Интервью с внучкой Михася Лынькова Ириной Ратниковой

Унучка Міхася Лынькова прафесар Ірына Ратнікава: «Пасля «Векапомных дзён» браў у рукі сякеру, касу ці рыдлёўку»

120-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова, якое адзначаецца сёння, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прысвяціў літаратурна-дакументальную экспазіцыю «Міхась Лынькоў: «…мой жыццёвы і творчы шлях».

Міхась Лынькоў на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Нью-Ёрк, 1953 год.

Акрамя літаратурнай творчасці Міхась Ціханавіч актыўна займаўся навуковай і грамадскай дзейнасцю. Ён прадстаўляў Беларусь у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР з 1-га па 8-е скліканне. Адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. За раман-эпапею «Векапомныя дні» ў 1968 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Якуба Коласа.

Нялёгкія выпрабаванні выпалі на лёс Міхася Лынькова. Васямнаццацігадовым змагаўся ён з белапалякамі. У першыя гады савецкай улады ажаніўся з настаўніцай Ханай Арэнкавай. Народжанага сына назвалі Маркам. У 1938-м Міхась Ціханавіч узначаліў Саюз пісьменнікаў БССР. У нямецка-фашысцкую акупацыю каты зверскі забілі яго жонку і сына. У ваенны час пісьменнік кіраваў франтавой газетай «За Савецкую Беларусь». Пасля вызвалення Мінска ўзначаліў Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР. Аднойчы на акадэмічным сходзе прыкмеціў прыгажуню. 

Гэтай гісторыяй, як і іншымі цікавымі фактамі з жыцця народнага пісьменніка Міхася Лынькова, эксклюзіўна падзялілася яго ўнучка, доктар філалагічных навук прафесар Белдзяржуніверсітэта Ірына Ратнікава.

— Ірына Энгелеўна, ваша бабуля, — тая самая прыгажуня, што запала ў сэрца аўдавеламу Міхасю Лынькову?

— Так, гэта кранальная і рамантычная гісторыя. Дзядуля папрасіў паэта Пятра Глебку пазнаёміць яго са строгай прыгажуняй. Пасля трэцяга спаткання жаніх падкаціў на «козліку» і зладзілі заручыны. Сабраліся сябры-пісьменнікі на чале з Якубам Коласам. Сямейная пара пражыла разам трыццаць гадоў. Выхавалі дваіх прыёмных дзяцей: маю маму і яе зводнага брата Леаніда.

— Ад каго вы даведаліся пра трагедыю з першай жонкай і сынам Лынькова? 

— У сямейным архіве ёсць некалькі фотаздымкаў маленькага Марка. Бабуля, рыхтуючы мяне, шасцігадовую, да ўспрымання жудаснай гісторыі, прачытала мне апавяданне Янкі Маўра «Завошта». У творы абсалютна дакладна адлюстравана трагедыя. Адзінае, што аўтар героя назваў Мішам. Першую жонку Міхася Ціханавіча і сына фашысты расстралялі ў 1942 го­дзе. Сястра дзядулі Ганна Ціханаўна расказвала нам, як Хана Абрамаўна з Маркам прыйшлі да іх у вёску ў Старадарожскім раёне. Іх збіраліся пераправіць у партызанскі атрад. Але не паспелі. Калі гітлераўцы схапілі Хану Абрамаўну, муж Ганны Ціханаўны назваў светла-русага Марка сваім сынам. Падлетак убачыў, як маму фашысты кідалі ў кузаў грузавіка, і не стрымаўся, выклікнуў: «Мамачка!» Яго таксама каты схапілі. Іх павезлі ў Старыя Дарогі, а потым у Бабруйск. Партызаны збіраліся іх адбіць, але не атрымалася. І гітлераўцы іх расcтралялі.

У 1971 годзе каля Слуцка адкрылі мемарыял у памяць аб ахвярах вайны. Сярод іншых там ёсць і імёны жонкі і сына Міхася Лынькова, а таксама жонкі і дачкі яго брата Рыгора. Усёй сям’ёю мы ездзілі да мемарыяла. Бабуля баялася траўміраваць маю дзіцячую псіхіку, але Міхась Ціханавіч настаяў: ёсць рэчы, якія трэба ведаць і памятаць нават дзецям. Па дарозе ён без смутку і дрыжання ў голасе расказваў пра Марка як пра жывога. Такім і запомніўся мне хлопчык — жвавым і вясёлым. Ён быў завадатар усялякіх спраў. Зімою пасяліў вавёрку ў рукаў старога паліто і карміў арэхамі, каб звярок адчуваў сябе як у дупле дрэва.

— У сярэдзіне 1950-х гадоў Міхась Лынькоў збудаваў на Нарачы лецішча. Побач стаялі дамы Аркадзя Куляшова і Максіма Танка. Асноўны час літаратары праводзілі за пісьменніцкім сталом. Ад паэта Анатоля Вярцінскага, які сябраваў з Міхасём Лыньковым, я даведаўся, што бываў на вашым лецішчы Якуб Колас. Міхась Ціханавіч як рэліквію шанаваў чарачкі, падараныя яму беларускім класікам.

— Так, дзядуля часта ўзгадваў пра сяброўства не толькі з Якубам Коласам, але і з Кандратам Крапівой, Пятром Глебкам, Максімам Танкам, Аркадзем Куляшовым. Гэтыя цёплыя адносіны працягваем.

З Максімам Танкам дзядуля ўпершыню сустрэўся пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Міхась Ціханавіч узначальваў Саюз пісьменнікаў БССР. Маладому паэту з Мядзельшчыны ён прапанаваў пераехаць у Мінск. У Айчынную вайну яны ра­зам выпускалі газету «За Савецкую Беларусь». У 1953 годзе менавіта Максім Танк быў ініцыятарам будаўніцтва лецішчаў на беразе возера Нарач. Ідэяй захапіўся і Аркадзь Куляшоў. Утрох паехалі выбіраць месца. Першым пачаў будоўлю Міхась Ціханавіч. А потым тыя ж цесляры складалі з бярвенняў дамы Танку і Куляшову. Усе тры дамы вельмі падобныя. Толькі пафарбаваныя ў розныя колеры.

Для літаратараў плённым выдаўся нарачанскі час твор-часці. Адпачынак за-паўнялі дзвюма сты- хіямі — вадой і агнём, рыбалкай і вогнішчам. Дзядуля любіў экстрэмальныя сітуацыі. У шторм заплываў на лодцы далёка па во­зеры. Часам яго нават шукалі на кацерах. Вяртаўся з рыбалкі мокры і шчаслівы ад перамогі над стыхіяй. А яго сябра Максім Танк на беразе чакаў ля вогнішча.

Міхась Лынькоў з унучкай Ірынай, 1965 год.

Нарачанскі перыяд у Міхася Ціханавіча доўжыўся два дзе-сяцігоддзі. Тут ён перапрацоўваў раман-эпапею «Векапомныя дні», пісаў апавяданні, аповесці. Мы імкнуліся не турбаваць яго. За пісьменніцкім сталом з героямі сваіх твораў ён не расставаўся да золку.

А калі ўстройваў размінку, то браў у рукі сякеру, касу ці рыдлёўку. Залатыя рукі былі ў яго. Цудоўна касіў, лоўка ўвіхаўся на дрывотні. Заўжды нешта прыбудоўваў, майстраваў.

Нягледзячы на перажытую трагедыю, умеў трымаць сябе ў руках. Ніколі не бачылі яго разгубленым. Больш за ўсё памятаю дзядулю за пісьменніцкім сталом.

На лецішчы прайшло маё дзяцінства. На першым паверсе дома займаліся прыгатаваннем страў, іншымі гаспадарчымі справамі. А наверсе панавала цішыня — дзядуля тварыў. Сваякі гаварылі, што як толькі я ўстала на ножкі і нешта пачала лепятаць, то караскалася па лесвіцы на другі паверх і клікала: «Гэй, пісьменнік Міхаська, хадзі да нас чай піць!»

Як не стала Міхася Ціханавіча, засумаваў Максім Танк. Вечарамі ён адзінока сядзеў на беразе і доўга ўглядаўся ў азёрную сіняву. Аднойчы ля вогнішча напісаў верш, прысвечаны сябру:

— Міхась!..
Зачынена акно.
Няўжо яшчэ ён спіць,
Хаця ў чаўне зары
На бераг наш
Ужо вяслуе ранак?
— Мі-хась!..
Няўжо забыўся ён,
Што сёння меліся
Рыбацкае мы шчасце 
Паспытаць?
Ці, ноч правёўшы 
З героямі
Сваіх апавяданняў,
Захмарыўся на золку сном?..
А можа,
Размінуліся мы з ім
І ён раней адплыў
На Гатаўскія тоні?
Яшчэ аклікну раз
І паплыву шукаць.

Як і раней, кожнае лета праводзім на Нарачы.

— Ці паўплываў на ваш выбар жыццёвага шляху Міхась Ціханавіч?

— Ён пачынаў сваю дзейнасць як настаўнік. Бабуля пасля заканчэння гістфака БДУ кіравала вясковай школай. Бацькі мае — выкладчыкі ўніверсітэта. І я ў трэцім пакаленні педагог. Калі пісала падручнік па беларускай мове для пачатковых класаў, з радасцю і гонарам выкарыстоўвала ў практыкаваннях фрагменты твораў Міхася Лынькова для дзяцей — «Пра смелага ваяку Мішку…», «Янка-парашутыст», «Міколка-паравоз»… Сын Максім выкладае ў лінгвістычным універсітэце. Пэўны час ён працаваў у беларускім офісе Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

— Які твор Міхася Лынькова першым самастойна прачыталі?

— Мяне з дзяцінства прывучалі да кніг. Дзядуля прыдумваў гісторыі, і я іх слухала. Адна з іх пра вожыкаў, што жылі пад нашым лецішчам. Дзядуля склаў вершык пра іх сямейства — «Шушамон і Шушамоня, Шоня, Моня, Цуцамоня». Вельмі артыстычна чытаў мне «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў». Дагэтуль пяшчотна люблю хітрага Мішку, «надзвычай вясёлую асобу», любімчыка чырвонаармейцаў.

Пазней захапілася лірычнымі апавяданнямі на вечныя тэмы кахання, сэнсу жыцця і лёсу: «Гой», «У мястэчку», «Гома», «Над Бугам». Іх мова мяне зачароўвае: яна метафарычная, рытмічная, акварэльная.

— Ірына Энгелеўна, якім для вас застаўся ў памяці вобраз народнага пісьменніка Міхася Лынькова?

— Мне было адзінаццаць гадоў, як яго не стала. Гэтага ўзросту дастаткова, каб склаўся вобраз асобы: уражанні, назіранні, разу­менне жыццёвых правілаў, асноўныя эмоцыі. Усё гэта і зараз у маёй душы, а таксама звонку: і ў лынькоўскай мінскай кватэры, і ў нарачанскім доме. Там, як у музеі, дзе са сцен і паліц гля­дзяць фотаздымкі. На іх быццам спыніліся імгненні мінулых гадоў… Калі былі і Колас, і Купала, і Танк, і Куляшоў, і Глебка, і Мележ, і Гілевіч, і маладзейшыя за гэта пакаленне пісьменнікі. Гэта і фота з пісьменніцкіх з’ездаў, з асамблей ААН, і сустрэчы з чытачамі, асабліва з дзецьмі. І, канешне, шмат фотаздымкаў сямейных: дзядуля з бабуляй, з маёй мамай, са мной… 40-я, 50-я, 60-я гады мінулага стагоддзя існуюць паралельна з сённяшнім днём. Многія з іх я перадала ў музеі і Нацыянальны гістарычны фонд. 

Хачу шчыра падзякаваць тым людзям, якія захоўваюць памяць пра нашу гісторыю. Асаблівая па­дзяка супрацоўнікам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Вользе Агулевай, Паліне Саўген, Святлане Кажамяка.

— Дзякуй, Ірына Энгелеўна, за цікавыя адказы. Няхай новыя пакаленні нясуць і надалей памяць пра слаўных людзей зямлі беларускай.

Фота аўтара і з сямейнага архіва Ірыны РАТНІКАВАЙ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter