Усе на кiрмаш!

У атмасферы ўрачыстай святочнасцi расчынiла ўчора дзверы ХII Мiнская мiжнародная выстава-кiрмаш “Кнiгi Беларусi-2005”. Гэта, бадай, самы прадстаўнiчы кнiжны форум з усiх, што ладзiлiся ў мiнулыя гады.

У атмасферы ўрачыстай святочнасцi расчынiла ўчора дзверы ХII Мiнская мiжнародная выстава-кiрмаш “Кнiгi Беларусi-2005”. Гэта, бадай, самы прадстаўнiчы кнiжны форум з усiх, што ладзiлiся ў мiнулыя гады.

“Мы з задавальненнем канстатуем,— гаварыў падчас адкрыцця выставы-кiрмашу мiнiстр iнфармацыi нашай краiны Уладзiмiр Русакевiч, — што ў гэтым годзе кiрмаш перасягнуў адзiн з раней зададзеных рубяжоў. Колькасць яго ўдзельнiкаў дасягнула адзнакi 504. А гэта значыць, што наведвальнiкаў чакае сапраўднае кнiжнае багацце. Дзесяткi тысяч назваў кнiг, усё лепшае з таго, што дазволiлi тэхнiчныя магчымасцi выдаўцоў i палiграфiстаў, творчасць пiсьменнiкаў i мастакоў з розных краiн. Ваша бязмежная прыхiльнасць да кнiжнай справы, — звярнуўся далей спадар Русакевiч непасрэдна да ўдзельнiкаў экспазiцыi, — таксама сведчанне пастаяннага пошуку духоўных апор i маральных арыенцiраў, якiя, як нiколi, патрэбны грамадству i якiя садзейнiчаюць яго кансалiдацыi, росту прэстыжу нашых краiн у сусветнай супольнасцi. Кожны ўдзельнiк выставы-кiрмашу, дэманструючы сваю прадукцыю, якраз праз яе прадстаўляе свой народ i сваю зямлю. I гэта нельга пераацанiць...”
Сапраўды, кнiжнае багацце — вiзiтоўка кожнай цывiлiзаванай краiны. У гэтым сэнсе Беларусь мала каму саступiць. I не таму, што экспазiцыя беларускiх выдаўцоў, палiграфiстаў i кнiгараспаўсюджвальнiкаў, бадай, самая маштабная i яркая. I нават не таму, што беларусы дэманструюць свае дасягненнi дома... Справа ў iншым, у тым, што на працягу апошнiх гадоў наша краiна зрабiла прыкметны крок наперад у справе палiграфii, мастацкiм афармленнi кнiг, у выдавецкiм менеджменце. Якраз рынак з яго няўмольнымi законамi канкурэнцыi вывеў кнiгадрукарскую i выдавецкую дзейнасць беларусаў на якасна новы ўзровень, нiчым практычна не адрозны ад лепшых узораў заходнееўрапейскага i сусветнага кнiгадрукавання. Пра тое сведчаць i адпаведныя ўзнагароды, атрыманыя нашымi выдаўцамi на сусветна вядомых кнiжных кiрмашах, такiх як Фракфурцкi, Маскоўскi, Варшаўскi...
Але вернемся да самой экспазiцыi. Што яна сабой уяўляе? Калi адным словам, то — мора-акiян кнiг. На самы розны густ, на самае прыдзiрлiвае запатрабаванне як з боку кнiжных агентаў, камерсантаў (для iх тут сапраўдны рай), так i для звычайных пакупнiкоў, аматараў кнiг. Дарэчы, пра апошнiх... Увесь другi паверх агромнiстага павiльёна “БелЭКСПА” аддадзены менавiта iм — прадаўцам i пакупнiкам. Пашанцавала тым, хто патрапiў на кiрмаш у першы дзень, бо, як гэта не дзiўна, нават у кнiжным моры-акiяне некаторыя асобнiкi былi ў адзiнкавых экземплярах. Прыкладам, у мяне з-пад носа, як кажуць, забралi апошнi экземпляр “Кнiгi афарызмаў”. Такога поўнага збору афарызмаў пад адной вокладкай я проста нiколi i нiдзе не сустракаў... Затое набыў некалькi асобнiкаў Пауло Каэльо, уключаючы знакамiтага “Алхiмiка”. Цi вось яшчэ — каталог выбранага ад маскоўскага кнiжнага магазiна “36,6 — кнiжны двор”. У гэтым каталогу — усяго толькi анатацыi, прычым iлюстраваныя, самых папулярных сёння ў Расii аўтараў. Выдавецкi дом такiм чынам прадстаўляе свае апошнiя навiнкi. Чым не ўдалае набыццё!? Тут табе i Венядзiкт Ерафееў, i Уладзiмiр Маканiн, i Георгiй Владзiмаў, i “Цвятаеўскi цыкл”, i Вiктар Някрасаў i шмат хто яшчэ, каго раней выдавалi зусiм мала цi не выдавалi зусiм. Захацеў купiць — нiякiх праблем: дастаткова проста  паведамiць свой электронны адрас.
Шкада, што выстава-кiрмаш будзе працаваць усяго толькi тры днi. Нават проста паблукаць па кнiжных павiльёнах, пагартаць кнiгi (а кожная  з iх — скарбнiца новых ведаў, твор мастацтва) — ужо найвялiкшая асалода. Але ж i купiць можна, бо кошт кнiжкi на выставе нашмат таннейшы, чым у звычайнай кнiгарнi.
Штогод, наведваючы Мiнскi мiжнародны кiрмаш, чыста вiзуальна, не ўдаючыся ў змест напiсанага, намаляванага i сфатаграфаванага, шукаю самую прыгожую кнiгу. На сёлетнiм кiрмашы такой мне падаўся фотаальбом “Спадчына Беларусi”, якi выдала Мiнская фабрыка каляровага друку. Разумею, што гэта, можа, не самы аб’ектыўны погляд, але цi ёсць яна на свеце — тая аб’ектыўная аб’ектыўнасць. Колькi людзей — столькi i меркаванняў. I гэта, думаецца, нармальна, бо кнiгi, як i людзi, толькi тады нечага вартыя, калi не падобныя адна на другую...
Не баўце час дарэмна, а шыбуйце проста на “БелЭКСПА”, там ёсць чаму падзiвiцца i што набыць не за самыя вялiкiя грошы...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter