Дырэктар Іван Аверчанка. Плёсы роднага Сажа

Урокі Акцяброва

Плённа жывеш да таго часу, пакуль у цябе яго не хапае, згодны са мной дырэктар ААТ “Белаграздраўніца” Іван Аверчанка


СЯЛЯНСКІ сын з кармянскай вёскі Акцяброва Іван АВЕРЧАНКА з дзяцінства мроіў пра мора. Актыўна займаўся спортам. Дзіцячая футбольная каманда, у якой ён быў нападаючым, паспяхова ўдзельнічала ў папулярных у савецкія часы спаборніцтвах на прыз “Скураны мяч”. У юнацтве захапляўся цяжкай атлетыкай і атрымаў спартыўны разрад. Спяваў у вядомым на Гомельшчыне школьным хоры.

Пасля дзесяцігодкі выбраў эканамічны факультэт сталічнага Інстытута народнай гаспадаркі. Паспяхова закончыў яго. Пачынаў працоўную дзейнасць галоўным эканамістам калгаса “Руднянскі” Кармянскага раёна, кіраваў рагачоўскай гаспадаркай “Пераможац”, а потым Кармянскім раённым упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання, займаў адказную пасаду ў ЦК КПБ, працаваў намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Паўтара дзесяцігоддзі дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Белаграздраўніца” Беларускага аграпрамысловага саюза. Ліквідатар наступстваў чарнобыльскай аварыі.

Працоўная дзейнасць Івана Фёдаравіча адзначана ганаровымі граматамі Савета Міністраў Беларусі, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, знакам “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”.



РАЧНЫЯ плёсы Сажа, што перасякае Кармянскі раён, збіралі летам хлапчукоў з навакольных вёсак. Веласіпедамі ўздоўж невялікай рэчкі Касалянка амаль за дзесяць кіламетраў з  Акцяброва ганялі падлеткі да рачной плыні. У затоках лавілі залацістых карасёў, лінёў,  уюноў. Смажылі ў гліне, ласаваліся наварыстай юшкай, у якую да свежага ўлову дадавалі шматок сала.

У касавіцу на заліўных лугах дапамагалі дарослым нарыхтоўваць сена, дралі і сушылі лазу, у грыбныя гады назапашвалі пераважна баравікоў.

Касіць траву і хадзіць за плугам адзінага сына калгаснай даяркі Ганны Аверчанкі вучылі дзяды Піліп і Пімен і родныя браты Мікалай, Іван, Міхась, Лаўрэн, Пятро. Побач у вялікай кармянскай вёсцы Акцяброва жылі маміны сёстры — Фрося, Надзея і Зіна — яны працавалі ў калгаснай паляводчай брыгадзе. Ганна Піліпаўна даіла кароў. Іванка дапамагаў ёй. У час канікулаў падымаўся рана, і разам ішлі на ферму. Раздавалі кармы, чысцілі стойлы, даілі кароў.

А зімою ён з дзедам Піліпам нарыхтоўваў дровы. У працы і вучобе ўсё ладзілася ў падлетка. Уважліва слухаў на ўроках, што праводзіліся ў былым доме святара, першую настаўніцу Таццяну Пятроўну Кісель.

У вольны час дзядуля прызвычайваў унука да бондарства. Хлопчык падганяў вычасаныя дзедам клёпкі да бочак, дзежак, цэбраў і іншых вырабаў. На базары ў рагачоўскім мястэчку Журавічы разбіралі патрэбны ў гаспадарцы бондарскі тавар.

Састарэлы Піліп славіўся не толькі залатымі рукамі, але і майстэрствам скрыпача. У іх хаце па суботах збіралася моладзь — патанчыць пад скрыпку.

— Не паспеў пераняць у дзеда навыкі музыкі, — узгадвае Іван Аверчанка. — А так цягнула да скрыпкі, якая засталася ў хаце. Стаў самастойна вучыцца, але нічога не атрымалася. Ад няўмення скрыпку сапсаваў. У гаспадарчых справах многаму навучыўся ў маміных братоў, якія слылі выдатнымі цеслярамі і сталярамі. У пасляваенныя гады, калі вёскі адбудоўваліся, працы ім хапала.

Мне і дзесяці гадоў не было, як не стала маміных бацькоў. Многія гаспадарчыя справы ляглі на мяне.

— Пэўна, знаходзіўся час, каб пагуляць з равеснікамі?

— У Акцяброве масава гулялі ў футбол. Пяць дзіцячых каманд спаборнічалі паміж сабою. Школьны фізрук Аляксандр Аляксандраў, які прыехаў з Рагачова, адабраў самых заўзятых, і я трапіў у каманду. Перамаглі ў Кармянскім раёне і ўдзельнічалі ў фінале абласных спаборніцтваў на прыз “Скураны мяч”.

— Спорт захапляў?

— Займаўся ім, бо хацеў быць дужым. Марыў пра мараходнае вучылішча, матроскую форму з бесказыркай. Імкнуўся вучыцца, каб стаць мараком дальняга плавання. Захаплялі ўрокі гісторыі, што выкладаў дырэктар, былы франтавік Кузьма Клімаў, які прымаў удзел у вызваленні многіх беларускіх гарадоў і сёл ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Пасля выхаду на пенсію ён пераехаў у Мінск і быў намеснікам старшыні Беларускага савета ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Частымі гасцямі школы былі франтавікі, якія расказвалі пра змаганне з ворагам. Рыхтавалі канцэрты на такія сустрэчы, прымалі ўдзел у раённым і абласным аглядах школьнай самадзейнасці. Наш шматгалосы дзіцячы хор славіўся на Гомельшчыне. Выступалі і ў суседняй Ліцвінавіцкай школе, вядомай сваёю камунай. У першыя гады савецкай улады зямляк Панцеляймон Лепяшынскі звярнуўся да Леніна з просьбай паслаць яго ў родныя мясціны для стварэння школы-камуны для сялянскіх дзяцей. Пабудаваная па прынцыпе спалучэння навучання з карыснай працай, яна праіснавала каля года. Запомнілася экскурсія па мемарыяльным музеі імя Лепяшынскага. Уразілі рэчы, якія мелі непасрэднае дачыненне да жыцця сына праваслаўнага святара, які стаў вядомым рэвалюцыянерам.

Ліцвінавічы, як і многія іншыя кармянскія вёскі, накрыла чарнобыльская хмара. Нежылымі сталі суседнія вёскі Струмень, Залатаміно, Васільеўка. І маю родную вёску Акцяброва не мінула чарнобыльская бяда. Многія падворкі апусцелі, дамы знесены. Мала вучняў стала ў сярэдняй школе, дзе раней вучылася амаль паўтысячы хлопчыкаў і дзяўчынак.

Камсамольская арганізацыя Акцяброўскай сярэдняй школы славілася добрымі справамі. Колькі радасці ў мяне было, калі выбралі членам камітэта камсамола школы. Пасля заканчэння дзесяцігодкі атрымаў рэкамендацыю райкама камсамола на паступленне ў сталічны Інстытут народнай гаспадаркі, куды падалі дакументы дзесяць аднакласнікаў. Толькі мне пашчасціла з першага разу стаць студэнтам. Пасля ўступных экзаменаў вярнуўся дамоў і расцілаў калгасны лён пад жнівеньскія росы. Справіў абноўкі і паехаў у Мінск вучыцца.

У студэнцкія гады працаваў у будаўнічых атрадах. Усё лета не вылазіў з гумавых ботаў на меліярацыйных аб’ектах у пойме ракі Арэсы, пад спякотным сонцам у Казахстане будавалі саманныя домікі, узводзілі пасёлак Стрыжавы ў Цюменскай вобласці. Праца загартоўвала і матэрыяльна падтрымлівала.

— А ў час вучобы дзе практыкаваліся?

— У салігорскім саўгасе “Гарняк” і ў гаспадарках Мінскага раёна. На пераддыпломнай практыцы падрыхтаваў графікі да абароны сацыялістычных абавязацельстваў калгаса і за гэта атрымаў  30 рублёў прэміі. Насычана і цікава прайшлі гады студэнцтва. Разам з дыпломам на руках было і накіраванне на працу галоўным эканамістам кармянскага калгаса “Руднянскі”, а праз паўгода пайшоў у армію. Служыць выпала на поўдні Украіны, дзе Паўднёвы Буг упадае ў Чорнае мора, якім хварэў у дзяцінстве.

— Мора ўбачылі. Пасля службы ў арміі зноў праца ў гаспадарках на пасадзе галоўнага эканаміста, грамадская дзейнасць, кіраванне калгасам, і нават сельскагаспадарчай галіной раёна, сталічныя адказныя пасады. А як складвалася асабістае жыццё?

— У рагачоўскай вёсцы Красніца — цэнтральнай сядзібе калгаса “Пераможац” — у мой кабінет галоўнага эканаміста зазірнула прываблівая дзяўчына, выпускніца Гомельскага ўніверсітэта Валянціна Ганчарова, якую прыслалі ў вясковую школу выкладаць матэматыку. Сваёй прыгажосцю ўскалыхнула яна маё сэрца. Паўгода сустракаліся і ў маі згулялі вяселле.

— У народзе кажуць: хто ў маі жэніцца, будзе ўсё жыццё маяцца.

— Гэта не пра нас. Дзвюх дачок выхавалі. Абедзве закончылі той жа інстытут, дзе я вучыўся. Наталля працуе галоўным эканамістам у Белзнешэканамбанку. Малодшая Юля пасля заканчэння факультэта міжнародных эканамічных зносін практыкавалася ў Англіі і Амерыцы. Валодае англійскай і французскай мовамі. Ва ўпраўленні міжнароднага бізнесу Белаграпрамбанка кіруе аддзелам. Траіх унукаў маем: Івана, Іллю і Мацвея. Зяці Аляксандр і Васіль таксама банкаўскія служачыя.

— Іван Фёдаравіч, вы ліквідатар наступстваў аварыі на ЧАЭС. Які непасрэдны ўдзел вы прымалі?

— У першыя дні пасля яе з гаспадарак Брагінскага раёна вывозіў жывёлу, якая па некалькі дзён стаяла няпоеная і някормленая. Даймала спякота. Жудасна было чуць і бачыць, як нядоеныя каровы раўлі. Паілі іх і грузілі на аўтамашыны.

— Праца эканаміста звязана ў асноўным з лічбамі, а ці можа ён паўплываць на прыняцце важных рашэнняў?

— Безумоўна. У гады станаўлення дзяржаўнасці ў Беларусі востра стаяла праблема забеспячэння харчаваннем. З-за нізкіх цэн нашу прадукцыю вывозілі. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі, дзе я працаваў намеснікам міністра па знешнеэканамічных сувязях, прыкладалі намаганні па рэгуляванні экспарту і імпарту тавараў, дбалі пра забеспячэнне рэспублікі сваёй сельгаспрадукцыяй. Амерыканцы падкінулі танныя кумпячкі, празваныя народам “ножкамі Буша”, з мэтай загубіць нашу птушкагадоўлю і потым рэзка ўзняць цыны. Але не атрымалася. Зараз у Расіі эмбарга падштурхнула развіваць вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі. За апошні час інтэнсіўна развіваецца расійская сельская гаспадарка. Узмацняецца канкурэнтная барацьба на міжнародным спажывецкім рынку. Выйграе той, хто вырабляе больш якасны і менш затратны тавар. Нашы вучоныя і практыкі павінны вышукваць рэзервы зніжэння сабекошту сельгаспрадукцыі. Мы заключаем дагаворы на пастаўку высакаякасных і даступных па цэнах прадуктаў харчавання ў санаторыі ААТ “Белаграздраўніца”.

— Іван Фёдаравіч, лічыцца, што жывеш да таго часу, пакуль у цябе яго не хапае. А ў вас як?


— У мяне заўсёды дэфіцыт часу. Мо гэта і добра. Ніколі не спыняюся на дасягнутым і заўжды імкнуся да лепшага.

— Пятнаццаць гадоў таму вы ўзначалілі ААТ “Белаграздраўніца”. У якім стане былі санаторыі?

— У непрыглядным. Пачалі з рамонту карпусоў, павысілі культуру абслугоўвання адпачываючых. Беларускія здраўніцы набываюць усё большую папулярнасць за мяжою. Цяпер палавіна адпачываючых у нас — грамадзяне Расіі, краін Балтыі, Польшчы, Германіі, і нават Ізраіля. Найбольш запатрабаваны санаторый “Радон”. Многія адразу набываюць пуцёўку на наступны год.

— Якія аздараўленчыя ўстановы аб’ядноўвае адкрытае акцыянернае таварыства “Белаграздраўніца”?


— Дарослых адпачываючых прымаюць санаторыі “Радон” у Дзятлаўскім раёне, “Сасновы бор” непадалёку ад сталіцы, “Парэчча” ў Гродзенскім раёне, любанскі “Рассвет”, а таксама дзіцячыя санаторыі “Случ”, “Налібоцкая пушча”, “Сонейка” на Міншчыне і “Расінка” ў Віцебскай вобласці. Акрамя гэтага, у санаторыях для дарослых дзейнічаюць дзіцячыя аддзяленні.

Усе медыцынскія супрацоўнікі санаторыяў маюць вышэйшую ці першую кваліфікацыйную катэгорыю. Вышэйшая катэгорыя прысвоена атэстацыйнай камісіяй санаторыям “Радон” і “Рассвет”,  астатнія пацвердзілі першую. На міжнародным конкурсе “Выбар года-2015” санаторый “Радон” прызнаны лепшым і ўзнагароджаны ганаровай граматай, а Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па выніках мінулага года лепшымі прызнаны і ўзнагароджаны ганаровымі граматамі дзіцячыя санаторыі “Случ” і “Расінка”.

Штогод у здраўніцах папраўляюць здароўе звыш 50 тысяч дарослых і дзяцей, у тым ліку па праграме Саюзнай дзяржавы звыш 5 тысяч дзяцей і дарослых. Пастаянна аснашчаем нашы ўстановы самым сучасным медыцынскім абсталяваннем.

Для вернікаў каля мінеральнай крыніцы ў “Радоне” пабудавалі і асвяцілі часоўню, а ў дзіцячым санаторыі “Расінка” на Віцебшчыне — праваслаўны храм у гонар святога Панцеляймона.

— Што вас як кіраўніка “Белагра- здраўніцы” найбольш хвалюе?


— Фінансавыя праблемы. Адпачываючыя дадаткова плацяць за пуцёўкі 5 працэнтаў так званага курортнага збору, які прызначаны для паляпшэння інфраструктуры, але ён у нас не застаецца. За гэтыя сродкі маглі б яшчэ лепш абсталяваць нашы санаторыі.

— Кожны з санаторыяў “Белаграздраўніцы” мае асаблівасці. Якія яны?

— У кожнага свае якасці мінеральных крыніц. Для прафілактыкі захворванняў нырак лепшай вады, як у “Рассвете”, у рэспубліцы няма. Лячэнню страўніка спрыяюць крыніцы ў “Парэччы” і “Сасновым бары”. Апорна-рухальны апарат лепш за ўсё лячыць гразямі ў “Радоне”. У санаторыях плануем адкрываць новыя аддзяленні. У кожным ствараем лячэбніцы. Завозім з салігорскіх руднікоў мінеральную соль і лечым дыхальныя органы. У чатырох бурштынавых пакоях створаны ўмовы для аздараўлення хворых на шчытападобную залозу і нервовую сістэму. Гэты вопыт перанялі ў Башкірыі. Эфектыўна лечым прастату ў мужчын. За пяць блакад газавых уколаў здымаем болі ў суставах.

Спецыялісты здраўніц цесна супрацоўнічаюць з профільнымі кафедрамі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі і медыцынскімі ўніверсітэтамі краіны. За кожным санаторыем замацаваны адпаведныя кафедры, супрацоўнікі якіх прыязджаюць і праводзяць кансультацыі з адпачываючымі. Як вынік такой плённай дзейнасці — у любанскім санаторыі “Рассвет” арганізавана лячэнне пацыентаў на санаторна-курортным этапе з паталогіяй нырак. Многія пацыенты, якія раней лячыліся ў Трускаўцы ва Украіне, цяпер едуць у беларускі санаторый. Як і тыя, хто лячыўся водамі Моршына і Баржомі, цяпер маюць магчымасць гэта рабіць у гро- дзенскім санаторыі “Парэчча”. Новымі планамі і задумамі жыве старанны калектыў ААТ “Белаграздраўніца”.

— Іван Фёдаравіч, пра што вам марыцца, аб чым шкадуеце?

— Каб як мага больш паспець зрабіць. Працай жыву і радуюся кожнаму поспеху. А шкадую, што час хуткацечны і не паспяваю ўсё задуманае здзейсніць, асабліва на сваёй малой радзіме.

— Вы адчуваеце ўзрост?

— Па-ранейшаму ганяю ў футбол. Нядаўна ляцеў за мячом і спатыкнуўся. Дзве рабрыны зламаў. Але з футболам не расстаюся. Праводзім першынства сярод калектываў здраўніц. Гуляем і ў валейбол, тэніс. Давялося шмат паездзіць па свеце і многае ўбачыць, але мілей за беларускія краявіды няма. Чаго толькі вартыя плёсы роднага Сажа.

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter