Услончык з рэндэлекам ды хмарачос

Якія словы ці выразы роднай мовы вам падабаюцца больш за ўсё?

Сёння ў розных краінах планеты людзі святкуюць Дзень роднай мовы. На жаль, у паўсядзённым жыцці па-беларуску гавораць нямногія з нас. Але амаль у кожнага ёсць любімыя беларускія словы, якія трывала ўвайшлі ў нашу свядомасць. Вось мы і вырашылі спытаць у сваіх чытачоў: «А якія словы ці выразы на роднай мове вам падабаюцца больш за ўсё?»

Пётр СВЯРДЛОЎ, дырэктар Дзіцячай харэаграфічнай школы горада Гомеля:

— Мой любімы выраз на беларускай мове — радкі з верша Рыгора Барадуліна: «Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем». Даволі часта цытую іх сваім калегам, якія, як і я, шмат часу праводзяць на працы. Любіць гэтыя радкі і мая матуля. Неяк у 1995 годзе ў час гастроляў у Еўропе наша трупа пад Берлінам трапіла ў аварыю. Аўтобус разбіўся ўшчэнт — і дадому мы вярнуліся на два тыдні пазней запланаванага. Калі пасля ўсяго гэтага я завітаў у госці да матулі, яна абняла мяне і працытавала Барадуліна. Сэрца быццам зашчаміла. І я, ужо дорослы мужчына, як хлопчык, апусціў галаву і кажу: «Так, мама, так».

Вольга РЫЖЫКАВА (на здымку), салістка гурта «DaVinci»:

— Увогуле самае галоўнае не словы, а тое, наколькі шчыра ты іх гаворыш. Мне, напрыклад, вельмі падабаецца, як па-беларуску гучаць «каханне» і «сяброўства». Але калі чалавек кажа іх проста, каб сказаць, сваю прыгажосць яны страчваюць. Са спіса ўсіх слоў я б вылучыла «здароўе». І тут усё роўна: па-беларуску ты яго гаворыш ці па-англійску, бо здароўе — гэта галоўнае, что патрэбна чалавеку.

Наталля ЖЫВАЛЕЎСКАЯ, прэс-сакратар Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС:

— У дзяцінстве я шмат часу праводзіла з бабулямі, якія жывуць у вёсцы, таму ў асноўным лапатала толькі па-беларуску. У пяць гадоў бацькі нават спецыяльна аддалі мяне ў дзіцячы садок, каб я крыху прывыкла да рускай мовы. Для выхавальнікаў я аказалася вясёлым падарункам. Памятаю, як я з імі спрачалася, калі яны гаварылі: «Дзеці, бярыце стульчыкі». Я абуралася: «Гэта ўслончыкі». А яшчэ ўсе вельмі смяяліся, калі на маленькі чарпак, якім разлівалі кампот, я казала «рэндэлек». Ніхто не мог зразумець, пра што я гавару, але і ўсе дружна смяяліся. На жаль, зараз роднай мовай амаль не карыстаюся. Але трапныя беларускія выразы часта ўспамінаю. Напрыклад, калі сын у дзяцінстве падаў, яму казала: «Пакуль жаніцца — загаіцца».

Іна КЛЕЙМЕНЫЧАВА, выканаўчы дырэктар Беларускага саюза лыжнікаў:

— У паўсядзённым жыцці я амаль не карыстаюся беларускай мовай, але ёсць два словы, якія мне даспадобы значна больш, чым іх рускія аналагі. Гэта «немаўля» і «хмарачос». Чаму падабаецца першае, растлумачыць складана. Магчыма, гэта на падсвядомым узроўні. А вось другое я некалі сустрэла ў матэрыяле пра ўсе высоткі Мінска. Адну з іх якраз узводзяць ля нашага офіса на праспекце Пераможцаў. Вось гэтае слова і запала мне ў сэрца. І цяпер кожны раз, калі выглядваю з акна кабінета і гляджу на шматпавярхоўку, што будуецца побач, успамінаю слова «хмарачос».

Павел СЯРДЗЮК, протаіерэй, настаяцель прыхода ў гонар Мікалая Японскага горада Мінска:

— Для вучняў 9—11-х класаў мы праводзім праграму «Сакрэты сямейнага шчасця». На занятках размаўляем з хлопцамі і дзяўчатамі пра любоў і культуру чалавечых адносін. У час сустрэч, якія праходзяць на дзвюх мовах, я часта ўжываю каларытныя беларускія выразы. Напрыклад, «Дзе баба панам, там чорт камісарам» або «Вялікага дуба з малым карэннем не бывае». Дзеці адразу ўсміхаюцца і неяк нават актывізуюцца. І гэта нядзіўна, бо вось такія сакавітыя, недвухсэнсоўныя выразы адразу перадаюць тое, што ты хочаш сказаць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter