Услед адыходзячаму году

Давай, браце 2009-ы, будзем развiтвацца. Дзякуй, што ты быў...

Давай, браце 2009-ы, будзем развiтвацца. Дзякуй, што ты быў, ты застанешся ў памяцi. А цяпер дазволь нагадаць некалькi падзей, жыццёвых сiтуацый, сведкi якiх – мы.

* * *

Былi ў Глуску. Канешне, найперш завiталi да старшынi райвыканкама Аляксандра Багеля. Ён у клопатах, падалося, крыху стомлены, але як засвяцiлiся яго вочы радасцю, калi гаворка зайшла пра вынiкi сельскагаспадарчага года: «Сёлета мы намалацiлi на 6 тысяч тон зерня больш, камбайнер СВК «Слаўгарадскi» Вiталь Дземiдзенка ўпершыню ў гiсторыi раёна выйшаў пераможцам рэспублiканскага спаборнiцтва i атрымаў узнагароды з рук кiраўнiка краiны. Пастаралiся хлебаробы, якiя навучылiся працаваць па-сучаснаму, з разлiкам на высокi канчатковы вынiк. Ды i год надвор’ем паспрыяў нашаму поспеху».

Да гэтага часу памятаю вочы кiраўнiка раёна. Каб яны яшчэ не адной радасцю засвяцiлiся, не аднаму поспеху ўзрадавалiся!

* * *

Бабруйск упершыню за апошнiя два дзесяцiгоддзi выйшаў на рубеж уводу жылля ў эксплуатацыю 115 тысяч квадратных метраў . Гэтаму поспеху перш за ўсё паспрыяла мэтанакiраваная работа кiраўнiцтва горада, адпаведных службаў. Паставiлi мэту i дабiвалiся яе вырашэння, нягледзячы нi на што. Стварылi каля дзесяцi жыллёвых кааператываў, змаглi аб’яднаць лепшыя будаўнiчыя сiлы, перавесцi iх на актыўнае поле дзейнасцi. Будаўнiцтва, лiчы, вялося ўсюды, асаблiва ў раёне Георгiеўскага праспекта, Палаца мастацтваў. З’явiлася першая дванаццацiпавярхоўка. Быў сведкам, як яе засялялi: з музыкай, песнямi, добрым настроем. Ну i жывiце на здароўе, людзi!

* * *

Глядзеў перадачу па гарадскiм тэлеканале «Скiф» (дарэчы, адкрытым у гэтым годзе) пра адну з жыхарак. Яна позна выйшла замуж. Аднак змагла нарадзiць дзiця. Яму было сем гадкоў, як аднаго разу на дачы суседняя дзяўчына, якая навучалася ваджэнню, збiла хлопчыка. Ён загiнуў. Можна ўявiць стан бацькоў... I тады жанчына, маючы за спiнай больш як пяць дзесяткаў гадоў, надумалася нарадзiць яшчэ дзiця шляхам штучнага апладатварэння. Ездзiла ў клiнiкi год, рыхтуючы арганiзм да плоданашэння, прымала ўсялякiя лекi. Не ўсе ўрачы верылi, што яна можа зацяжараць. А яна яшчэ i двайнят нарадзiла! «Перад такой, — мiжволi думаеш, — трэба зняць капялюш, я б гэтай жанчыне званне Героя Мацярынства прысвоiў!»

* * *

У сярэдзiне лiстапада, калi пайшоў грып, у Бабруйску цяжка захварэў адзiн малады работнiк мiлiцыi. Яго паклалi ў рэанiмацыю, падключылi да апарата штучнага дыхання. Тыдзень ляжаў, два, тры. I вось пасля такога працяглага перапынку адкрыў вочы, зрабiў першы самастойны ўдых. Скiнуў за час хваробы болей за 30 кiлаграмаў вагi, але перамог: цi то ўрачы пастаралiся, цi то малады арганiзм узяў верх, цi то сам Бог дапамог! Увесь горад, якi перажываў за хлопца, аблегчана ўздыхнуў: малайчына, жывi на зло ўсiм смерцям!

* * *

У вёску Рэпiшчы Клiчаўскага раёна наведалiся амерыканскiя грамадзяне Станiслаў i Джулiя Малiшэўскiя. Бацькi Станiслава яшчэ да вайны пераехалi з гэтых мясцiн у Польшчу, а затым у Амерыку. Ён з жонкай быў тут год назад, а цяпер яны не проста прыехалi, а даставiлi помнiк продкам, якi заказвалi ў Бабруйску. На трох мовах эпiтафiя, усё як мае быць зрабiлi. Бачылi б вы, як яны пакланялiся радзiме продкаў: «Гэта родная для нас зямля. Прыедзем у наступны раз з дзецьмi, унукамi, праўнукамi, хай ведаюць, адкуль iх каранi».

* * *

У аўтара гэтых радкоў быў юбiлей. На дачы яго праводзiў, павiнны былi прыехаць госцi. А як без юшкi? Вырашыў надвячоркам схадзiць на раку, якая непадалёк. Узяў свае донкi – i на бераг. Толькi стаў расстаўляць iх, як пачалiся дождж, навальнiца. Я – у блiжэйшы хмызняк. Раптам пярун в-вух! Як, думаю, у мяне не патрапiў... I тут нечакана ўсё сцiхла, выходжу са схованкi. Але настрою няма. Якая ўжо рыбалка? Сунуся ўздоўж ракi, як раптам бачу: там, дзе зваротная плынь, прыбiлася да берага якаясьцi рыбiна, цэлая «лапата», мо, кiлаграмы тры-чатыры. Язь! Я – у рукi, а ён – з рук, ледзь паспеў ухапiць. Вынес на бераг – рукi дрыжаць: во якая ўдача! Згарнуў свае донкi i пайшоў дамоў, а па дарозе ўсё раздумваў: як гэтая рыбiна прыбiлася да берага? А цi не пярун, прыйшоў да высновы, i дапамог ёй? Так цi iнакш — вось такi нечаканы падарунак!

* * *

I яшчэ пра адну сустрэчу з вядомым беларускiм паэтам Мiколам Аўрамчыкам, якая адбылася ў Мiнску, хачу расказаць. Мiкалаю Якаўлевiчу, як гаворыцца, без пяцi хвiлiн дзевяноста. Такi адметны чалавек, якому пуцёўку ў вялiкую лiтаратуру даваў сам пясняр Якуб Колас. Член Саюза пiсьменнiкаў з 1947 года, на яго рахунку каля трох дзесяткаў паэтычных i празаiчных кнiг, заслужаны дзеяч культуры рэспублiкi. Ён – цэлая лiтаратурная эпоха, ва ўсiх адносiнах заслужаны чалавек, а якi тактоўны, вытрыманы, колькi ўсялякiх падзей узгадвае! Хай кожнаму, хто чытае гэтыя радкi, такое даўгалецце, каб было што ў жыццi ўспамiнаць!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter