Усе шляхi вялi i вядуць у Бабруйск

«Мы  не  першыя  ў  вобласці,  —  кажуць  тут,  —  але  і  не  другія...»

«Мы  не  першыя  ў  вобласці,    кажуць  тут,    але  і  не  другія...» 

Ён i звабную назву сабе прыдумаў – ад рачных насельнiкаў баброў, якiх, вiдаць, у тутэйшых мясцiнах было шмат. Баровек, Бабруеск, Бабруйск – падпраўляў ён сваё iмя, змяняў аблiчча, але нiколi не здрадзiў самому сабе. Заставаўся такiм, якi ёсць, руплiўцам, працалюбам. На ўсё наваколле славiлiся ягоныя рамеснiкi, майстры будаўнiчых спраў (нездарма на гербе горада карабельная мачта). Ды i водны шлях, якi iшоў па хуткаплыннай Бярэзiне, меў не апошняе значэнне. Горад прыкмецiлi i ў еўрапейскiх краiнах, ягонае абазначэнне з’явiлася на карце вядомага iх складальнiка С.Мюнстэра, якая выдадзена ў 1540 годзе ў швейцарскiм горадзе Базелi. 

Геаграфiчнае становiшча, канешне, iграла на руку. Горад – памiж Масквой i Варшавай, Санкт-Пецярбургам i Адэсай, нiбыта хто вось так яго спецыяльна i размясцiў. Аднак жа iмя гораду перш за ўсё ствараюць ягоныя жыхары. Нельга скiдваць з разлiку ваенны гарнiзон, якi размяшчаўся ў вядомай Бабруйскай крэпасцi 1812 года, якую, дарэчы кажучы, у часы Айчыннай вайны французы так i не змаглi адолець. I пасля ў горадзе было шмат ваенных. А яны – гэта i культура, адукаванасць, i высокi дастатак. I гэта прыбаўляла гораду. Рынак быў адзiн з самых багатых, купляй, што твая душа пажадае! Так што, як у той Рым, усе шляхi вялi ў Бабруйск. 

У пасляваенны час у Бабруйску шмат знаходзiлася наркаматаў (нездарма жартавалi: гэта той Мiнск, што пад Бабруйскам?), iншых кiраўнiцкiх структур. Такi ён быў размашысты... Ды i ў пазнейшы час у iм – тры аўтавакзалы, дзве чыгуначныя станцыi, да самай Масквы ходзiць аўтобус. 

Iншым разам здаецца, што бабруйчане могуць i месячык на далонях паднесцi (нездарма ж упамiнаюцца ў творах Iльфа — Пятрова i iншых вядомых аўтараў), для iх не iснуе невырашальных праблем. Аб гэтым сведчыць той факт, што ў дваццатых гадах мiнулага стагоддзя ў Бабруйску ўзвялi буйнейшы ў Еўропе фанерадрэваапрацоўчы камбiнат, станочнiк Фёдар Гладышаў ставiў сусветныя рэкорды на распiлоўцы драўнiны. Такiм жа буйнейшым на кантыненце лiчыўся i Беларускi шынны камбiнат, якi збудавалi пазней, ён у сумна вядомыя дзевяностыя не разбурыўся i цяпер набiрае моц. 

Вось тут хацелася б сказаць i пра адну з буйнейшых аперацый, якую правялi савецкiя войскi ў чэрвенi 1944 года, – Бабруйскую. У ходзе яе замкнуўся так званы Бабруйскi кацёл, у якi трапiлi звыш 70 тысяч фрыцаўскiх ваяк. Няшмат каму ўдалося выбрацца адсюль, а тыя, хто трапiў у палон, мелi гонар прайсцi па Маскве, але не ў якасцi пераможцаў, а добра бiтымi... Дваццацi воiнскiм падраздзяленням, якiя вызначылiся ў баях за горад, загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага было прысвоена ганаровае найменне Бабруйскiх. Той подзвiг савецкага салдата ўвекавечвае Курган Славы ў вёсцы Сычкава, мемарыял у самiм горадзе, шматлiкiя помнiкi – бабруйчане свята ўшаноўваюць памяць тых, хто аддаў сваё жыццё, наблiжаючы доўгачаканую перамогу. 

Ну а потым распачалося аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркi. Цяжка яно далося бабруйчанам, бо цэлыя кварталы ў раёне вулiц Сацыялiстычнай, Кастрычнiцкай, Мiнскай i iншых былi зруйнаваны, ляжалi, як кажуць, на баку. Тым не менш свайго дамаглiся i актыўна ўключылiся ў стваральную працу. Падахвочвала тое, што перад вайной па тэмпах росту прамысловасцi горад – на першым месцы ў рэспублiцы i стаў буйным прамысловым цэнтрам. Асаблiвай пахвалы заслугоўваюць калектывы швейнай фабрыкi iмя Дзяржынскага, машынабудаўнiчага завода iмя Ленiна, а таксама мэблевай фабрыкi iмя Халтурына, чые спецыялiсты выконвалi спецзаказы па афармленнi Палаца з’ездаў у Маскве i iншых важных урадавых i дзяржаўных устаноў. Адначасова ўзводзяцца завод гумаватэхнiчных вырабаў, “Ферммаш”, камбiнат буйнапанельнага будавання, гарбарны камбiнат i iншыя прадпрыемствы, якiя надалi гораду яшчэ больш вагi. “Фандок” за дасягнутыя поспехi становiцца ардэнаносным, на яго базе ўтвараецца вытворчае аб’яднанне “Бабруйскдрэў”, у склад якога, апрача бабруйскiх мэблевых фабрык, увайшлi аднатыпныя прадпрыемствы Магiлёва, Рагачова, Жлобiна. 

Беларускi шынны камбiнат запрацаваў на поўную магутнасць. Вось тады (якраз да 600-годдзя ўтварэння) i заззяў на сцягу горада ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. 

У Бабруйску, дзе больш як 50 прадпрыемстваў рознай формы ўласнасцi, выпускаецца ўвесь рэспублiканскi аб’ём аўтамабiльных шын i шын для сельгасмашын, а таксама абласны аб’ём вытвор­часцi цэнтрабежных помпаў, драўнiнна-валакнiстых плiт, кармавога мiкрабiялагiчнага бялку i  iншага. Сёння гэта буйны iнду­стры­яльны цэнтр, якi дынамiчна развiваецца. 

Канешне, нехта можа сказаць: мэблевую-2 закрылi, перажыў санацыю «Сiлiкат», крызiсная сiтуацыя на футравай фабрыцы... Што зробiш, не ўсе прадпрыемствы ўдалося ўтрымаць у зададзеным рытме. Але ж, з iншага боку, а цi трэба было так настойлiва гэтага дабiвацца, бо ўсё роўна з вытворчай сцяжыны нехта збочыць... Людзей шкада, але ж мясцовыя ўлады не пакiнулi iх у бядзе, размеркавалi па iншых прадпрыемствах. Хто хацеў, той робiць. 

Варта адзначыць, што ў пасляваенны час Бабруйск паспрабаваў сябе i ў якасцi абласнога цэнтра, аб’яднаўшы блiжэйшыя i больш аддаленыя раёны. Тады ён i шпарчэй развiваўся, прыбываў насель­нiцтвам. Дастаткова сказаць, што па колькасцi жыхароў перавышаў Брэст i Гродна. Гэта ўжо пасля крыху падсеў, ды i эмiграцыя, якой не ўдалося пазбегнуць, сказалася... 

Цяпер у горадзе налiчваецца 220 тысяч жыхароў. Гэта лiчба, можна сказаць, стабiльная. Аднак у блi­жэйшы час намячаецца яе павелi­чэнне. Якiя прадумовы? Наша жыццё, той факт, што больш стабiльна працуюць вытворчыя прадпрыемствы. А колькi за апошнi час зроблена ў сацыяльна-бытавой сферы! Пусцiлi тралейбус у пяты i шосты мiкрараёны, адбудавалi чыгуначны вакзал, адкрылi анкалагiчны дыспансер, палiклiнiку ў новым мiкрараёне, запрацаваў пабудаваны мост праз раку Бярэзiну, у цэнтры горада – пешаходная зона, пачалося будаўнiцтва Лёдавага палаца на 7 тысяч месцаў. Па-iншаму выглядае стадыён «Спартак», якi адбудавалi метадам народной будоўлi, засяляецца пасёлак Заходнi, што даволi працягла стаяў нежылым. 

А якiя магчымасцi адкрываюцца ў сувязi з рэспублiканскiмi «Дажынкамi», падрыхтоўка да якiх iдзе поўным ходам! Уявiце сабе, больш як паўсотнi аб’ектаў набудуць зусiм iншы, сучасны выгляд. Зменяцца да лепшага цэлыя кварталы, вулiцы, завулкi. I не толькi ў цэнтры горада, але i ў аддаленых раёнах. Менавiта на гэта настроена гарадское кiраўнiцтва на чале са старшынёй Бабруйскага гарвыканкома Мiхаiлам Бандарэнкам. «Будзем падцягваць увесь горад, — сказаў Мiхаiл Рыгоравiч. – Каб нiхто не сказаў, што пра нас забылiся». 

Што i казаць, шмат чым можа пахвалiцца Бабруйск. Але найбольш, канешне, сваiмi людзьмi. Ён багаты на таленты, неардынарных асоб. 

Горад па праву ганарыцца сваiмi людзьмi, а яны – горадам. Тым, што ён адметны, такi своеасаблiвы, вабны i прыцягальны. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter