Успаміны — у фотаздымках

Фотавыстава Сяргея Ждановіча і Алега Пятрова праходзіць у галерэі мінскага касцёла Св. Сымона і Алены
Фотавыстава Сяргея Ждановіча і Алега Пятрова праходзіць у галерэі мінскага касцёла Св. Сымона і Алены.

Некаторыя старонкі з “Польскага дзённіка”Абодва аўтары — беларускія фатографы, члены творчага саюза “Фотамастацтва”. Ждановіч (ён яшчэ і мастак) жыве і працуе ў Мінску, Пятроў — у Гродне. За плячыма кожнага — некалькі персанальных выстаў у Беларусі і за мяжой. Сяргей Ждановіч з’яўляецца аўтарам шматлікіх арт-праектаў. Алег Пятроў — супрацоўнік народнага фотаклуба “Гродна”, удзельнік міжнародных плэнераў.
Іх фотатворчасць — гэта пошук. Яны не абмяжоўваюцца фіксацыяй мясцін, гарадоў, людзей, а спрабуюць увасобіць у фотаздымках уласныя ўспаміны, пачуцці. Праект “Польскі дзённік” не выключэнне. Сама назва — дзённік — гаворыць пра занатоўванне патаемных пачуццяў, думак, успамінаў, мараў. Работы, прадстаўленыя на выставе, прывезены з паездак у польскія гарады і прысвечаны храмаваму дойлідству Польшчы. Тут іх, выкананых у чорна-белым стылі, выстаўлена ля паўсотні.

Серыя Алега Пятрова “Кракаў” нарадзілася пасля паездкі ў гэтую старажытную сталіцу Польшчы, багатую на помнікі архітэктуры. А яшчэ на невялікія дэталі, што ўпіваюцца ў памяць. Такой дэталлю для Пятрова сталі кракаўскія ліхтары. Іх шмат у яго работах: над дарогай, пад дахам будынка, у пераходзе… Дарэчы, пераходы, асабліва аркападобнай формы, нараўне з храмамі — асноўныя аб’екты на здымках Алега Пятрова. Цікавыя ракурсы і месцы здымак. З-за вугла, калі адкрываецца толькі частка аб’екта, і ў тым ёсць нейкая таямнічасць, загадкавасць. Ці з ніжняй кропкі, калі храмы выцягваюцца і глядзяць на нас з вышыні з яшчэ большай велічнасцю.

Серыя Сяргея Ждановіча “Захоўваючы маўчанне”, на першы погляд, пазбаўлена жыцця. Амаль на ўсіх яго фотаздымках — скульптуры анёлаў з касцёлаў Вроцлава, Гданьска, Познані, Любліна і іншых гарадоў. І ні адной жывой істоты, а на фотаздымках — сур’ёзнасць, дакументальнасць. Але ж архітэктура — гэта таксама гук, жыццё, якія проста спыніліся на хвіліну. Вось анёл паднёс пальчык да твару, просячы нас крыху памаўчаць, быццам намерваецца сам штосьці сказаць. А другі — прысеў на каменьчык, каб, трохі адпачыўшы, зноў узляцець.

Сяргей Ждановіч — майстар светлаценевых эфектаў. Трэба быць таленавітым імпрэсіяністам, каб, злавіўшы маленькі прамень, стварыць на фотапаперы сапраўдны шэдэўр, поўны пачуццяў і душэўных перажыванняў.

У нейкім сэнсе работы, што прадстаўлены на выставе, — гэта каштоўныя трафеі, прывезеныя фатографамі з паездак у польскія гарады. Яны сапраўды з’яўляюцца свайго рода дзённікамі ўспамінаў і пачуццяў, якімі аўтары дзеляцца з гледачамі.

Людміла Мінкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter