Усмешак шмат не бывае

Прынтар Брайля атрымалі ў падарунак да Новага года выхаванцы Шклоўскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем зроку.
Прынтар Брайля атрымалі ў падарунак да Новага года выхаванцы Шклоўскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем зроку.

Дакументы на тэхніку для друку рэльефнага тэксту на спецыяльнай паперы хлопчыкам i дзяўчынкам уручыў губернатар Магілёўскай вобласці Пётр Руднік. Ён прыняў удзел у тэатралізаваным свяце, якое арганізавалі навучэнцы і выкладчыкі школы-інтэрната. А яшчэ дзякуючы кіраўніцтву рэгіёна напярэдадні Новага года ў навучальнай установе з’явіліся месца для дэфектолага з мультымедыйным сэнсарным экранам і тры спецыяльныя электронныя прыборы, з дапамогай якіх тэкст і малюнкі можна павялічыць у 24 разы.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар пабываў у Кобрынскім дзіцячым доме. Губернатар цёпла павіншаваў калектыў з надыходзячымі святамі, а таксама звярнуў увагу на тое, што яшчэ некалькі гадоў таму ў Кобрынскім дзіцячым доме знаходзіліся 120 дзяцей, а сёння іх у два разы менш. Сам ён прыехаў не з пустымі рукамі: дзеці атрымалі цацкі, гульні і прысмакі.

Да акцыі «Нашы дзеці» далучыўся і мэр Мінска Мікалай Ладуцька. З прадстаўнікамі Мінгарвыканкама ён прыняў удзел у забаўляльнай праграме, якую падрыхтавалі выхаванцы сталічнага дзіцячага дома № 6, i падарыў хлопчыкам і дзяўчынкам тэлевізар і навагоднія падарункі.

А сёння гасцей з падарункамі чакаюць выхаванцы больш як 20 дзіцячых дамоў, інтэрнатаў, падшэфных школьных і дашкольных устаноў. У некаторыя з іх прыедуць даволі шматлікія дэлегацыі. Напрыклад, у Чэрвеньскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця чакаюць супрацоўнікаў міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, абласнога камітэта Дзяржкантролю, ААТ «Белаграпрамбанк», а яшчэ — з мясцовых арганізацый, з якімі выхаванцы ўстановы сябруюць не адзін год.

— Для нас гэта будзе хвалюючы, але ў той жа час вельмі радасны дзень, — гаворыць дырэктар Чэрвеньскага дома-інтэрната Эла Барысава. — Для сваіх гасцей мы падрыхтавалі навагоднюю праграму.

Прадстаўнікі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі наведаюць Рэчыцкую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху. А ў Бабруйскую школу-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, адправяцца супрацоўнікі Міністэрства прамысловасці краіны.

Хлопчыкi i дзяўчынкi, якія зараз знаходзяцца ў Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў, атрымаюць падарункі ад ААТ «Банк Масква-Мінск». А супрацоўнікі ЗАТ «Абсалютбанк» падрыхтавалі сюрпрызы для выхаванцаў Ельскай дапаможнай школы-інтэрната.

— Мы не афішыруем гэты від дабрачыннасці, — сціпла кажа галоўны маркетолаг банка Іна Яцук. — Пры выбары падарункаў нам дапамагала дырэктар гэтай установы. Пад Новы год выхаванцы школы-інтэрната атрымаюць тое, што ім было неабходна.

Акцыя «Нашы дзеці» праходзіць у краіне ўжо ў васямнаццаты раз. Да 10 студзеня наступнага года кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, канцэрнаў, банкаў, грамадскіх аб’яднанняў павіншуюць з Новым годам і Калядамі больш за 15 тысяч дзяцей.

Юлiя ПАЛТАЎСКАЯ, «Р»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter