«Усе мы з хат...»

Гэты выраз выдатнага пісьменніка Янкі Сіпакова (назва адной з яго кніг (1982) даўно стаў крылатым. Аднойчы Іван Данілавіч так сказаў пра ўсіх нас, вяскоўцаў і гараджан. Задумаешся — сапраўды так. Дзе б мы ні жылі, кім бы ні сталі — ці самі мы з вёскі, ці нашы далёкія і блізкія продкі адтуль, дзе хаты, дзе зямля-карміцелька кожнага і ўсіх. І карані нашы там, на ёй, часам пакутлівай і журботнай, часам светлай і самотнай, але заўсёды жыццядайнай, святой і мудрай…


Падумалася мне пра гэта ў сувязі з выхадам з друку ў «Выдавецкім доме «Звязда» зборніка прозы і паэзіі «Мая Радзіма», прысвечанага «Году роднай зямлі». У кнізе не толькі творы сучасных беларускіх літаратараў аб той зямлі, на якой яны нарадзіліся, а таксама фота розных куткоў Беларусі, зробленыя фотамастакамі Яўгенам Пясецкім і Уладзіславам Цыдзікам. А паэты і празаікі такія: Міхась Башлакоў, Віктар Гардзей, Навум Гальпяровіч, Казімір Камейша, Наталля Касцючэнка, Алесь Карлюкевіч, Мікола Маляўка, Міхась Пазнякоў, Сяргей Давідовіч, Мікола Чарняўскі — усяго каля 30 творцаў. Большасць з іх нарадзілася ў вёсцы, ёсць і гараджане. Усіх асабіста ведаю і сведчу: усе непарыўна трымаюць сувязь з роднай зямлёй. Заўважу: усе даволі знакамітыя літаратары.

І зноў успамін… Некалі школьнікам я, вясковец, спрабуючы нешта пісаць сваё і нават друкуючы ў раёнцы, аднойчы быў агаломшаны, прачытаўшы кнігу Васіля Пяскова «Шаги по росе». Гэта былі нарысы пра розныя куткі тады адзінай краіны СССР. Непаўторная прырода, цікавыя людзі, аўтарскі роздум пра жыццё… І ў адным з іх такое адкрыццё: аказваецца, паэты нараджаюцца і вырастаюць у вёсцы… Так аўтару і яго школьным сябрам гаварыў яго настаўнік і называў імёны. І, калі я прагледзеў біяграфіі нашых, аказвалася, амаль усе класікі і звычайныя, сталыя і маладыя, якіх я на той час ведаў па друку, — з вёскі! А калі хто з горада, дык праз пакаленні каранямі з вёскай звязаны. І што цікава, калі і пісалі пра горад, дык найперш пра чалавека ў ім з вясковай душой. І было зразумела, што ўсе мы, і вяскоўцы, і гараджане, увогуле па складзе душы аднолькавыя. А вартасць асобы вызначаецца па тым, стваральнік ты ці разбуральнік. А таксама, што размежаванне на тых і гэтых умоўнае. Усё залежыць ад чалавека, які, жывучы ў горадзе ў новых умовах — ад прагрэсу нікуды не дзенешся, — застаецца такім, які ёсць, ці, што здараецца, бяздумна нібыта хоча ўзвысіцца над тымі, хто застаўся ў вёсцы…

Канешне, ёсць фактар часу, абставіны, у якіх змяняецца чалавек. І гэта найбольш дакладна адлюстравана старэйшым пакаленнем нашых празаікаў і паэтаў, якое і сёння актыўна працуе ў літаратуры, амаль стопрацэнтнымі вяскоўцамі па нараджэнні, гараджанамі па месцы жыхарства. У пачатку сваёй творчасці многія з іх з настальгіяй пісалі пра вёску, але чамусьці не вярталіся да яе. І тут з’явілася гэтае Янкі Сіпакова: «Усе мы з хат…» І не як настальгія, не папрок тым, хто «плакаў» па вёсцы, схаваўшыся ад яе і яе праблем у горадзе, а як напамінак былога вяскоўца, а цяпер гараджаніна, адкуль мы. І калі ты, чым бы ні займаўся ў горадзе, аднойчы асэнсуеш гэта, дык падумаеш і пра вёску: а што асабіста я зрабіў, каб ёй было лепш…

Бясспрэчна, зусім не ад гэтага выразу ў шасцідзясятыя — васьмідзясятыя, у дзевяностыя, а найбольш у нашыя гады вёска набывае сучасны выгляд. Вядома, не ад гэтага выразу ў нашай сельскай гаспадарцы тыя высокія дасягненні, якімі мы сёння ганарымся. (Хібаў яшчэ хапае, яны на відавоку, і шляхі іх выкаранення вядомы, што і робіцца ў паўсядзённым жыцці). Але пры гэтым пра свае карані трэба памятаць кожнаму з нас. І калі сёння з горада ў вёску вяртаюцца не толькі тыя, хто нарадзіўся ў ёй, але і гараджане ў другім, трэцім ці яшчэ ў якім пакаленні, каб адрадзіць яе, прыдаць ёй новы сучасны воблік, дык сувязі такіх людзей з зямлёй генетычна патрабавальныя.

Вядома, я ні ў якім разе не маю права папракаць усіх астатніх, тых хто «з хат», што яны ў горадзе, як гэта здаралася ў літаратуры гадоў 40–50 таму. Але зазначу: часта тыя, хто тут, для вёскі робяць больш, чым тыя, хто там…

Чытаеш кнігу і заўважаеш: беспадстаўная настальгія пісьменнікаў-гараджан па вёсцы, якія нарадзіліся ў ёй, даўно знікла. А вёска, зрэшты, як і ўся наша зямля з яе палямі, лясамі, рэкамі і азёрамі, з яе маленькімі і вялікімі гарадамі ўспрымаецца як адно паняцце — Радзіма. І ты, калі з народам сваім, дык за яе ў адказе. Паэты і празаікі абагульняюць гэта. Напрыклад, Міхась Башлакоў кажа: «Радзіма ў сэрцы кожнага ў нас, і без яе святла жыць немагчыма…» І калі ў душы няма пачуцця Радзімы, дык жыццё траціць сэнс. І ўвогуле без Радзімы ты ніхто і нішто. І гэта сапраўды так.

У кнізе ў аўтараў роздум пра Радзіму нярэдка падаецца праз уласны лёс. Напрыклад, у біяграфічным эсэ Алены Стэльмах «Навасады», у цыкле вершаў Міхася Пазнякова, Ігара Пракаповіча, Казіміра Камейшы, іншых. У іхніх творах асабістае цесна пераплятаецца з нашым агульным. У Алены Стэльмах — і біяграфічна, калі яна расказвае пра свой шлях да людзей з дзяцінства і па сёння, ужо вядомай пісьменніцы, прадстаўніцы свайго пакалення. А ў Казіміра Камейшы — праз сувязь памяці з былым, асабіста перажытым. У Міколы Маляўкі, таксама слыннага паэта, сталага па ўзросту — зварот да хаты «…з матчынай душой», з парога якой і пачалася ягоная і чалавечая, і паэтычная служба на карысць людзям…

Зрэшты, кожны аўтар у кнізе «Мая Радзіма» падае нейкія свае адметныя штрыхі да вобраза роднай Беларусі. І аднаўляе пэўныя факты з яе гістарычнай памяці, паказвае дзень сённяшні. І, такім чынам, кніга стварае вобраз нашай Айчыны: мудрай працаўніцы, шчырай і адкрытай да ўсяго добрага свету. І тут варта зноў падкрэсліць, што Яўген Пясецкі і Уладзіслаў Цыдзік сваімі яркімі фота дапаўняюць створаны літаратарамі вобраз нашай Бацькаўшчыны, імя якой у свеце — Рэспубліка Беларусь.

Цікава, а якой бачаць нашу Радзіму маладыя творцы?.. Яе вёскі і гарады… І чалавека на нашай зямлі… І якімі яны бачаць сябе ў нашым сённяшнім стваральным жыцці?.. Патрэбна і такая кніга. Чакаем яе.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter