Персанал сучаснай Шаркаўшчынскай раённай бальніцы дапамагае землякам жыць даўжэй

Урачам - кватэры, пацыентам - маладзільныя ванны

ТРОХІ больш за пяць гадоў таму ў Шаркаўшчыне пабудавана новая бальніца, якая адметная сваёй архітэктурай. Але не толькі знешнім выглядам вызначаецца гэты медкомплекс. Дзякуючы эфектыўнаму абсталяванню, высокаму прафесіяналізму персаналу ён стаў лячэбным цэнтрам не толькі для жыхароў свайго раёна і суседніх, але і блізкага замежжа. За гэты перыяд колькасць шаркаўшчынцаў, якія пацярпелі ад траўм, атручвання, скарацілася ў два разы.


Цікаўлюся ў галоўнага ўрача УЗ “Шаркаўшчынская цэнтральная раённая бальніца” Станіслава СТОМЫ, увогуле, што змянілася за гэтыя пяць гадоў работы?

— У СТАРОЙ бальніцы ўсе аддзяленні знаходзіліся ў асобных памяшканнях, а паліклініка і наогул за некалькі кіламетраў. Кожны жыў у сваім маленькім “мірку”: хірургі — асобна, тэрапеўты — асобна, педыятры — асобна і гэтак далей. Цяпер жа ўсе ў адным доме, пад адным дахам, як адна сям’я. Кожны стараецца, каб не падвесці адзін аднаго. Калектыў амаладзіўся. Толькі летась прыйшло 15 чалавек сярэдняга медперсаналу. Сёлета прымаем двух урачоў. Папоўніліся тэрапеўтамі, педыятрамі. Значнай цякучкі кадраў няма. Усе вакансіі, у тым ліку і вузкіх спецыялістаў, поўнасцю запоўнены.

— Даволі незвычайны факт па сённяшнім часе…

— Адна з галоўных прычын — кожнаму адразу прадастаўляецца жыллё. Пачалося гэта, калі старшынёй райвыканкама быў Мечыслаў Морхат, які, дарэчы, і ўводзіў у строй бальніцу. Зразумелі: не будзе жылля — не паедуць у глыбінку і спецыялісты. Цяпер, калі ведаем, што да нас па разнарадцы накіроўваецца доктар, наперад даём заяўку ў райвыканкам на жыллё. Ні разу не адмовілі. Толькі за апошнія два гады атрымалі кватэры 6 урачоў і 2 фельчары з “хуткай дапамогі”. Але самае важнае ў тым, што кадры ў нас у сваёй большасці мясцовыя, са свайго раёна. Гэта мой намеснік Мікалай Манкевіч, які пачынаў працаваць яшчэ 35 гадоў назад у якасці ўчастковага тэрапеўта, загадчык хірургічнага аддзялення Іван Лаўрыновіч, загадчык паліклінічнага аддзялення Крысцiна Чарняўская, эндакрынолаг Таццяна Сакалова і іншыя.

Галоўны ўрач УЗ “Шаркаўшчынская цэнтральная раённая бальніца” Станіслаў СТОМА, загадчык паліклінічнага аддзялення Крысціна
ЧАРНЯЎСКАЯ і намеснік галоўнага ўрача Мікалай МАНКЕВІЧ.

— Калі ні зойдзеш у паліклініку ў Шаркаўшчыне, асабліва пасля абеду, на калідорах пуста. Станіслаў Тадэвушавіч, што у вас, людзі не хварэюць?

— Хварэюць, канечне. Але Шаркаўшчына — гэта ж “вёска”. Мы вядзём, як і належыць, электронны запіс пацыентаў на двух камп’ютарах. Талон, напрыклад, на 12 гадзін, а ў чалавека з вёскі аўтобус прыбывае ў 8—9 гадзін. Таму, які б час прыёму ўрача нашым людзям ні ставілі, яны прыйдуць усё роўна з самай раніцы. І вось набіраецца чарга, напрыклад, да хірурга да 10 чалавек. І тады падключаем да прыёму другога, або і трэцяга хірурга са стацыянара, таму што абслужыць як мага лепей хворых для нас — закон. А калі на прыёме ў паліклініцы практычна нікога няма ў таго ж хірурга, ён дапамагае калегу ў бальніцы ў правядзенні аперацыі. Вось такая ўзаемавыручка!

— Шаркаўшчына — самы сельскі раён у рэспубліцы, дзе фактычна няма прадпрыемстваў, за выключэннем невялікага завода агародніны. Сярэдняя працягласць жыцця людзей тут складае 75 гадоў, што вызначана праграмай дасягнуць яшчэ толькі ў 2020 годзе. Даўжэй жывуць тут як мужчыны, так і жанчыны. Калі па рэспубліцы мужчыны — 68 гадоў, а жанчыны — 78, то ў Шаркаўшчынскім раёне адпаведна 69,5 і 80. Іншымі словамі — на 1,5—2 гады болей.

— Тут некалькі фактараў. Па-першае, няма дзіцячай смяротнасці. Па-другое, насельніцтва ў нас пераважна сельскае. А ўлічваючы яго псіхалогію — звяртаюцца да ўрача, толькі калі вельмі прыцісне, — то мы самі імкнёмся дайсці да кожнага. Як гэта выглядае на практыцы? Гарадскі пасёлак і сельская мясцовасць раёна падзелены на ўчасткі, за якімі замацаваныя адпаведныя ўрачы Шаркаўшчынскай бальніцы. У сельскай мясцовасці маем 3 амбулаторыі, у Германавічах, Лужках і Ёдах, а таксама 18 ФАПаў. Кожны чацвер у нас выезд брыгад урачоў з цэнтральнай бальніцы ў амбулаторыі і ФАПы. Мы вызначаем загадзя, якога профілю ўрачы запатрабаваны. У студзені, напрыклад, былі ў ФАПе ў Більдзюгах ААТ “Жвіранка”. Эндакрынолаг прымаў дыябетыкаў, педыятр — дзяцей, нарколаг — “сваіх” пацыентаў. Абавязкова лабарантка, якая возьме кроў на аналіз. Не прамінаем і такія маленькія вёсачкі, як Варонка, дзе ўсяго 20 жыхароў. Заглядваем і туды, дзе адзін-два чалавекі. Калі па шляху, чаму б не заехаць? Другі аспект — пасля выкліку “хуткай дапамогі” да хворага абавязкова наведваецца ўрач: або выпісвае неабходныя лекі, або шпіталізуе.

Малады ўрач Аляксандр РЫМДЗЁНАК абследуе ў прыёмным пакоі бальніцы пацыента.

— А ці хапае месца ўсім хворым?

— Яшчэ 20 гадоў таму ў раёне было 26 тысяч жыхароў, а сёння — 15 тысяч. Аднак, калі ў тэрапіі тады за год лячыліся 800 чалавек, то цяпер 1000—1100. Тым часам колькасць ложка-дзён, праведзеных хворымі ў бальніцы, змяншаецца. Парадокс? Насельніцтва старэе і хварэе, зразумела. Але тут справа ў іншым. Мы людзей абследуем і кладзём у бальніцу на пачатку хваробы ці хранічна хворых. Толькі эндаскопам правяраем за год да тысячы чалавек. За 4 гады — 4 тысячы (або палову ўсяго дарослага насельніцтва Шаркаўшчыны). Тым самым папярэджваем доўгае знаходжанне на бальнічным ложку: замест 18—21 — 7 дзён, не расходуем лішнія дзяржаўныя сродкі і вылечваем людзей.

— Хаця бальніца новая, ці ёсць праблемы старыя?

— Самая вострая на сёння — “перасяліць” з паўпадвала стаматалагічнае аддзяленне ў будынак старой паліклінікі. Складзены каштарыс на яго рамонт. Застаецца фінансаванне.

— Станіслаў Тадэвушавіч, як бачна па мностве дыпломаў і кубкаў у вашым кабінеце, калектыў не абмяжоўваецца толькі працай, але прымае самы актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна?

— Так, летась наша каманда заняла першае месца ў турыстычным злёце. Выступаем практычна на ўсіх раённых спартыўных форумах: па лыжах, лёгкай атлетыцы. Прымаем актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці як на раённым узроўні, такі ў вобласці і рэспубліцы. Усё гэта яднае калектыў, спрыяе плённай працы.

У фізіятэрапеўтычным кабінеце медсястра Марына ІСАКОВІЧ “наводзіць прыгажосць” пацыентке.
РАЗАМ з галоўным урачом, яго намеснікам Мікалаем Манкевічам і загадчыкам паліклінічнага аддзялення Крысцінай Чарняўскай ідзём па бальнічна-паліклінічным комплексе. У прыёмным пакоі адразу нечаканасць. Тут хворых прымала не медсястра, як заведзена, а малады ўрач, нядаўні выпускнік Віцебскага медуніверсітэта Аляксандр Рымдзёнак. Ён аказвае пацыенту неабходную дапамогу, дакладна вызначае, у якое аддзяленне бальніцы накіраваць. “Мець урача на прыёме ў бальніцы — даўняя наша мара”, — пракаменціраваў факт Станіслаў Стома.

Нельга не звярнуць увагу на “пагалоўную” камп’ютарызацыю. Электронныя памочнікі ўстаноўлены ва ўсіх кабінетах урачоў. У камп’ютар заносіцца ўся неабходная інфармацыя аб пацыенце. У электронную картку трапляюць вынікі абследаванняў, рэцэпты на лекі. Урач пазбаўляецца ад неабходнасці запаўняць шэраг папер і мае магчымасць больш увагі ўдзяліць хвораму. Камп’ютарызацыя не заканчваецца толькі ў сценах самой бальніцы. Паспяхова ўкаранілі відэасувязь з абласнымі і рэспубліканскімі медцэнтрамі, з яе дапамогай доктар у лічаныя хвіліны можа атрымаць кансультацыю наконт таго ці іншага хворага. Так званая відэатэлемедыцына.

А вось кабінет функцыянальнай дыягностыкі. Тут устаноўлены апарат “Холтэр”, з дапамогай якога праводзіцца маніторынг сэрца на працягу сутак або нават трох, для чаго на розных участках цела пацыента прымацоўваюцца спецыяльныя датчыкі, з якімі ён і ходзіць. Медсястра Кацярына Бука тлумачыць:

— Мы працуем на гэтым апараце са снежня мінулага года. На звычайным ЭКГ проста немагчыма заўважыць, што адбываецца з сэрцам у пацыента ў розныя гадзіны сутак. А тут усё бачна, усё фіксуецца. Урач потым аналізуе паказанні і назначае комплекснае лячэнне. Вельмі дапамагае апарат, калі праходзяць камісію прызыўнікі. Мы цяпер можам дакладна ацаніць, як той ці іншы пераносіць нагрузкі. Тут жа ў кабінеце і велатрэнажор, на якім пацыент круціць педалі: дае работу мышцам і сэрцу.

У кабінеце ультрагукавой дыягностыкі працуе малады ўрач-тэрапеўт Таццяна Сокалава. Родам з Шаркаўшчыны, жыве з бацькамі. У Мінску закончыла чатырохмесячныя курсы па ўльтрагукавой тэрапіі. У сярэднім за дзень абследуе 15 чалавек. Чаргі няма. Пры неабходнасці працуе звыш рабочага часу, нават у суботу. Ёсць і пераносны апарат — для ляжачых хворых.

Гонар новага бальнічнага комплексу — водалячэбніца, дзе размешчаны тры ванны: для падводнага душу-масажу, гідрамасажу і падводная выцяжная, устаноўленая год назад. Апошняя карыстаецца асаблівым попытам у жыхароў свайго раёна і суседніх, бо на ёй, як паведала Крысціна Чарняўская, лечацца паталогіі пазваночніка, такія як астэахандроз, грыжа, бакавы сіндром, скрыўленне. Курс працэдур у гэтай ванне гарантуе потым пацыенту жыццё без болю на доўгі час. Мне расказалі гісторыю жанчыны з Шаркаўшчыны, якой не дапамагалі ні ўколы, ні таблеткі, а прайшла курс лячэння ў ванне, і забыла пра немач.

Адметны і фізіятэрапеўтычны кабінет, у якім, акрамя звычайных працэдур — электрафарэзу і цеплалячэння,— ёсць лячэбна-прафілактычная касметыка. Медсястра Марына Ісаковіч амалоджвае пацыентаў: накладвае маскі на твары з гліны, серабра, розных гаючых крэмаў, пазбаўляе ад цэлюліту. Жанчынам Шаркаўшчыны, і не толькі яе, вельмі спадабаюцца гэтыя працэдуры. Тым больш што для гарадскога пасёлка цэны даволі прымальныя.

І апошняе набыццё Шаркаўшчынскай бальніцы — новы флюараграфічны комплекс, наладку якога заканчвалі спецыялісты пры нашым наведванні.

Леакадзія ЗУЙ, вёска Каўшэлева:

— Я працавала 37 гадоў ветурачом у калгасе імя Фрунзэ, цяпер — ААТ “Жвіранка”. Работа нялёгкая была, выклікалі і днём, і ноччу. Вядома ж, здароўе “падупала". Ляжала ў старой бальніцы і вось цяпер — у новай. Не параўнаць. Якая прыгажосць! У палаце і ванна, і туалет. А сёстры якія добрыя. Вось на ўльтрагукавое даследаванне мяне вадзілі, да акуліста, кардыяграму рабілі. Есці даюць смачнае і сытнае. Такую вялікую катлету прынеслі, што толькі палавіну з’ела...

Людміла з аграгарадка Германавічы, інвалід 3-й групы:

— Я час ад часу папраўляю здароўе ў гэтай бальніцы, і не толькі лекамі. Тут і масаж, і лячэбная фізкультура.

 Валерый РАЙЧОНАК, пенсіянер:

— Давялося пабываць у розных бальніцах вобласці. Не скажу, што там дрэнна, але тут усё-такі лепш. У мяне асобная палата, тэлевізар. Па некалькі разоў за дзень падыдуць медсёстры, урач, загадчык аддзялення Раіса Станіславаўна Рымчонак. Паляжаў пяць дзён — і адчуваю сябе ўжо куды лепш. А прыйшоў сюды — задыхаўся...

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter