Обзор книг Сергея Песецкого "Яблычак" и Тамары Бунто "Чароўны кошык"

Урокi выжывання i дабрынi

Тамара Бунта. Чароўны кошык. Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2018.

У гэтых апавяданнях няма фантастыкi, там дзейнiчаюць звычайныя хлопчыкi i дзяўчынкi, iх бацькi, бабулi i дзядулi, настаўнiкi, суседзi... Ну, хiба што не заўсёды ў рэальным жыццi ёсць столькi святла, дабрынi i разумення. Таму, напэўна, i патрэбныя кнiгi, дзе ёсць своеасаблiвы маральны камертон, якi без пафасу i дыдактызму падказвае, як належыць учыняць. Вось хлопчыкi гарэзуюць, адзiн з iх парваў белую кашулю. А яму выступаць на сцэне са школьным хорам, ён салiст! Мацi, якая выхоўвае яго адна, не можа выдаткаваць грошай на яшчэ адну кашулю. Без параднага ўбору на сцэну не пусцяць. Што рабiць сябру хлопчыка, таксама харысту? Аддаць уласную кашулю, як той просiць? Цi заявiць — сам вiнаваты, цярпi? Цi пазычыць сваю старую, дзiравую вопратку? Цi вось тыповая сiтуацыя: аднакласнiца пачынае ўвесь час чапляцца да хлопца. Той не разумее, што адбываецца, хаваецца, крыўдуе. Нарэшце б’е нахабу заплечнiкам. Перажывае — як мог падняць руку на дзяўчынку? А «ахвяра» шчаслiвая: нарэшце аб’ект сiмпатыi адгукнуўся на «знакi ўвагi»! Смешная сiтуацыя? Але колькi перажыванняў у падлеткаў з–за такiх непаразуменняў! У кнiзе прывабныя вобразы дарослых: зразумеюць, падкажуць, падтрымаюць. Так бы заўсёды ў жыццi. Дадам, што кнiжка цудоўна аформлена вядомай мастачкай Аксанай Аракчэевай.

Сяргей Пясецкi. Яблычак. Менская трылогiя. Кнiга першая. Пераклад з польскай. Мiнск, 2018.

Адна з актуальных падзей культурнага жыцця — прэм’ера, якая рыхтуецца ў Купалаўскiм тэатры па кнiзе Сяргея Пясецкага «Яблычак». Для тых, хто перад спектаклем цi пасля яго захоча пазнаёмiцца з першакрынiцай — гэты пераклад. Пясецкi — кантрабандыст, шпiён, раманiст — персона выбiтная. I хаця яго творы напiсаныя на польскай мове, менавiта тут, на Беларусi, адбывалiся ўсе гэтыя неверагодныя падзеi з удзелам аўтара на пачатку ХХ стагоддзя, што сталiся матэрыялам ягоных кнiг. А раман «Яблычак» тым болей для нас цiкавы, што апiсвае Мiнск 1918 года. I такi Мiнск вы яшчэ не бачылi! «Тут канцэнтравалася прыфрантавое жыццё расейскага войска i адмiнiстрацыi, тут з рук у рукi розных легальных акул вайны перакiдвалiся казачныя сумы грошай. Тут на вецер выкiдвалiся цэлыя капiталы. Тут гралi ў карты, весялiлiся i гулялi афiцэры, якiя адпраўлялiся на фронт або адтуль вярталiся». Галоўны герой — Алiк Баран, чалавек трагiчнага лёсу. З аднаго боку, ён — рамантычны, байранiчны тып. Неверагодна цяжкое дзяцiнства. Сiрату злыя сваякi збiвалi, ледзь не замарылi голадам. Нават стаўшы аўтарытэтным злодзеем, ён захаваў здольнасць да высакародных учынкаў — рызыкуючы жыццём, выратоўвае са студнi дваровага сабаку, бо атаясамляе з iм сябе. Алiк Баран адораны талентам i харызмай. Каханне ў гэтага персанажа сапраўды рыцарскае: злодзей палка i пяшчотна кахае мяшчанскую дзяўчыну Паўлiнку, даруючы ёй нячуласць, сквапнасць i нават здраду. З другога боку, Алiк умее быць бязлiтасным у сваёй крымiнальнай iпастасi. Так што атрымлiваецца амаль Кармэн па–мiнску. Падзеi адбываюцца на Залатой Горцы, «Камароўцы», Нiжнiм рынку, Сляпянцы, на вулiцах Серпухоўскай i Каломенскай, Захар’еўскай i Губернатарскай. Думаю, па гэтай кнiзе можна вадзiць захапляльныя экскурсii па нашым горадзе.

Издания для обзора предоставлены книжным магазином «Академическая книга», Минск, пр-т Независимости, 72.

Ведущая рубрики Людмила Рублевская
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter