«Усім, каго люблю, хай вам светла будзе...»

У КОЖНАГА чалавека свая доля, свой непаўторны лёс. І нездарма кажуць у народзе: што наканавана, тое і збудзецца. Але кожнаму хочацца шчаслівай долі, пра якую марым, спадзяемся, чакаем. Здзяйсненне задуманага шмат у чым залежыць і ад нашага старання, імкнення. Можна колькі хочаш марыць, але нічога дзеля гэтага не рабіць і потым скардзіцца на няўдалую долю. Не пра ашаламляльную славу і казачнае багацце, а каб «душою з небам гаварыць» мроіла апантаная творчасцю, моцная духам, таленавітая паэтка, перакладчыца, лаўрэат літаратурнай прэміі Аркадзя Куляшова, прэмій Усебеларускага фестывалю моладзі і «Берасцейская зорка», міжнароднай прэміі Рыгора Скаварады, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ніна МАЦЯШ, якой на пачатку гэтай восені споўнілася б семдзесят гадоў.

Душою з небам гаварыць марыла беларуская паэтэса Ніна Мацяш

У КОЖНАГА чалавека свая доля, свой непаўторны лёс. І нездарма кажуць у народзе: што наканавана, тое і збудзецца. Але кожнаму хочацца шчаслівай долі, пра якую марым, спадзяемся, чакаем. Здзяйсненне задуманага шмат у чым залежыць і ад нашага старання, імкнення. Можна колькі хочаш марыць, але нічога дзеля гэтага не рабіць і потым скардзіцца на няўдалую долю. Не пра ашаламляльную славу і казачнае багацце, а каб «душою з небам гаварыць» мроіла апантаная творчасцю, моцная духам, таленавітая паэтка, перакладчыца, лаўрэат літаратурнай прэміі Аркадзя Куляшова, прэмій Усебеларускага фестывалю моладзі і «Берасцейская зорка», міжнароднай прэміі Рыгора Скаварады, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ніна МАЦЯШ, якой на пачатку гэтай восені споўнілася б семдзесят гадоў.

Пяць гадоў таму яна адляцела ў свой незваротны вырай, пакінуўшы багатую спадчыну: літаратурныя зборнікі «Агонь», «Удзячнасць», «Ралля суровая», «Прыручэнне вясны», «Поўны келіх», «Жнівень», «Шчаслівай долю назаві», «Паміж усмешкай і слязой», «Душою з небам гавары», «Я вас люблю», дзіцячыя кніжкі, пьесы, музычна-паэтычны альбом «Бэзавая завіруха», пераклады замежных аўтараў, што выйшлі з друку пры яе жыцці, а таксама апошні паэтычны зборнік «У прыгаршчах ветру», надрукаваны ўжо пасля смерці паэткі. Яе творы перакладзены на рускую, украінскую, нямецкую, польскую, балгарскую і іншыя мовы. Яна і сама займалася літаратурным перакладам з нямецкай, польскай, французскай моваў.

Ніна Мацяш нарадзілася, вырасла і ўсё сваё жыццё правяла ў некалі ціхім палескім азёрным куточку, куды даўным-даўно лёс занёс яе далёкіх продкаў.

Вытокі гэтага вялікага роду каранямі ўходзяць у далёкае мінулае, а прозвішча сведчыць пра яго венгерскае паходжанне. У аднаго з нашчадкаў гэтага роду — з вялікай сям’і Язэпа Мацяша — умелі сябраваць і цаніць шчырасць, адкрытасць людзей, дбалі пра хлеб надзённы. Іх прасторная хата была бадай што самай вялікай у вёсцы Нівы Бярозаўскага раёна. Як сцвярджаюць вясковыя старажылы, некалі на гэтай сядзібе гаспадарыў мясцовы шляхціц. Але з часам руплівыя Мацяшы прыдбалі яго пляц з дыхтоўнай хацінай на дзве паловы і іншымі гаспадарчымі пабудовамі. Абнавілі стары сад, толькі векавыя дрэвы вакол сядзібы пакінулі для засцярогі ад сцюдзёных паўночных вятроў. Паглыбілі сажалку з залацістымі карасямі ды юркімі ўюнамі. За агародамі, як акінуць вокам, шырокая лугавіна. Месца вельмі ўдалае для вядзення гаспадаркі. Таму і трымалі ў моцных хлявах ды хлеўчыках кароў, коней, свіней, авечак, розную птушку. Вось толькі мужчынскіх рук не хапала на ўсю гэту вялікую мацяшову гаспадарку. Як не чакалі наследніка, а ўсё дзяўчаткі нараджаліся. Восем дачок адна за адной. Але дачакаліся і хлопчыка, якога ахрысцілі і назвалі Мікалаем. На яго і былі ўсе спадзяванні немаладога ўжо бацькі, які гаспадарыў заўзята на не надта ўрадлівых навакольных землях.

Гурты свойскай жывёлы пасвілі наўкол хутара, любілі рыбачыць на Чорным і Белым азёрах, імклівай Ясельдзе. Летам і ўвосень запасаліся багатай лясной і балотнай данінай. Так і жылі продкі Мацяшовага роду з пакалення ў пакаленне, як і ўсе тутэйшыя.

З маленства кожны ў сям’і меў пастаянны занятак, асабліва падчас летніх школьных канікулаў. Старэйшым сёстрам разам з маці ў полі спраў хапала, а малодшым даставаўся больш лёгкі занятак. Ніне бацькі даручалі гусей. Часта пасвіла іх на поплаве каля Белага возера.

Так сталася, што гэты самы поплаў стаў потым вясковым цвінтаром і прыняў назаўсёды паэтку Ніну Мацяш. Бронзавая птушачка каня, прымацаваная да надмагільнага крыжа, нібы пільнуе спачын паэткі, жыццё якой было напоўнена выпрабаваннямі.

У яе, як і ў старэйшых сясцёр Марыі і Ганны, у маладым узросце праз хваробу сталі нямець ногі. Куды не кідаліся, да якіх урачоў не звярталіся, ніхто рады даць не мог. Давялося ўслед за сёстрамі карыстацца інвалідным вазком. Бацька нават перарабіў сталярку ў хаце, каб дачкам зручней перасоўвацца.

У хаце яшчэ з даваенных часоў была швейная машынка «Зінгер». Сёстры добра яе асвоілі, і да позняй ночы не сціхаў зінгераўскі строкат. Абшывалі ўсе навакольныя вёскі. Пра спрытных мацяшовых швачак ведалі нават у суседніх раёнах. Але найбольшую славу сям’і, усяму роду прынесла літаратурная творчасць дачкі Ніны. Так атрымалася, што яе паэтычны росквіт супаў з даволі важнай падзеяй — будаўніцтвам Бярозаўскай дзяржаўнай раённай электрастанцыі.

У канцы пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя побач з патрыярхальнымі Нівамі заракаталі рухавікі першых будаўнічых машын і агрэгатаў, з’явіліся жылыя вагончыкі, у якіх нават зімавалі маладыя рамантыкі, што прыехалі ў гэты палескі куток узводзіць карпусы электрастанцыі, аб’яўленай Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўляй. Наехала багата моладзі, і, вядомая справа, усім хацелася быць яшчэ і моднымі. Заробкі дазвалялі такую раскошу.

Якраз у той час Ніна паспяхова закончыла дзесяцігодку ў Бярозе і падалася ў Мінскі інстытут замежных моў. Экзамены прайшла без асаблівых цяжкасцей, чым вельмі абрадавала ўсю радню і сяброў. Але пасля другога курса вучыцца на стацыянары праз хваробу стала немагчыма. Давялося перайсці на завочнае навучанне. І ўсё ж дабілася свайго, атрымала дыплом выкладчыка французскай мовы.

У юнацтве дэбютавала вершам у бярозаўскай раённай газеце «Маяк коммунизма», пры якой дзейнічала моцнае літаратурнае аб’яднанне. Потым падборкі яе вершаў друкаваліся і ў «Сельской газете». У часы студэнцтва яна не губляла сувязі з роднымі мясцінамі. Цікавілася жыццём землякоў, будаўніцтвам маладога горада. З дому ў пісьмах расказвалі, што за агародам на вачах паўстаюць шматпавярховыя жылыя дамы, а паміж Чорным і Белым азёрамі ўсё вышэй упіраецца ў неба магутны комін будучай Бярозаўскай ДРЭС.

У верасні 1970 года Белаазёрску прысвоілі статус горада раённага падпарадкавання. Менавіта ў гэты год першым паэтычным зборнікам «Агонь» Ніна Мацяш успыхнула на паэтычным небасхіле. Літаратурныя крытыкі высока ацанілі яе першую кніжку. А неўзабаве беларускі паэтычны Алімп асвятлілі яе новыя зборнікі. Вершы яе друкавалі многія беларускія газеты і часопісы. У 28 гадоў Ніна Мацяш уступае ў Саюз пісьменнікаў СССР. У рабочых інтэрнатах і вясковых клубах ладзіліся яе творчыя вечары, літаратурныя сустрэчы, правінцыяльную паэтку запрашалі ў прэстыжныя сталічныя аўдыторыі. Колькі мужнасці і цярпення было ў апантанай творчасцю дзяўчыны трымаць сябе ў форме, пастаянна змагацца з цяжкай хваробай. Пасля таго як поўнасцю перасталі слухацца ногі, аслаблі і рукі. Цяжка стала нават трымаць аловак, ручку. Штодзённы масаж і фізічныя практыкаванні крыху стрымлівалі прагрэсіруючую хваробу. А яшчэ духоўна падтрымлівалі, дапамагалі трымацца шматлікія пісьмы прыхільнікаў яе літаратурнай творчасці. Белаазёрскія паштавікі нават жартавалі, што Ніна Мацяш атрымлівае адна больш лістоў, чым увесь малады горад. Ёй пісалі з розных куткоў Беларусі, з Сібіры, Украіны і Казахстана, Польшчы і Францыі, Англіі і Балгарыі. І на кожнае пісьмо знаходзіла мажлівасць адгукнуцца.

Сярод гэтай разнастайнай пошты аднойчы прыйшоў і ліст ад настаўніцы Целяханскай школы-інтэрната Ганны Паўлаўны Карпук, якая шчыра дзякавала за цудоўны зборнік «Агонь» і прасіла падпісаць ёй кніжку. Паэтка адразу паслала ў Целяханы кніжачку з аўтографам. Так пачалося іх сяброўства. Потым кожны свой новы зборнік яна адпраўляла з подпісам для вясковай настаўніцы, якая ладзіла ў школе-інтэрнаце вечары беларускай паэзіі. Колькі дзіцячых сэрцаў Ганна Паўлаўна запаліла любоўю да паэтычнага слова праз палымяныя радкі вершаў Ніны Мацяш! Звычайная школьная настаўніца склала слоўнік афарызмаў любімай паэткі, дзе звыш тысячы прыкладаў. Да апошняга дня паэткі Ганна Паўлаўна трымала з ёю сувязь.

Акрамя паэтычнай творчасці Ніна Мацяш самастойна авалодвала замежнымі мовамі. У арыгінале чытала французскіх, польскіх, нямецкіх, балгарскіх, украінскіх класікаў літаратуры. Многія іх творы перакладала на родную мову. У яе перакладзе выйшлі кнігі: Жана Аліўе «У краіне індзейцаў», Антуана дэ Сент-Экзюперы «Планета людзей», «Маленькі прынц», Жоржа Сіменона «Першая справа Мегрэ», навэлы Гі дэ Мапасана. Гэта дзякуючы настойлівасці і мудрасці Ніны Язэпаўны ў Брэсце ўбачыў свет літаратурны альманах «Жырандоля».

А колькі іншых самых розных спраў, ідэй заўсёды было — і ўсё пачатае здзяйснялася. Часам людзі прыходзілі проста з жаданнем падзяліцца радасцю ці параіцца. І на кожнага ў яе хапала цярпення і мудрасці, каб выслухаць і, калі неабходна, даць параду. Гарадскія ўлады Белаазёрска ўсяляк дапамагалі паэтцы з наладжваннем побыту. Спачатку выдзелілі двухпакаёвую кватэру на першым паверсе новага пяціпавярховага дома, а з цягам часу кіраўніцтва Бярозаўскай ДРЭС вызначыла сродкі для пераабсталявання прасторнай трохпакаёвай кватэры ў цэнтры горада. Мясцовыя ўмельцы-рацыяналізатары паставілі ў пакоях зручную спецыяльную мэблю, бытавыя прыборы. Нават зрабілі прыладу з электрарухавіком, якая дапамагала хворай паэтцы самастойна ўздымацца са спальнага ложка.

У адным з вершаў Ніна Мацяш прызнаецца: «…мой дом не ведае замкоў...» І гэта была шчырая праўда. Яна ніколі ні ад каго не зачынялася. Пра гэта ведалі ўсе ў Белаазёрску. Школьнікі і моладзь, рабочыя і інтэлігенты, пенсіянеры і прадстаўнікі грамадскіх згуртаванняў пастаянна наведвалі яе кватэру, з густам аформленую і заўсёды старанна прыбраную. А сямейная пара Галіна і Валерый Скарыны сталі сапраўднымі членамі сям’і. Галіна Васільеўна, як настаўніца беларускай мовы і латаратуры, заўсёды з багатай выдумкай ладзіла ў кватэры паэткі розныя імпрэзы, сустрэчы з яе ўдзелам.

Пасля адкрыцця ў Белаазёрску прафтэхвучылішча энергетыкаў Ніне Мацяш прапанавалі там выкладаць нямецкую мову. Сябры шчыра падтрымалі ініцыятыву, а потым пастаянна дапамагалі дабірацца на працу. Яе інвалідны вазок часта можна было бачыць на гарадскіх вуліцах, у скверы. Гараджане лічылі за гонар прагуляцца з вядомай зямлячкай. А неўзабаве нямецкія сябры прыслалі спецыяльны вазок з рухавіком на электрычных батарэйках. Яна навучылася кіраваць і да апошняга дня карысталася ім.

І цяпер каля дома, дзе жыла паэтка, захаваўся той пандус для заезду з вуліцы ў кватэру, дзе ўсё захавалася па-ранейшаму. Шафы, паліцы з кнігамі на розных мовах. Амаль уся беларуская літаратурная класіка, карціны і партрэты родных, сяброў, а яшчэ кампазіцыі з пер’я, якія цудоўна рабіла сама гаспадыня. Пёркаграфіяй называла гэты занятак яе сяброўка, вядомая беларуская пісьменніца Алена Васілевіч. Цяпер гасцей у кватэры сустракае ветлівая Наталля Мацяш, жонка пляменніка Руслана, якому паэтка пакінула ўсю сваю спадчыну. Так склалася, што менавіта сын брата Мікалая застаўся адзіным захавальнікам вялікага роду Мацяшоў. Разам з сям’ёй Руслан жыве ў вялікай, добра дагледжанай вясковай хаціне, што ў Нівах, а ў гарадской кватэры прымаюць прыхільнікаў таленту Ніны Мацяш. Вось і ў юбілейны дзень нараджэння паэткі яе родныя Нівы і Белаазёрск, гмахі якога вокнамі глядзяць у вясковыя агароды, прымалі шматлікіх гасцей з Брэста, Мінска, іншых мясцін Беларусі, якія прыехалі на паэтычныя чытанні «Бабіна лета 2013 у Белаазёрску». Іх віталі арганізатары — супрацоўнікі Белаазёрскай гарадской бібліятэкі імя Ніны Мацяш і грамадскасць горада энергетыкаў. Удзельнікаў чытанняў на парозе бацькоўскага дому ў Нівах сустрэла малодшая сястра паэткі Алена і правяла па пакоях, падзялілася цікавымі ўспамінамі пра іх сялянскую сям’ю, з якой цяпер засталіся ў жывых яшчэ сёстры Вольга, Зінаіда і брат Мікола.

Дробны дожджык праводзіў гасцей, шлях якіх ляжаў да Белаазёрскага храма святога Серафіма Сароўскага, дзе айцец Ігар правёў літыю ў гонар слыннай зямлячкі. Жывымі кветкамі госці ўслалі магілу паэткі.

— Літаратурную спадчыну Ніны Мацяш цяжка пераацаніць, — адзначыла доктар філалагічных навук, прафесар Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта Зоя Мельнікава, якая прыехала з прадстаўнічай студэнцкай дэлегацыяй. — У юбілейны дзень нараджэння паэтка сабрала людзей родных ёй па крыві і духу. Сёння і надалей яе паэзія будзе дапамагаць нам жыць годна і прыгожа. Душа паэткі, як і яе лірыка, з любові і агню, і вельмі прыемна, што наша моладзь горнецца да яе паэтычнага слова, якое так прыгожа кладзецца на музыку. З такіх вось каштоўных паэтычных скарбаў ствараецца нацыянальная спадчына. І наша задача — беражліва захоўваць яе для нашчадкаў.

— На Брэсцкім Палессі, дзе шмат прыродных заказнікаў, цудоўных па прыгажосці мясцін, будзе яшчэ адна важная славутасць — літаратурны музей слыннай беларускай паэткі Ніны Мацяш, — адзначыла кандыдат філалагічных навук, дацэнт Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта Марыя Новік. — Тут будзе захоўвацца ўнікальная літаратурная спадчына, будзе жыць беларускае слова. Ніна Язэпаўна ўславіла гэты палескі куточак, уславіла свае Нівы і Белаазёрск. Сюды прыязджалі Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Данута Бічэль-Загнетава, Алесь Разанаў, Анатоль Вярцінскі і многія іншыя нашы слынныя літаратары. Літаратурная спадчына паэткі заўжды будзе запатрабаванай.

— Паэтычныя чытанні «Бабіна лета 2013 у Белаазёрску» вабяць людзей неабыякавых да прыгожай вонкава і духоўна Ніны Мацяш, — лічыць даўні сябра паэткі — сталічны літаратар Васіль Жуковіч. — Яна пакінула пасля сябе багатую высокамаральную спадчыну, якую мы абавязаны шанаваць для нашчадкаў. З цягам часу ў яе гонар назавуць вуліцу ў Белаазёрску, паўстане помнік паэтцы, выйдзе ў свет поўны збор яе твораў, пачне дзейнічаць літаратурны музей Ніны Мацяш, якая сваёй творчасцю ўсё гэта заслужыла.

— Мы — не перыферыя, мы — Беларусь, — падкрэсліў яшчэ адзін сябра паэткі літаратар Алесь Каско. — Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт рыхтуе да выдання кнігу пра Ніну Мацяш, творцу з беззапаветным патрыятызмам, якая выдатна пераклала на родную мову паэтаў французскай плеяды, што ўзнялі культуру сваёй краіны да сусветнага ўзроўню. І мова французская яшчэ больш загучала ў свеце дзякуючы таленавітым людзям. Такі талент і ў Ніны Мацяш, літаратурная спадчына якой — сусветнага ўзроўню.

А песціўся гэты талент у сціплай сялянскай сям’і, дзе з пакалення ў пакаленне перадаваліся працавітасць і шчырасць, цікавасць і павага да родных вытокаў. Высокамаральная паэзія Ніны Мацяш усё больш знаходзіць водгук у сэрцах людзей.

Удзельнікі паэтычных чытанняў шчыра апладзіравалі выканаўцам лірычных песень паэткі, белаазёрскім школьнікам, якія завяршылі паэтычныя чытанні цудоўнымі вершамі легендарнай Ніны Мацяш, якая дала запавет: «Усім, каго люблю, хай вам светла будзе».

Уладзімір СУББАТ

Фота аўтара

Бярозаўскі раён

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter