Ураджай залежыць і ад дрэнажу
03.04.2013 15:00:53
Яшчэ пад завязку снегу і прамёрзлая зямля. Аднак на палях ААТ «Узмёнскі край» і «Чэрасы» Міёрскага раёна поўным ходам вядуцца земляныя работы. Меліяратары мясцовай ПМС займаюцца ўкладкай дрэнажу
У брыгадзе дрэнажнікаў — 5 чалавек: брыгадзір Аляксандр Качан, машыніст экскаватара ЭТЦ -202 Мікалай Усціновіч, яго памочнік Мікалай Епіфанаў, рабочыя Сяргей Грыгор’еў і Яўген Вайцюль.
— Работы пачалі яшчэ ў лютым, — уступае ў гаворку экскаватаршчык Мікалай Усціновіч. — Хутка, як летам, рухацца не даводзіцца, але і на месцы не стаім. Сёння, як бачыце (паказвае на роўныя доўгія канаўкі чарназёму на белым снезе), таксама нямала прайшлі. Канечне, зямля месцамі прамёрзла на паўметра. Але гэтаму даём рады. Глебу нам рыхліць на магутным трактары Т-130 Сяргей Ліпскі. Так што стаяць не даводзіцца. Праклалі дрэнажу 6 кіламетраў. Засталося столькі ж.
Узнікае законнае пытанне: «А навошта так спяшацца? Ці не лепш было б пачакаць цёплых дзянькоў і ўсё зрабіць у нармальных умовах?»
Мы павінны здаць гатовае поле, 56 гектараў, да пасяўной, — адказваюць меліяратары. — І пастараемся не падвесці хлебаробаў!
Уладзімір САУЛІЧ, “БН”
Фота аўтара