Как развить ремесленничество в маленьком городе

Умовы для залатых рук

Разгаварылася нядаўна са сваім кумам. А падстава такая: стаў выкладваць у сябе на старонцы ў сацсетках прадметы інтэр’ера і дэкору з металу. Як атрымалася, што супрацоўнік аднаго з раённых аддзелаў Брэсцкага ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях раптам перакваліфікаваўся ў кавалі? Аказалася, прымусіла жыццё: не так даўно ў маладога мужчыны выявілі цукровы дыябет. На жаль, з такім дыягназам у ратавальніках не затрымаешся. Давялося думаць, дзе яшчэ прымяніць свае рукі ў невялікім райцэнтры. Выплаціўшы рамесны збор, вырашыў: паралельна з пошукам асноўнага месца працы падзарабіць на народных промыслах.

busideasto.ru

Яшчэ на пачатку 2000-х народныя ўмельцы і тыя, у каго рукі растуць з правільнага месца, падзараблялі на сваім хобі даволі хаатычна і неўпарадкавана. Рэгістраваць ІП было нявыгадна, а працаваць «па-шэраму» — нецікава. Наступнай вясной споўніцца 15 гадоў першаму ўказу, які датычыцца рамеснай дзейнасці. Пасля таго як дакумент быў падпісаны, стала зразумела: народныя ўмельцы яго вельмі чакалі. Пацвярджаюць гэта і лічбы: за мінулыя гады колькасць фізічных асоб, якія выплачваюць збор за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці, вырасла ў краіне больш чым у 100 разоў.

Чаму дзяржава падтрымлівае развіццё рамеснай дзейнасці ў Беларусі, задаецца пытаннем намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч? «Я бачу дзве прычыны. Па-першае, гэта самазанятасць грамадзян. Сумняваюся, што ўсе, хто выплаціў збор, жывуць выключна за кошт рамесніцтва. Думаю, для большасці гэта хутчэй дадатковы заробак. Але і гэта добра: людзі самі забяспечваюць сабе жаданы ўзровень жыцця, гэта адказная і актыўная пазіцыя. Па-другое, прасоўваючы рамесніцтва, мы падтрымліваем свае нацыянальныя традыцыі і культуру».

Намеснік міністра нагадвае, што рамеснікі не выплачваюць падаходны падатак і адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, а таксама не вядуць дзяржаўную статыстычную справаздачнасць. Разам з тым даўно існуе магчымасць добраахвотнай выплаты ўзносаў у ФСАН — на пенсію і дапамогі, гэта важна для тых, хто займаецца толькі рамесніцтвам. У Мінэканомікі звяртаюць увагу: абноўлены ўказ аб рамеснай дзейнасці, прыняты ў 2017 годзе, не толькі пашырыў пералік відаў рамеснай дзейнасці, але прадаставіў народным умельцам магчымасць гандляваць сваімі вырабамі праз інтэрнэт, па пошце і проста ў майстэрні. Усё гэта паслужыла бурнаму росту колькасці рамеснікаў. Так, калі ў 2009 годзе ў краіне было менш за 3,5 тысячы майстроў, у 2016-м — 23 тысячы, а на 1 студзеня 2019 года рамесны збор заплацілі ўжо амаль 36,2 тысячы чалавек.

Цікава, што народныя промыслы ў Беларусі лепш развітыя не ў сельскай мясцовасці, як магло б здацца: больш за ўсё рамеснікаў у Мінску — 8,5 тысячы чалавек. Гэта амаль у два разы больш, чым у любой з абласцей, за выключэннем Брэсцкай — там 5,6 тысячы рамеснікаў. Верагодна, тут адыгрывае сваю ролю рынак збыту — у Мінску ўсё ж пражывае шмат людзей.

А кум, дарэчы, прызнаўся: кавальская справа ў райцэнтры пакуль не самы прыбытковы від дзейнасці. За падстаўку для кашпо або каваную лаўку далёка не кожны гатовы выкласці круглую суму. Але ж на працу і закупку матэрыялу патрэбна нямала часу і сродкаў... І ўсё ж, уладкаваўшыся на адно з прадпрыемстваў горада, вырашыў: рамяство кідаць не будзе. Хай павольна, але стабільна, а кліенцкая база паступова прырастае, заказаў становіцца больш. Разлічвае хутка даехаць да выстаў і ў абласныя цэнтры або Мінск. Глядзіш, пойдзе справа ўгору. Усё-такі з залатымі рукамі не прападзеш.

konoga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter