Успаміны пра будучыню?

40 гадоў народная артыстка Беларусі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Акружная служыць Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Я.Коласа, на сцэне якога ёй давялося пазнаць і боль сумненняў, страт, і асалоду трыумфу. На знакамітых падмостках і адбыўся яе бенефіс. Прысутнічалі на ім тэатральныя крытыкі, шматлікія прадстаўнікі СМІ, калегі і прыхільнікі яе таленту. Віншаванні актрысе прыслалі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Генадзь Навіцкі. Шчыра віталі бенефіцыянтку намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка, старшыня Беларускага саюза жанчын, член Савета Рэспублікі Надзея Ермакова, прадстаўнікі мясцовай улады.

За гады творчых пошукаў Святлана Акружная стварыла галерэю глабальных вобразаў, падобную на паэтычную анталогію, адлюстраваную на старонках гісторыі Коласаўскага тэатра: Анютка з “Улады цемры”, Франка ў “Хаме”, Маргарыта Наварская ў шэкспіраўскім “Генрыху ІV”, Люба ў “Маскоўскіх канікулах”, Чацвяртак у васільеўскіх “Світанках...”, Жанна д’Арк паводле п’есы Ж.Ануя, Эліза ў “Рэцэпце Макропуласа”, Кацярына Іванаўна паводле аднайменнага твора Леаніда Андрэева.
Для свайго бенефісу Святлана Арцёмаўна доўгі час шукала п’есу. Перачытала шмат твораў класікаў і сучасных драматургаў: актрыса лічыць, што драматургічны матэрыял павінен быў быць высокамастацкім. Сэрца яе зачапіла п’еса “Васа Жалязнова” вытанчанага, празорлівага Максіма Горкага. Другі раз на віцебскай сцэне сустрэліся аднадумцы Рыд Таліпаў і Святлана Акружная. У п’есу, напісаную ў 1910 годзе — у адзін з самых прадукцыйных “капрынскіх перыядаў” Горкага, творцы ўдыхнулі сучасную энергетыку. У выніку нарадзілася гераіня, чые разважанні, стыль жыцця сугучны з імкненнямі кожнай другой жанчыны ў глядзельнай зале. Васа Жалязнова, кажучы сучаснай мовай, — “бізнесвумэн”, паспявае ўсюды: і хабар даць тым, хто бярэ — каб квітнела сямейная справа, і стварыць пазітыўны імідж дому і родным. А клапаціцца ёй ёсць пра што. Як гэта ні сумна канстатаваць, але ў такой самавітай гаспадыні “не ўсё добра ў каралеўстве”: ёсць свой “шкілет у шафе”. Сваіх дачок, унука Васа выхоўвае аўтарытэтна і адначасова са стрыманай пяшчотай, бо бачыць у іх сваю надзею, прадаўжальнікаў роду і сваёй справы. А побач з яе крывіначкамі — гвалтаўнік малалетніх, іх бацька, муж Васы. Гэта супярэчлівая сітуацыя падключае фатальны механізм — “злачынства і пакаранне”. Каб абараніць сям’ю, дзяўчынак ад грамадскага ганьбавання, ад уплыву разбэшчвальніка, Васа павінна вырашыць дылему: або жыць з плямай ганьбы, або разбурыць гэты вузел праз смерць злачынцы. Васа інсцэніруе самагубства мужа. Гераіня Святланы Акружной у дадзенай сітуацыі выглядае пераканаўча. Сцэна сыграна ашаламляльна, яе сэнс набывае філасафічны аб’ём.
Унутрысямейныя праблемы абвастраюцца ў атмасферы сацыяльна-палітычных перыпетый. Нявестка Жалязновай — бунтарка Рашэль, у душы якой валадарыць хаос, імкнецца ўдасканаліць свет. Прыехала з-за мяжы, каб адабраць у Васы ўнука. Безадказная жанчына асуджае сваё дзіця на бадзянні на чужыне, хоча пазбавіць хлопчыка радзімы, родных каранёў. Рашэль кладзе на плаху ілюзорных рэвалюцыйных ідэй слабае здароўе сына, яго будучыню. Гледачу зразумела, чаму Васа ў выкананні Акружной мае рацыю і канфліктуе з нявесткай.
Хтосьці ішоў на спектакль “Васа”, каб убачыць у першую чаргу хрэстаматыйным вокам крах капіталісткі Жалязновай з яе “акцыямі і параходамі” — усіх чакала ў той вечар адкрыццё. Бо актрыса Акружная — аматар і віртуозны майстра разбураць стэрэатыпы. Яна заўсёды нечаканая ў вобразах, трактоўка якіх у падсвядомасці гледачоў абрасла штампамі, навязанымі савецкай крытыкай і ідэалогіяй. Васа ў выкананні Акружной — самадастатковая, інтэлектуальная, мудрая жанчына, якая навучылася ўтойваць і стомленасць, і расчараванне асяроддзем. Усё, што яна робіць, — дзеля дабрабыту родных, дзеля росквіту справы, каб абараніць сям’ю ў цяжкую хвіліну. І нам, жыхарам ХХІ стагоддзя, клопаты Васы Жалязновай зразумелыя, як увогуле тыя размовы, якія яна вядзе з хатнімі: значэнне і сэнс шлюбу, адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей, іх духоўнае і фізічнае здароўе.
Спектакль дыхае сённяшнім днём, трымае ўдумлівага гледача ў напружанні. Фінальная сцэна — смерць гераіні — узрушвае. Мізансцэна ўражвае выразнасцю, шматзначнасцю: Васа памірае ў крэсле, не дапіўшы гарбату. З грукатам з рук выпадае кубак. Яна — спінай да гледача, тварам — да родных... Гучыць пранізлівая, але жыццесцвярджальная музыка: Васа Жалязнова паспела пасеяць зерне здаровага рацыяналізму і мудрасці ў галовах тых, хто з ёй сутыкаўся. Спектакль “Васа” — гімн сучаснай жанчыне, яе цярплівасці, таленту дараваць і кахаць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter