Уся справа ў капелюшы.

Каб задаўся хто мэтай сабраць поўную калекцыю саламяных твораў палескага майстра з Піншчыны Феафана Северына, іх давялося б шукаць па ўсім свеце.

Дыхтоўная хата Севярынаў, пафарбаваная ў прыгожы сонечна-жоўты колер, месціцца акурат на ўездзе ў вёску, усім сваім выглядам нібы даводзячы кожнаму, хто праз Малую Вульку кіруецца, што жывуць тут людзі гаспадарлівыя.

У Вульцы Феафан Фаміч і нарадзіўся. Метраў колькі ўбок некалі дзедава жытло стаяла, побач — бацькоўскае, пазней і свой будыначак змайстраваў. Увесь род, кажа, на гэтым месцы ўзгадаваўся.
У вайну ўсю сям’ю — бацьку, бабулю, маці, браціка і сястрычку — вывезлі ў Нямеччыну. Там 12-гадоваму паўгалоднаму Феафану па 10 гадзін даводзілася прастойваць ля такарнага станка на заводзе.
Вярнуліся на пустэчу. Каб з нечага пачаць гаспадарку, зараблялі хто як мог. Хлопчыкі хадзілі ў суседнія вёскі малаціць цапамі жыта, пасвілі скацінку, адным словам, усе стараліся неяк выжыць.
Плесці з саломы, узгадвае, пачаў ад неабходнасці — шапку купіць не было за што, а галаву ў спёку пакрыць трэба. Пайшоў тады малы Фаня да дзеда Мікіты па навуку — той быў вядомым на ўсю акругу майстрам саломапляцення. І разважыў: мабыць, нічога няма мудрагелістага ў тым, каб і сабе навучыцца. І сапраўды, няхітрую стужачку засвоіў хутка.
— Ведаеце, работа гэта дастаткова нудная, патрэбна ўседлівасць. Ну а пакуль пасеш статак, дык мусіш нечым займацца. Вось і спрабаваў, — расказвае Феафан Фаміч. — На капялюш пляцёнка патрэбна доўгая — сем-восем сажняў. Цярпення ў нас, хлапчукоў, шчыра кажучы, не вельмі хапала: метр-другі зробіш, дый кінеш...
Вярнуўся ён да засвоенага некалі рамяства ўжо ў досыць сур’ёзным узросце. Тады пасля заканчэння Маскоўскай ветэрынарнай акадэміі працаваў ветурачом у мясцовым калгасе. На ўчастку — сем вёсак. З аднаго канца ў другі — 30 кіламетраў. Работы шмат было не толькі з калгасным статкам, але і ў гаспадарках вяскоўцаў — не адмаўляў нікому: і ў выхадныя, і ўначы даводзілася на дапамогу спяшацца. Але і для колішняга захаплення гадзіну-другую знаходзіў. Першы капялюш больш як 30 гадоў таму зрабіў для каханай жонкі. Ева Ануфрыеўна і цяпер яго беражліва захоўвае. Але не ў куфары трымае — надзявае, у агарод выходзячы. Потым, кажа, памыю ў вадзе, высахне — і зноў як новы.
Усур’ёз заняўся саламянай справай Севярын, калі пайшоў на пенсію, адпрацаваўшы ў калгасе ні многа ні мала 40 гадкоў. Суседу-другому капялюш сплёў, потым і сур’ёзныя заказы пачалі паступаць. Едуць дзеткі на аздараўленне за мяжу — з сабою сувенір ад дзеда Феафана вязуць. Дый многія фальклорныя гурты вобласці ў Феафанавых уборах на сцэне красуюцца. Ён, бадай, на ўсёй Брэстчыне адзіны такі майстар-капялюшнік і ёсць.
— Зараз я і не падлічу, колькі іх зрабіў, — прызнаецца шчыра. — Ёсць мае капелюшы і ў Амерыцы, і ў Францыі, і ў Германіі, у Італіі, ва Украіне, нават у Аўстраліі. Наш зямляк туды трапіў пасля вайны, дык папрасіў унука з роднай пінскай вёсачкі прывітанне прывезці.
Некаторы час Феафан Фаміч вёў дзіцячы гурток — выкладаў малым асновы майстэрства. На жаль, кажа, пасля школы усе мае 12 выхаванцаў разляцеліся хто куды. Ды і школу ў Малой Вульцы закрылі: пяцёра дзетак возяць у суседнюю вёску.
— Атрымліваецца, што цудоўнае рамяство і перадаць няма каму?
— Не, тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, што навучыліся, рамяство не забудуць. Некаторыя нават і вельмі добра ўрокі засвоілі. Я думаю, некалі прыйдзе час, і яны ўспомняць усё. Забудзецца толькі ў лайдака. Ды салома яшчэ і матэрыял такі, што, здаецца, цеплыню ўвабранага сонца рукам майстра перадае. І душа радуецца.
Майстар і зараз не супраць падзяліцца сваімі сакрэтамі. Салома, звяртае ўвагу, для гэтага найлепшая патрэбна. Некалі проста на падворку шумела ўласнае жытнёвае поле. Цяпер дамаўляецца з калгасным аграномам — каласкі аддае, сцябліну ў работу пускае. Для работы падыходзіць, дарэчы, толькі жытнёвая. Да таго ж трэба яе ўзяць своечасова — калі дойдзе колас да малочна-васковай спеласці. Тады яна моцная і  эластычная. Такую і на зіму нарыхтоўвае. Найперш трэба саломку прасушыць, адсартаваць па даўжыні і таўшчыні, пучкі павесіць на вышках, каб мышы не дасталі.
А доўгімі зімовымі вечарамі, калі за акном завіруха, — самая работа. Замочваюцца залацістыя сцяблінкі ў вадзе, потым іх трэба загарнуць у анучку — каб не так хутка сохлі. І — пляці ва ўласнае задавальненне.
Трэба, каб сцяблінак абавязкова была няцотная колькасць. Найлепш — сем. Пляцецца ж — нібы дзявочая каса. Калі не адкладваць справу, дык на адзін капялюш два добрыя працоўныя дні ідзе — 12 метраў трэба сплесці. Потым пляцёнка добра адпрасоўваецца, каб стужачка была плоская. Цяпер час сшываць. Усё робіцца рукамі. А спрактыкаванае вока падказвае памер. Зрэшты, кажа Феафан Фаміч, матэрыял жывы, так што і адрэгуляваць потым можна.
Пры гэтым яшчэ і модзе адпавядаць стараецца: жанчыны любяць, каб палі ўніз глядзелі, мужчыны ж аддаюць перевагу загнутым да верху, ну а ў каго твар шырокі — дык і палі адпаведныя быць павінны, каб прыхаваць недахопы.
Ева Ануфрыеўна да захаплення мужа ставіцца без энтузіязму: навошта гэта, кажа, табе, лепш справай займіся. Каб не гнявіць жонку, абяцае кінуць. А потым не вытрымлівае і зноў лезе на вышкі за наступным пучком залацістых сцяблінак.
З вялікім задавальненнем ён наведвае ўсе святы, якія толькі на Брэстчыне адбываюцца. Такога адметнага тавару — капелюшоў ды картузаў — больш ні ў кога няма. У Лунінцы на “Дажынках”, кажа, нават скралі адзін — мабыць, вельмі спадабаўся. Цяпер чакае запрашэння на чарговыя абласныя “Дажынкі”, што сёлета адбудуцца ў Бярозе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter