11 верасня Мiнск з размахам адзначыць сваё 954-годдзе. Падрыхтавана шырокая праграма. Асноўныя падзеi свята расцягнуцца на тры днi па ўсiм горадзе, а галоўнай пляцоўкай гулянняў стане тэрыторыя каля Палаца спорту. Там адкрыецца святочны кiрмаш i пройдуць самыя вiдовiшчныя мерапрыемствы. Больш падрабязнай iнфармацыяй аб тым, як пройдзе Дзень горада Мiнска, падзялiўся начальнiк упраўлення культуры Мiнгарвыканкама Вiталь Брэль.

Насычаная праграма
На гэтыя днi запланавана больш за 130 мерапрыемстваў. Напярэдаднi свята, 10 верасня, у Мiнскай гарадской ратушы пройдзе ўзнагароджанне мiнчан, якiя прымаюць актыўны ўдзел у ахове грамадскага парадку. У гэты ж дзень у Беларускiм дзяржаўным маладзёжным тэатры шматдзетным мiнчанкам уручаць ордэн Мацi.Праграма галоўнага дня пачнецца ў 11:00 з урачыстага ўскладання кветак да абелiска «Мiнск — горад-герой». Побач на тэрыторыi парку Перамогi чакае ваенна-патрыятычнае свята Дзень танкiстаў — з выставай баявой тэхнiкi i паказальнымi выступленнямi вайскоўцаў. У 12:00 святочная эстафета пяройдзе на пляцоўку каля Палаца спорту, дзе пачнецца Маладзёжны музычны фестываль: пяць сцэнiчных пляцовак, папулярныя выканаўцы i музычныя калектывы, забавы ў вiртуальнай рэальнасцi, лега-гарадок для дзяцей i зона адпачынку. Хэдлайнер фестывалю — рэпер Сярога. Таксама на гэтай пляцоўцы разгорнуцца гарачыя спаборнiцтвы за званне лепшага пажарнага-ратавальнiка.
Пройдуць гуляннi i ў кожным раёне горада: конкурсы i спартыўныя мерапрыемствы з выязным гандлем, квест-гульнi, фестывалi дзiцячай творчасцi, турыстычны спрынт, фотавыставы i выставы мастацкiх рамёстваў. Усё гэта адбудзецца ў знакавых месцах — напрыклад на «Чыжоўка-Арэне», у парку iмя Паўлава, Цэнтральным дзiцячым парку iмя Максiма Горкага. Усяго дзевяць пляцовак.

Хто рана ўстае
Лейтматывам нядзелi стануць спорт i творчасць. Доўгачаканы Мiнскi паўмарафон стартуе ад Палаца спорту ў 09:00 i абяцае быць вельмi масавым. Сёлета ён збярэ каля дзесяцi тысяч удзельнiкаў, ахапiўшы цэнтральныя праспекты, вулiцы i самыя знакамiтыя месцы Мiнска. На маршруце забегу марафонцаў чакаюць 12 музычных iнтэрактыўных пляцовак. Першымi ў 09:00 стартуюць бегуны на дыстанцыях 21,097 i 10,55 кiламетра, а ў 11:45 — на 5,5 кiламетра.ikras@sb.by