сходы ў пярвiчкi, удзельнiчалi ў семiнарах, выступалi з лекцыямi... Гэта вельмi згуртоўвала. Наша каханне не было б поўным, калi б не сяброўства, таварыства, агульныя iнтарэсы. Iмi i жывём ужо амаль трыццаць гадоў. Праўда, цяпер працуем паасобку. Муж кiруе раённай газетай, а я, хоць i на пенсii, працую ў iдэалагiчным аддзеле Дзяржынскага райвыканкама. Вiдаць, вопыт мой усё яшчэ патрэбны. Выгадавалi мы двух сыноў. Яны пакуль што не ажанiлiся. Думаю, што хутка халасцяцкае жыццё iм надакучыць, i наша сям’я стане яшчэ большай. ...Жыццё — цiкавая рэч. Нiхто не можа ведаць, куды завядуць нас яго пуцявiны. Як, дарэчы, i пуцявiны кахання. Бо каханне — гэта невядомая краiна, у якую кожны з нас плыве на сваiм караблi пад ветразямi пачуццяў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter