Усведамленне асобы

Беларусь і дыяспара шырока ўшанавалі памяць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
Беларусь і дыяспара шырока ўшанавалі памяць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Першы том збору твораў пісьменнікаЯк вядома, у спісе памятных дат ЮНЕСКА на 2008 год імя аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча суседнічае з такімі карыфеямі, як Роберт Бёрнс, Мікалай Гогаль, Фрыдрых Шылер. Асноўныя юбілейныя ўрачыстасці пачаліся ў дзень нараджэння пісьменніка, 4 лютага, прадстаўнічым вечарам у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Пра асноўныя вехі жыцця і творчасці юбіляра расказаў кандыдат філалагічных навук Язэп Янушкевіч. Ён жа прадставіў прысутным нашчадкаў Дуніна-Марцінкевіча — яны прыехалі з Польшчы. З іх слова ўзяў Станіслаў Плаўскі. “Толькі тут, — сказаў ён, — мы пераканаліся, якім вялікім чалавекам быў наш прадзядуля”. Выступілі англійская паэтэса Вера Рыч, якая пераклала на сваю родную мову камедыю “Пінская шляхта”, паэт Віктар Шніп, мастак Фёдар Ястраб.

У час вечара прэзентаваўся мультымедыйны дыск “Жыве паміж намі дудар наш”. На ім — бібліяграфія твораў Дуніна-Марцінкевіча і публікацый пра яго жыццё і творчасць. Дзейнічала таксама выстава кніг і іншых публікацый з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі. Асаблівую ўвагу прыцягвалі прыжыццёвыя выданні твораў пісьменніка: “Ідылія”, “Гапон”, “Дудар Беларускі, або Усяго пакрысе” і іншыя. Адсутнічала толькі канфіскаваная першая “быліца” з перакладу паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, якой у свеце захаваліся ўсяго чатыры экземпляры.

Два дні звыш 50 навукоўцаў працавалі на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у еўрапейскім кантэксце”, арганізаванай Нацыянальнай акадэміяй навук, Нацыянальнай камісіяй па справах ЮНЕСКА і Міністэрствам культуры Беларусі. Разглядалася творчая спадчына пісьменніка ў самых розных аспектах: асоба аўтара, яго традыцыі, паэтыка, еўрапейскі і нацыянальны кантэкст. Яе ўдзельнікі звярнуліся ў адпаведныя органы з прапановамі: адбудаваць былы дом пісьменніка ў Люцынцы Валожынскага раёна; устанавіць у Мінску, у скверы каля Ратушы, групавы помнік В. Дуніну-Марцінкевічу і яго паплечнікам — Станіславу Манюшку і Уладзіміру Сыракомлі; надаць імя песняра канцэртнай зале ў гасцініцы “Еўропа”, якая стаіць на месцы колішняга гарадскога тэатра, дзе ў 1852 годзе дэбютавала марцінкевічаўская “Ідылія”.

Удзельнікі канферэнцыі наведалі Бабруйск, каля якога, у фальварку Панюшкавічы, нарадзіўся пясняр, а таксама Валожынскі раён. Былі ўскладзены кветкі на магілу пісьменніка ў Тупальшчыне, да памятнага знака яму ў Люцынцы. А ў Пяршаях гасцей чакаў вялікі канцэрт.

Не засталося ўбаку ад свята і духавенства. У бабруйскім парафіяльным касцёле, дзе хрысцілі будучага песняра, адкрыта мемарыяльная дошка (аўтар барэльефа Валяр’ян Янушкевіч), яе асвяціў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Імша за яго памяць адбылася ў мінскім касцёле святога Роха, дзе хрысцілі ўсіх дзяцей пісьменніка.

Да 200-годдзя з дня нараджэння В. Дуніна-Марцінкевіча далучылася беларуская дыяспара. Як паведаміла беластоцкая “Ніва”, сёлетняя, ХІV па ліку, польская Алімпіяда па беларускай мове праходзіць “пад знакам Марцінкевіча”. У пісьмовых работах і вусных адказах вучні Бельска, Беластока, Гайнаўкі і іншых гарадоў і вёсак расказваюць пра яго біяграфію, аналізуюць творчасць. Адзначылі юбілей і навучэнцы Беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны ў Вільнюсе.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter