Упэўненыя крокі “Кроку”

Ігналінскую атамную станцыю і горад Вісагінас у Літве ў свой час узводзілі ледзь не ўсім светам. Яшчэ літаральна дзесяць гадоў назад тут пражывалі прадстаўнікі 56 нацыянальнасцяў, цяпер крыху менш. Большая частка жыхароў гэтага унікальнага горада працягвае працаваць на Ігналінскай атамнай станцыі альбо на прадпрыемствах, якія так ці інакш звязаны з гэтым аб’ектам.
Сяргей Шабадалаў і Валянціна Іванова на адным са святаўІгналінскую атамную станцыю і горад Вісагінас у Літве ў свой час узводзілі ледзь не ўсім светам. Яшчэ літаральна дзесяць гадоў назад тут пражывалі прадстаўнікі 56 нацыянальнасцяў, цяпер крыху менш. Большая частка жыхароў гэтага унікальнага горада працягвае працаваць на Ігналінскай атамнай станцыі альбо на прадпрыемствах, якія так ці інакш звязаны з гэтым аб’ектам.

У Вісагінасе існуюць дванаццаць нацыянальных грамадскіх арганізацый. Свае суполкі маюць беларусы, украінцы, эстонцы, татары, узбекі... Беларускі культурны цэнтр называецца “Крок”, яму ўжо трынаццаць гадоў.

Узначальвае грамадскі савет арганізацыі Сяргей Шабадалаў, ураджэнец Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Вось што ён расказвае пра арганізацыю:

— “Крок” аб’ядноўвае беларусаў, якія жывуць у Вісагінасе. Паўсотні чалавек — гэта наш актыў. Калі ж праводзяцца мерапрыемствы з нагоды розных беларускіх святаў, то збіраюцца разам да 500 чалавек. Грамадскі савет “Кроку” — сем чалавек. Кожны адказвае за пэўны напрамак працы. Напрыклад, кіраўнік ансамбля “Світанак” Людміла Віткоўская — за мастацкую самадзейнасць, Марына Аплевіч, Таццяна Латышонак — за адукацыю, Мікалай Салук — за сувязі з беларусамі, якія маюць беларускае грамадзянства (такіх у Вісагінасе каля двухсот чалавек), Ірына Лісоўская — бухгалтар, Ірына Кузняцова — адказная за тэлеперадачы, якія суполка рыхтуе для суайчыннікаў на мясцовым кабельным тэлебачанні. У нас ёсць уласнае памяшканне: яго набыў каардынатар цэнтра Алег Давыдзюк. Ёсць аўтобус. Працуе нядзельная школа.

— Вашы планы, задумы...

— Іх шмат. Мы хочам, каб часцей выходзілі беларускамоўныя перадачы на нашым тэлебачанні, пашырыць геаграфію гастроляў ансамбля “Світанак”, жадаем умацоўваць сувязі з радзімай. У ліпені святкавалі Дзень Незалежнасці. Штогод ладзім Купалле, на якое збіраюцца беларусы з усіх нацыянальных аб’яднанняў Літвы. А іх у нас 17.

— Вы самі дзе працуеце?

— У турбінным цэху Ігналінскай АЭС. На станцыі працуе і мая жонка. АЭС — адзіны аб’ект, які працуе ў горадзе. Паводле рашэння ўрада Літвы, напрыканцы гэтага года павінен быць закрыты першы блок станцыі, а ў 2009-ым — другі. Гэта патрабаванне Еўрасаюза. А горад жа трымаецца на станцыі...

— У вас вялікая сям’я?

— Нас чацвёра. Ёсць дачка і сын.

— Часта бываеце ў Беларусі?

— Як выдаецца час, едзем на Лагойшчыну, на маю радзіму.

— У вас двое дзяцей. Якой бачыце іх будучыню?

— Ужо задумваемся над гэтым. Напэўна, будзем накіроўваць іх на вучобу ў Беларусь. Калі вырашаць застацца там, няхай атрымліваюць грамадзянства і жывуць на радзіме бацькоў.

Ганна Махавікова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter