Усмешка вам да твару

Мінскія медыкі асвойваюць новыя тэхналогіі
Мінскія медыкі асвойваюць новыя тэхналогіі

Візіт да стаматолага – крок абгрунтаваныУ адной з кніг Антуана дэ Сэнт-Экзюперы вельмі ўразіў аповед пра ўсмешку, якая ўратавала чалавеку жыццё. Падчас вайны палоннага лётчыка вялі на расстрэл. І ён, ужо губляючы надзею, не ведаючы мовы, ні хвіліны не маючы, каб нешта патлумачыць “чалавеку з ружжом” нават жэстам, проста ўсміхнуўся канваіру. І гэтага, уявіце, было дастаткова, каб не прагучаў ракавы стрэл …

— Вастрасловы жартуюць: чым менш зубоў у пацыента, тым больш работы ў маіх калег-дантыстаў, — абаяльна ўсміхаецца Сяргей Кулік, галоўны ўрач 14-й мінскай гарадской стаматалагічнай паліклінікі. — Часам, аднак, нашым наведвальнікам для добрага самаадчування не хапае ўсяго аднаго-двух зубоў. Здавалася б, дробязь. Але як гэта псуе, асабліва жанчынам, усмешку, а ўрэшце і настрой чалавеку, яго псіхічнае і фізічнае здароўе.

Па словах Сяргея Анатольевіча, зубы “лакальна выбываюць са строю” не толькі пад уздзеяннем каварнага карыесу, падчас аўтааварый ці спартыўных спаборніцтваў, але і ў звычайных побытавых сітуацыях. Паводле статыстыкі, сабранай у 14-й паліклініцы, сюды штогод звяртаецца каля 10 тысяч жыхароў Мінска. І новы метад пратэзавання, які летась, у Год здароўя, спецыялісты тут асвоілі, павялічвае шанцы на радасныя ўсмешкі сотням пацыентаў.

Сам Сяргей Кулік — член Беларускай стаматалагічнай асацыяцыі, пільна сочыць за “дэнта-навінкамі”. Дарэчы, добрыя стасункі для абмену вопытам склаліся ў яго з прафесіяналам вышэйшай кваліфікацыі з Германіі Гердам Леманам. Некаторыя са спецыялістаў паліклінікі, у тым ліку і сам галоўны ўрач, прайшлі ў свой час стажыроўку ў яго Цэнтры падрыхтоўкі зубных тэхнікаў у Мюнхене і атрымалі там адпаведныя сертыфікаты. А калі на адным з семінараў Сяргей Анатольевіч даведаўся, што і беларускія калегі ўмеюць рабіць мэрылэнд-пратэзы, ён вырашыў: гэта тое, што трэба і для яго пацыентаў. Праз некаторы час у паліклініцы быў арганізаваны майстар-клас кандыдата медыцынскіх навук Васіліны Андрэевай, якая асвоіла новы метад на дэнта-семінарах у Польшчы.

— Цікава, што дантысты “падгледзелі” гэтую тэхналогію пратэзавання ў будаўнікоў мастоў, дакладней, амерыканскіх інжынераў, якія спраектавалі арыгінальнае збудаванне ў горадзе Мэрылэнд, — расказала мне Васіліна Анатольеўна. — Як вядома, дарожныя масты вытрымліваюць вельмі вялікія нагрузкі. І нашы зубапратэзныя канструкцыі, з сучасных клеючых рэчываў, спецыяльнай арматуры — таксама. У двух словах ідэя такая: страчаны зуб замяшчаецца кампазіцыйнымі матэрыяламі. Прычым ніз яго проста абапіраецца на дзясну, без імплантанта, і штучны зуб мацуецца на звыштрывалай стужцы, прыклеенай да здаровых зубоў. Вельмі надзейна: сувязь утвараецца на ўзроўні малекул.

Якія перавагі ў мэрылэнд-пратэзаў? Па-першае, разважае Васіліна Андрэева, пацыентам падабаецца іх кошт. Па-другое, мінімум часу займае сам працэс “мантажна-скульптурнай работы” дантыста. Па-трэцяе, удаецца максімальна зберагчы здаровыя зубы. Гэта, дарэчы, вельмі важная тэндэнцыя ў сучаснай стаматалогіі.

— Спецыялісты нашай паліклінікі ўжо асвоілі тэхналогію вырабу мэрылэнд-пратэзаў, набыты неабходныя для гэтага матэрыялы, праведзены і першыя аперацыі, — задаволены зробленым Сяргей Кулік. — Пацыенты, праўда, яшчэ ставяцца да “прыклееных зубоў”, як між сабой іх называюць, з некаторай асцярогай. Гэта і зразумела: гадоў 5-6 таму ў краіне ўвогуле не было так званых адгезіўных, гэта значыць устаўленых з дапамогай клею, пратэзаў. Аднак нашы назіранні за тымі, хто выбраў “мэрылэнд”, абнадзейваюць. Упэўнены, для гэтай тэхналогіі ёсць добрыя перспектывы.

У тым, што прыклеены зуб надзейна выконвае адведзеныя яму прыродай функцыі не горш за сваіх натуральных суседзяў, праверыў на сабе і аўтар гэтых радкоў. Эксперымент прахо-дзіць амаль год, і вельмі ўдала. Што будзе далей? Як жартуюць дантысты, пажуём — пабачым...

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter