Студент собрал программируемого робота, который может заменить спасателя, милиционера и сапера

Унiверсальны салдат

Яўген ШАПАВАЛ поўны амбіцый і грандыёзных планаў.
Разумная машына прызначана для выкарыстання ў МНС, МУС, іншых ведамствах і структурах. Невялікі па памерах шматфункцыянальны робат здольны пралазіць у пячоры, даследаваць завалы, а таксама небяспечныя для чалавека зоны — да прыкладу, забруджаныя радыеактыўнымі рэчывамі. Ён не баіцца агню і вады, можа бачыць і гаварыць. Карэспандэнт «Р» выпрабавала навінку.

Яўген Шапавал уносіць апош­нія штрыхі ў апарат. Будучы тэх­нік-электрык вучыцца на 2-м курсе Мінскага дзяр­жаў­нага каледжа электронікі, але ўжо поўны ам­бі­цый і грандыёзных планаў. А пакуль успамінае, як усё пачыналася:

— Бацькі не скупіліся на падарун­кі, але ў асноўным я атрымліваў любі­мы канструктар «Лега». За пару гадоў пластмасавых дэталяў сабраўся вялікі мяшок — з мяне ростам. Яшчэ дзіцём падабалася канструяваць. Потым разабраў мамчыну кавамолку, бабуліны разеткі, выключальнікі — многае ўдавалася адрамантаваць. У гэтым дапамагаў тата — майстар на ўсе рукі.

Неяк уключыў тэлевізар — па Dis­covery Channel  транслі­ра­валі работу велізарнай машыны на пульце кіравання. Робата з мета­лашукальнікам у небяспечныя зоны прывозілі на адмысловай тэхніцы, выгружалі моцныя і падрыхтаваныя людзі. Хлопец падумаў: чаму б не зрабіць свой, танны і мініяцюрны варыянт «усюдыхода»?

За аснову Яўген узяў універсальны кантролер. Да яго можна многае падключыць: шасі, вэб-камеру, дынамік, мікрафон, розныя датчыкі — усё, зыходзячы з запытаў спажыўца. Разам з выкладчыкам каледжа яны распрацавалі новую тэхналогію стварэння металашукальніка, вы­карыстаўшы эпаксідную смалу і медны дрот.

— Датчык недарагі і вельмі трывалы. Да таго ж яго лёгка вы­рабіць. Адзін паход у будаў­нічы магазін, пару гадзін працы — і гатова. Металашукальнік выйдзе ў пяць разоў танней, чым аналагі, якія распаўсюджаны ў нас, — Жэня падлічвае, што на камплектацыю для аднаго датчыка выдаткаваў крыху больш за тры рублі. Па сутнасці, дробязь.

Каб не быць галаслоўным, хлопец кідае манеты на падлогу, некаторыя капейкі хавае ад вачэй. Робат лёгка спраўляецца з задачай — менш за хвіліну спатрэбілася, каб знайсці ўсе металічныя рэчы. Зададзеную тэрыторыю ён «прапрасаваў» удоўж і ўпоперак.

— У выпадку знаходкі падаецца сігнал, перадаецца на кантролер, дзе ён счытваецца і апрацоўваецца. Машына аўтаномна выяўляе небяспечныя прадметы, каб чалавеку самому не падбірацца да іх занадта блізка. Кропкі з мінамі адзначаюцца GPS-каардынатамі на спецыяльнай інтэрактыўнай карце. Гэты асобнік — вопытны макет. Ён можа быць выкананы ў вялікіх памерах. Такі робат даследуе вялізныя плошчы. Калі зараз акумулятар працуе 1,5 гадзіны, то там батарэя працягне і ўсе 10.

Невялікі робат можа стаць верным памочнікам для ратавальнікаў, сапёраў і пажарных

У выпадку неабходнасці прадметы з небяспечнай для чалавека тэрыторыі можа забраць спецыяльны квадракаптар. Дрон ця­пер таксама рас­працоўваюць навучэнцы каледжа — ідэю абяцаюць увасобіць ужо да студзеня 2018 года.

Дарэчы, на стварэнне разумнай машыны хлопцу спатрэбілася каля чатырох месяцаў і 50 долараў. Кіруецца робат з дапамогай звычайнага смартфона — гэта значна зручней, чым выкарыстанне грувасткай тэхнікі і пультаў. Зусім хутка робата апрануць у супрацьударны корпус. Цуда-машына таксама не будзе баяцца вады і агню, а значыць, спатрэбіцца нашым ратавальнікам. Дарэчы, у ведамстве зацікавіліся навінкай і з нецярпеннем чакаюць выпрабаван­няў вопытнага ўзору.

Яўген, не папярэдзіўшы, запускае працэс — робат нячутна падкрадаецца да мяне са спіны. Тым часам хлопец тлумачыць яшчэ некалькі дадатных момантаў:

— Ціхі і манеўраны, ён можа праслізнуць куды заўгодна. Запісаць размову, перадаць аўдыё- ці відэа­інфармацыю на «базу». Функцыя спатрэбіцца ў выпадку, калі нельга спужаць злачынцу, патрапіць яму на вочы. Міні-машына дапаможа і ў сітуацыі, калі людзі апынуліся пад заваламі ці ў якой-небудзь ін­шай небяспечнай зоне. Робат зной­дзе чалавека, дасць падрабязныя інструкцыі. Дапаможа выбрацца адтуль цэлым і здаровым.

Універсальны робат здольны не толькі замяніць прадстаўнікоў некалькіх небяспечных прафесій, але і навучыць дзяцей. Яўген прапануе мне сабраць робата ў самай простай камплектацыі — усе дэталі ўжо гатовыя. Спрабую, а ён падба­дзёрвае:

— Пасля невялікага інструктажу з гэтым справіцца нават першакласнік. Некаторыя хлопцы не будуць удавацца ў тэхнічныя пад­рабязнасці, для іх гэта стане зай­мальнай гульнёй. А многім такая практыка будзе карыснай. Збіраю­чы робата, нават з гатовых дэталяў, можна лёгка ўцягнуцца ў працэс і пайсці далей — да сваіх адкрыц­цяў.

Дарэчы, праект Яўгена Шапавала заняў першае месца на гарадскім конкурсе «100 ідэй для Беларусі», цяпер рыхтуецца да прэзентацыі на рэспубліканскім фінале. Аляксандр Пугач, загадчык аддзялення сярэдняй спецыяльнай адукацыі ДУ «Мінскі дзяржаўны каледж электронікі», ганарыцца і іншымі працамі рабят:

— Перад вамі наша леташняя распрацоўка — 3D-прынтар. Машына на поўным хаду, карыстаюцца ўсе навучэнцы каледжа. Сёння працуем над яшчэ адным цікавым праектам — аўтаматызацыяй тралейбусных ліній.

Кіруецца робат з дапамогай звычайнага смартфона — гэта зручней, чым выкарыстанне грувасткай тэхнікі і пультаў

Па-першае, гэта вызваліць ва­дзіцеля ад сачэння за пры­пынкамі. Бывае, ён забудзе націснуць на кнопку, паслядоўнасць збіваецца, і пасажыры чуюць ня­правільную назву. Ідэя ў тым, каб прыпынкі па датчыках адсочвала аўтаматызаваная сістэма і «ўключала» іх агучванне сама. Па-другое, прадухіліць саскокванне тралейбусных стрэлак — вадзіцель звычайна прытарможвае перад вузламі, робіць яшчэ некалькі важных мані­пу­ляцый. З новай сіс­тэ­май усё будзе знач­на прасцей. Аляксандр Пугач тлумачыць:

— Да прыкладу, зараз тралейбус рухаецца па маршруце № 5. Вадзіцель задае гэтую інфармацыю на кантролеры і спакойна едзе. Сістэма сама аўтаматычна перавядзе стрэлкі з набліжэннем канкрэтнага транспарту. Наватарскую ідэю рэалізуем да новага года.

Абмяркоўваем новыя рас­працоўкі, а ў кабінет да Аляксандра Іванаві­ча раз-пораз прыходзяць студэнты. Ім не церпіцца прапрацаваць план чарговай ідэі — пускавой устаноўкі для ракет, якая будзе працаваць незалежна ад умоў надвор’я. Для гэтага аператар усяго толькі задасць праграму — устаноўка сама аб’едзе ўсе перашкоды, выедзе на патрэбную кропку. На месцы звяжацца з камандным пунктам, дачакаецца каманды «Пуск».

— Яшчэ адна наша свежая ідэя — сістэма аўтаматызаванага сартавання прадукцыі. Робат распазнае рэчы па памеры, колеры, складзе. Захоплівае іх з дапамогай маніпулятара і размяркоўвае па латках, — Аляксандр Пугач раскрывае тэму цяперашняй працы. Мяркуецца, што такая аўтаматызаваная сістэма ў два разы скароціць выдаткі на сартаванне прадукцыі.


ypopko@bk.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter