
Андрэй ВАРАБ’ЁЎ: «Праца ў майстэрні не прыпыняецца і ў святы».
Андрэй адзначае: час пампезных манументальных выяў застаўся ў мінулым. А папулярнасць камерных скульптур растлумачыць можна тым, што ў іх крыецца душа горада. Паліцы з бюстамі, маскамі, загадкавымі формамі. Эйфелева вежа з пластыліну. Якім чынам копія парыжскай славутасці трапіла ў студыю Вараб’ёва? Майстар тлумачыць: на стварэнне кампазіцыі яго натхніла творчасць Марка Шагала. Фантазія на тэму кахання, вечнасці і таленту — адразу ў двух памерах. Дарэчы, тэхналогіі стварэння скульптур менавіта так і працуюць.

Фантазіі на тэму работ ШАГАЛА існуюць у розных памерах.
– З гэтых выяў (пасля абавязковага малюнка, зразумела) пачыналася скульптура Яго і Яе, што ўстаноўлена ў снежні на месцы спаткання магіляўчан — ля фантана, — маленькая фігурка пластылінавай пары змяшчаецца на далоні майстра. — Тут падобны варыянт, але большага памеру. А вось хлопец і дзяўчына «падраслі» яшчэ больш і стаяць ужо паасобку. «Двайнікоў» пры гэтым няма — з кожным разам скульптар удасканальвае сваё тварэнне. Бо калі на змену пластыліну прыйдзе гіпс, унесці новыя штрыхі ўжо будзе немагчыма. А ў якасці асноўнага матэрыялу для сваіх статуй ён аддае перавагу бронзе:

У работ майстра свая філасофія.
— Яна жывая, эфектная. Перадае ўсе асаблівасці чалавечага цела і, адпаведна, настрою. Да таго ж з бронзай можна эксперыментаваць — да прыкладу, наконт адзення герояў, як у той жа пары закаханых ля фантана, — прыадчыніў заслону мастацкіх таямніц Андрэй Вараб’ёў.
Адначасова Вараб’ёў працуе яшчэ над адной статуяй — пажарнага ў форме XIX стагоддзя. Месца ёй вызначана на завулку, што носіць назву Пажарны. І гэта далёка не ўсе задумкі майстра, якія пакуль існуюць у малюнках, малых формах альбо ў ідэях. Праца ў майстэрні не прыпыняецца ні ў будні, ні ў святы. Час ад часу сюды заходзяць калегі і знакамітасці. Магілёўскі скульптар прымаў тут нават паэта Ігара Губермана і дрэсіроўшчыка Эдгарда Запашнага! А землякі не так даўно атрымалі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю Андрэя ў яго асабістай галерэі, якая была адкрыта ў Магілёве. Калі вулічныя вобразы майстра больш зразумелыя для шырокай публікі, то выставачныя варыянты маюць глыбокую філасофію і шматгранны сэнс. Цікава, што ў многіх работах угадваецца аблічча самога майстра. Хаця кожная мае назву, па якой можна здагадацца, што менавіта хацеў сказаць аўтар. Надаць сваё гучанне скульптурам мае права і сам глядач. Зазірнуць у замочную шчыліну, задумацца аб імклівасці і шматграннасці жыцця. А яшчэ аб тым, што ў кожным з нас да веку хаваецца дзіця. Магчыма, таму і многія з падзей мы ўспрымаем душой, а не толькі прагматычным розумам?..

За работай над ільвамі сачыў сам ЗАПАШНЫ.

Са скульптурамі можна і сфатаграфавацца.
markova@sb.byФота аўтара і Галіны ХІТРЫКАВАЙ.