На канале "Культура" современные звезды российской киноиндустрии почтят память знаменитых актрис советского кино

Усе зоркі сышліся

«Беларусь 3» адзначыць тэматычным эфірам Міжнародны дзень пісьменніка, а на канале «Культура» сучасныя зоркі расійскай кінаіндустрыі ўшануюць памяць знакамітых актрыс савецкага кіно

Кожны год 3 сакавіка празаікі, паэты, літаратары, драматургі, эсэісты і наогул усе, хто мае дачыненне да слова, адзначаюць тэматычнае прафесійнае свята — Міжнародны дзень пісьменніка. Традыцыйна 3 сакавіка творчыя людзі атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды і прэміі, аднак гэты дзень святочны не толькі для іх, але і для чытачоў — тых, дзеля каго складаюцца вершы, ствараюцца буйныя раманы і зусім невялічкія апавяданні. Безумоўна, самая культурная кнопка айчыннай тэлепрасторы не змагла абмінуць увагай гэтае свята і вырашыла прысвяціць эфір серады пісьменнікам і іх прыхільнікам. А вось канал «Культура» ў гэты дзень ушануе памяць самых папулярных актрыс савецкага кіно. Пра сапраўдных зорак мінулых дзесяцігоддзяў раскажуць вядомыя артысткі сучаснасці: Чулпан Хаматава, Марыя Міронава, Вікторыя Ісакава ды іншыя.

Зоя ФЁДАРАВА ў народнай кінакамедыі «Вяселле ў Малінаўцы». Але мала хто ведае, як трагічна скончылася жыццё актрысы…

Слова і справа

Дзень пісьменніка — добрая нагода, каб адзначыць лепшых асоб, якія дасягнулі поспеху ў літаратурнай дзейнасці, і сустрэцца з імі ў эфіры. У 19:55 на «Беларусь 3» выйдзе новы выпуск праграмы «Камертон», героем якой на гэты раз пісьменнік Іван Юркін. Генерал-маёр, колішні намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі, сёння ён вядомы паэт, аўтар песень «Прыязджайце да нас у Беларусь» і «Где калина цвела», якія аматары музыкі ведаюць у выкананні ансамбля «Сябры».

У праграме Іван Захаравіч раскажа пра свой жыццёвы і творчы шлях. Паэт нарадзіўся і вырас на мяжы Магілёўскай і Смаленскай абласцей, у школу хадзіў у Хоцімск (за сем кіламетраў ад вёскі!). Пасля пераехаў у Мінск, далей жыў і працаваў у Германіі, Расіі і ў рэшце рэшт вярнуўся ў беларускую сталіцу… Праз дзесяцігоддзі службы ў сілавых структурах Іван Юркін зразумеў: яму ёсць што сказаць людзям мовай паэзіі — пра любоў да родных мясцін, краіны, сям’і, дзяцей.

Свята ўсіх пісьменнікаў — гэта яшчэ і добры шанц зноў узгадаць тых, хто паўплываў на развіццё сучаснай літаратуры. У 15:20 вядомы рэжысёр, сцэнарыст Уладзімір Арлоў у сваім аўтарскім праекце «Люблю і памятаю» ўзгадае Уладзіміра Караткевіча — нашага выбітнага пісьменніка, перакладчыка і драматурга.

Караткевіч — адна з тых цікавых асоб, з якой у свой час Уладзіміра Арлова звёў лёс. Таму яму ёсць што ўзгадаць і расказаць гледачам. Уладзімір Аляксандравіч успамінае:

— «Наўмысна» і «няўмысна» — гэтыя два словы, якія адрозніваюцца толькі адной літарай, я ўпершыню пачуў менавіта ад Караткевіча. Я тады працаваў над фільмам «Песняры», сядзеў у апаратнай, куды зайшоў Валодзя. І якраз гучаў кавалак, дзе «Песняры» спявалі: «Ластаўка ты легкакрылая…» Валодзя звярнуў увагу: «А, дык гэта яны наўмысна зрабілі ластаўку легкакрылай…» Я не адразу зразумеў: «Чаму ты так вырашыў? Што да чаго?» Валодзя пачаў тлумачыць: «Таму што ў беларускай мове «сизокрылый» будзе гучаць як «шызакрылы». То бок быццам бы якая шыза ў той ластаўкі ў галаве… Вось яна спецыяльна і стала легкакрылай».

Цікавыя гісторыі з жыцця яшчэ аднаго класіка айчыннай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, раскажа новая серыя цыкла «Запіскі на палях». Фільм «Якуб Колас: самая прыгожая кветка Палесся» пачнецца на «Беларусь 3» у 22:55.

Галівуд па-савецку

У сваю чаргу, канал «Культура» ў сераду ўзгадае самых знакамітых актрыс савецкага кіно. На працягу дня на тэлеканале выйдзе восем праграм, у якіх вядомыя кінадзівы сучаснасці прапануюць гледачам гісторыі лёсу зорак мінулых гадоў. Праект называецца «Галівуд краіны Саветаў».

У 8:40 вядомая актрыса серыялаў Кацярына Шпіца распавядзе пра лёс Зоі Фёдаравай, зоркі вядомых савецкіх кінастужак 1940—1960-х. Жыццё і смерць Фёдаравай — таямніца нават сёння. У 1981 годзе актрыса была застрэлена з пісталета ў сваёй кватэры. Дарэчы, па матывах гэтага здарэння Юліян Сямёнаў нават напісаў раман «Тайна Кутузаўскага праспекта».

У 11:10 на фантастычную папулярнасць Любові Арловай зверне ўвагу Марыя Міронава. Крыху пазней, у 13:25, Юлія Снігір падзеліцца цікавымі фактамі з жыцця Таццяны Акунеўскай. Пра Фаіну Ранеўскую гледачы пачуюць ад Агрыпіны Сцякловай, а пра Тамару Макараву — ад Вікторыі Ісакавай. Пра творчы шлях Лідзіі Смірновай распавядзе Аляксандра Урсуляк, а завершаць цыкл гісторыі Марыны Ладынінай (ад Валерыі Ланской) і Людмілы Цалікоўскай, расказаныя Чулпан Хаматавай.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter