Усё ў вясёлкавым святле

Ці ўдасца круглянскай майстрысе адрадзіць забытае рамяство пляцення паясоў на беларускай зямлі?Ларыса Міхайлаўна Лямцава лічыць, што ёй вельмі пашчасціла: пасля пераезду з сям’ёй з Крычава ў раённы цэнтр Круглае для яе адразу знайшлася праца. У доме рамёстваў шукалі чалавека, які ўмеў бы ткаць на кроснах. Асвоіць рарытэтныя прылады працы жанчыне было няцяжка: як-ніяк Лямцава — ткачыха па спецыяльнасці.

Аднойчы, гартаючы часопісы, цяпер ужо метадыст-майстар Круглянскага раённага дома рамёстваў Ларыса Лямцава ўбачыла схему пляцення просценькага паяска. І загарэлася ідэяй паўтарыць узор. Усё атрымалася з першага разу. Напэўна, тады і ўзнікла жаданне заняцца адраджэннем рамяства, якое ў свой час працвітала ў Магілёўскай губерні. Ларыса Лямцава аказалася першай у вобласці, хто ўдыхнуў жыццё ў забыты промысел.
Зразумела, давялося праглядзець дзесяткі кніг і часопісаў у пошуках патрэбнай інфармацыі. Па знойдзеных апісаннях майстрыха вывучала тонкасці пляцення яркіх каляровых паясоў. Дзякуючы кніжкам, якія да гэтага часу пыліліся на паліцах бібліятэкі, жанчына асвоіла тэхніку запраўкі ніткі ў дошчачкі і бёрды — няхітрыя прыстасаванні майстра, які працуе над стварэннем пояса. А калі першыя поспехі былі ацэнены калегамі па працы, вырашыла навучыцца рабіць сваімі рукамі яшчэ больш складаныя канструкцыі — рамачкі з адтулінамі і проразямі для пляцення паясоў, якія дапамагалі ткаць непаўторныя вырабы.
Такіх прыстасаванняў у круглянскай майстрыхі цяпер нямала — і для вузкіх, і для шырокіх паясоў са складанымі ўзорамі. Лямцава пляце іх на дошчачках з тоўстага кардону, без уточнай ніткі, дзякуючы чаму атрымліваецца саржавае палатно.
— Пояс са складаным рознакаляровым малюнкам “высядзець” трэба, — прыадкрывае тонкасці захапляючай справы майстрыха. — І тут ужо трэба запасціся цярпеннем і часам. Ёсць паясы, якія ствараюцца за тры гадзіны, а над некаторымі даводзіцца варажыць некалькі дзён. Шарсцяную пражу, а гэта аснова паясоў, купляю ў магазіне — заўсёды шукаю кручаныя і рыхлыя ніткі. Калі бяруся за працу, супакойваюся і збіраюся з думкамі, таму што трэба засяродзіцца, быць уважлівай.
Майстрыха падыходзіць да рамкі з запраўленымі ў яе ніткамі бардовага і белага колераў:
— Ведаеце, што гэта за пояс? Такі ж знаходзіцца ў адным з музеяў Санкт-Пецярбурга. У свой час ён трапіў у Расію з Чавускага раёна. Хачу, каб і ў Круглянскім доме рамёстваў з’явіўся аналаг, — дзеліцца жанчына. — Ды і цікава: ці ўдасца мне гэта зрабіць?
Ларыса Міхайлаўна дастае свае вырабы, вешае іх на руку. Паясы такія яркія, што ад іх немагчыма адарваць вачэй! Усё, да чаго прыклала руку гэта жанчына, радуе не толькі мудрагелістымі ўзорамі, але і гармоніяй колеру, якая гучыць, быццам музыка.
— Калі мы былі на выставе-кірмашы ў Бабруйску, нашы вырабы купілі дзве юныя модніцы з Казахстана, — хваліцца майстрыха. — Расплаціліся і адразу заправілі яркія паяскі замест раменьчыкаў у джынсы. Сказалі, што гэта вельмі прыгожа!
Але такое хутчэй рэдкасць. Майстар стварае свае вырабы на будучае. І робіць гэта дзеля таго, каб не знікала унікальнае рамяство, каб хто-небудзь з дзяцей, што цяпер наведваюць гурток, заняткі ў якім вядзе Ларыса Міхайлаўна, маглі і праз дзесяткі гадоў аднавіць тое, чаму іх навучылі ў дзяцінстве.
— А раней жа, — з некаторым сумам заўважае Лямцава, — ніхто нават на вуліцу не выходзіў без такога пояса...
Сёння ж вырабы майстрыхі ўсё больш па выставах ды кірмашах качуюць. І нязменна выклікаюць цікавасць і захапленне ў тых, хто іх бачыць. Зараз у Магілёве ў абласным мастацкім музеі імя Масленікава праходзіць выстава, дзе можна палюбавацца мужчынскім і жаночым нацыянальным строем, зробленым рукамі круглянскіх майстрых. Работы занялі другое месца ў абласным конкурсе. Ёсць і іншыя ўзнагароды. А зараз Ларыса Міхайлаўна рыхтуе свае работы на конкурс, які пройдзе ў Маскве.
Лямцавай у некаторым сэнсе ўдалося “расшавяліць” музейных работнікаў. Сёння яркія беларускія паясы вырабляюць і супрацоўнікі Магілёўскага музея этнаграфіі, спецыялісты якога прыязджалі ў Круглае, каб пераняць у майстрыхі вопыт. І ў доме рамёстваў ў Касцюковічах адраджаюць забытае рамяство. Праўда, касцюковіцкі майстар вучылася гэтаму ў Расіі. Яе вырабы адрозніваюцца ад круглянскіх больш багатай палітрай. А для Беларусі традыцыйныя ў паясах тры колеры — чорны, белы і чырвоны, часам паяўляўся сіні, зялёны і жоўты, рэдка фіялетавы.
Да захаплення Ларысы Міхайлаўны дамашнія ставяцца з разуменнем. Пры гэтым яна не адзіны майстра на ўсе рукі ў сваёй сям’і. Трое сыноў Лямцавых — двайняты Саша і Валера, а таксама малодшы Юра захапіліся бісерапляценнем. Вырабляюць прыгожыя бірулькі з дробных пацерак. Нават муж майстрыхі Станіслаў Васільевіч — ветфельчар Круглянскай раённай ветэрынарнай станцыі, вечарамі з захапленнем вырабляе дрэвы з бісеру і паетак.
А гаспадыня стварае яшчэ і ўпрыгажэнні, у якіх не сорамна ў свет выйсці. Вытанчаныя падвескі і калье выкананы выдатна, яны падыдуць да любога элегантнага ўбору!
Інтарэсы Ларысы Міхайлаўны настолькі рознабаковыя, што дзівішся, як шмат дадзена чалавеку! Майстрыха не толькі вяжа і вышывае, пляце паясы, але з’яўляецца яшчэ і аўтарам унікальнай калекцыі лялек з тканіны. Вось бы многія дзяўчынкі пазайздросцілі, убачыўшы лялек і іх уборы, створаныя Ларысай Лямцавай!
— Многія людзі працуюць і маюць нейкае захапленне для душы. А мне за яго яшчэ грошы плацяць, таму што маё хобі — гэта мая праца, — шчасліва ўсміхаецца прыгожая жанчына.
— А вам па сілах паўтарыць слуцкі пояс?
— Зразумела, па сілах! Там складанейшы малюнак, які быў вытканы мужчынамі. Да таго ж рабілі гэтыя паясы з залатой і сярэбранай ніткай, паколькі іх насіла знаць. Наколькі мне вядома, тэхналогія ўзору дагэтуль так і не разгадана. Мне б вельмі хацелася, каб мае вырабы не пыліліся ў чаканні чарговай выставы, а каб іх актыўна выкарыстоўвалі ў ансамблях адзення нашы сучаснікі, — выказала сваё пажаданне Ларыса Лямцава.
Няхай так і будзе...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter