Усе дарогі вядуць у Тураў

Менавіта так падалося амаль усім гасцям Дня беларускага пісьменства. У мінулую нядзелю свята праходзіла ў Тураве, і, між іншым, у другі раз. Упершыню гэта адбылося ў 1995 годзе.
Як падкрэсліў намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Дражын, які ўрачыста адкрываў свята, праз Дзень пісьменства мы асэнсоўваем непарыўную сувязь друкаванага слова з гісторыяй нашага народа, шматвяковыя духоўныя традыцыі беларусаў, еднасць культур братніх славянскіх народаў. Тураў, нараўне з Полацкам, калыска дзяржаўнасці. Адзін з галоўных і гістарычна значных гарадоў не толькі для Беларусі, але і для ўсяго славянскага свету. Таму і плануецца, што ў бліжэйшыя гады Тураў стане цэнтрам турызму на Палессі. Неблагі і сімвалічны падмурак для гэтага — свята пісьменства, якое пачалося з пасадкі саду малітвы і святочнай літургіі ў храме ў гонар Усіх Святых. Госці таксама ўбачылі тэатралізавана-харэаграфічную дзею “Легенды Тураўскай зямлі”, змаглі наведаць выстаўку кніг айчынных выдавецтваў і тэматычную экспазіцыю, прысвечаную 60-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, фестываль дзіцяча-юнацкай прэсы і, дарэчы, сустрэцца з пісьменнікамі. Адным з цэнтральных мерапрыемстваў Дня пісьменства стала выстаўка прэсы, на ёй свае стэнды разгарнулі каля трыццаці газет і журналаў. Сярод іх, безумоўна, была і “Рэспубліка”, якую вельмі любяць і паважаюць жыхары Турава. Шматлікіх гасцей горада таксама прывабіла фальклорна-абрадавая “старонка”, якая змясцілася ля Замкавай гары. Тут прадстаўнікі дамоў рамёстваў і майстры не толькі жыткавіцкай зямлі, але і бліжэйшых раёнаў разгарнулі дзіўную экспазіцыю. Кожны жадаючы таксама мог пачаставацца разнастайнымі прысмакамі, якія прыгатавалі клапатлівыя палескія гаспадыні. А аматары спеваў і танцаў — пазнаёміцца з калектывамі мастацкай самадзейнасці Гомельскай вобласці. Увечары ўсіх чакалі традыцыйны феерверк і гала-канцэрт беларускіх выканаўцаў. Дарэчы, да свята Тураў пачаў рыхтавацца адразу, як прыняў эстафету Дня пісьменства ад Полацка. З пачатку года тут праведзена больш за дзесяць суботнікаў, устаноўлена каля дзесяці кіламетраў новых агароджаў, практычна ўсюды абноўлены фасады, дахі, заменены будынак аўтастанцыі, знесены старыя памяшканні, добраўпарадкаваны набярэжная, Замкавая гара і Барысаглебскія могілкі, на шэрагу вуліц пакладзены асфальт, праведзены ў Тураў і прыродны газ. Пасля ўсіх новаўвядзенняў, як прызнаўся старшыня пасялковага Савета Васіль Балбуцкі, горад амаль не пазнаць. ...І ўжо амаль сёння да наступнага Дня беларускага пісьменства пачаў рыхтавацца Камянец Брэсцкай вобласці, эстафету свята якому перадаў старажытны Тураў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter