«Усё пачынаецца з любві…»

Піншчына адзначыла 65-ю гадавіну нараджэння Яўгеніі Янішчыц

Піншчына адзначыла чарговую гадавіну нараджэння Яўгеніі Янішчыц

65 год таму на свет з’явілася адна з самых вядомых беларускіх паэтак 80-х Яўгенія ЯНІШЧЫЦ (на здымку). З’явілася, каб падарыць роднай краіне і сусветнай літаратуры сваю душу. У вершах Янішчыц — каханне і адчай, радасць і смутак… Яе геній і сёння, нават праз дваццаць пяць гадоў пасля адыходу ў Вечнасць, натхняе ўсіх, хто цікавіцца паэзіяй і родным словам.

У дзень нара¬джэння пісьменніцы ў Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы аматараў мастацкага слова сабрала свята паэзіі «У вянок памяці Яўгеніі Янішчыц». Працавалі кніжныя выставы, вядомыя госці і мясцовыя літаратары прысвячалі свае творы памяці славутай зямлячкі.

Пасля сустрэчы ў Пінску госці свята накіраваліся ў вёску Рудка. Тут і сёння можна ўбачыць тую самую хату, у якой нарадзілася і жыла Яўгенія Янішчыц. Цяпер тут гаспадараць зусім іншыя людзі, ды і сам дамок, вельмі сціплы, нічым не адрозніваецца ад суседніх. Акрамя мемарыяльнай дошкі на адной са сцен. Менавіта да гэтага памятнага знака — адзінага, што нагадвае аднавяскоўцам пра паэтку, — леглі ў гэты дзень кветкі ад яе землякоў.

Наступным прыпынкам на шляху біяграфіі Яўгеніі Янішчыц стала суседняя вёска Парэчча, а менавіта мясцовая базавая школа. Гэту навучальную ўстанову наведвала будучы літаратар. Менавіта тут яна спрабавала сябе ў напісанні вершаў. Былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Антаніна Сідарук гаворыць, што атмасфера тых часоў спрыяла творчасці, і ў школе тады дзейнічалі адразу два літаратурныя гурткі. Вынік заняткаў у іх настаўніца Яўгеніі Янішчыц дэманструе сёння ў музеі паэткі, якім загадвае працяглы час. Тут сабраны не толькі рукапісныя зборнікі з вершамі маладой Янішчыц — Антаніна Сідарук дбайна захоўвае ўсё, што тычыцца біяграфіі яе вядомай вучаніцы. Такім чынам у зборах музея апынуліся амаль паўтары тысячы экспанатаў, сярод якіх і асабістыя рэчы паэткі.

Мясцовыя жыхары дагэтуль прыгадваюць, наколькі ашаламляльнай была навіна пра гібель Яўгеніі Янішчыц. Літаральна за тыдзень яна наведала родныя мясціны, а перад гэтым — засялілася ў новую мінскую кватэру.

Яўгенія Янішчыц аставіла ўсім нам цэлых сем зборнікаў цудоўнай жаночай паэзіі. І ў кожным вершы — часціца цяпла душы той, што любіла, што была найлепшай у свеце дачкой і жонкай. Якая сваім словам старалася агарнуць кожнага. Яўгенія Янішчыц даказала: паэт — гэта той, хто ўсю любоў сваю аддае іншым.

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Сто дарог за маімі плячыма.

Пачынаецца ўсё з любві,

А інакш і жыць немагчыма…

Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...