Уменне рабіць знаходкі і адкрываць маршруты

У Мінску прайшоў злёт удзельнікаў рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
У Мінску прайшоў злёт удзельнікаў рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў адзначыў, што акцыя праводзіцца з 2006 па 2008 гады і ўключае асобныя конкурсы па стварэнню комплексных прыродна-культурных, інфармацыйных карт-схем малой радзімы, па распрацоўцы новых экскурсійных і турыстычных маршрутаў, конкурсы аматарскіх відэафільмаў, фатаграфій, малюнкаў, буклетаў аб родным краі.

У пачатку гэтага навучальнага года прадстаўнікам беларускіх школ і школьных музеяў, пры непасрэдным садзейнічанні прадпрыемства “Белкартаграфія”, былі ўручаны спецыяльныя контурныя карты раёнаў рэспублікі. Вучні наклейваюць на іх спецыяльныя значкі, якія распавядаюць пра ўсё самае цікавае з гісторыі і сучаснага жыцця свайго краю. Затым на аснове гэтых карт будуць складацца абласная і пазней рэспубліканская краязнаўчыя карты. Безумоўна, да кожнага пазначэння павінна быць дадзена тлумачэнне, таксама складзенае школьнікамі. Першыя вынікі доследаў маладых археолагаў і гісторыкаў ужо нанесены на контурную карту некалькіх раёнаў Беларусі і прадстаўлены на злёце ў Мінску.

Аляксандр Радзькоў адзначыў, што акцыя стала сапраўды ўсенароднай, да пошуку новага падключыліся не толькі дзеці, але і іх бацькі, бабулі, дзядулі і іншыя сваякі. “Мы паставілі перад сабой мэту стварыць адзіную, вялікую, ілюстраваную карту турыстычных маршрутаў і слаўных мясцін Беларусі. Бо ў кожным рэгіёне Беларусі, у кожным горадзе, вёсцы ёсць свае асаблівасці, тая непаўторная гісторыка-культурная атмасфера, якая спрыяе фармаванню ў чалавеку цікавасці да малой радзімы, шчырых патрыятычных пачуццяў, нацыянальнай самасвядомасці і сацыяльнай актыўнасці. Любы гістарычны факт з жыцця маленькай вёскі павінен стаць здабыткам нашага народа. Задача дзяцей — знайсці гэтыя факты. Так што неўзабаве на дарогах краіны будуць устаноўлены спецыяльныя знакі, якія раскажуць аб той або іншай гістарычнай падзеі. Такія надпісы — сведчанні былой гісторыі, знойдзеныя маладымі краязнаўцамі, з’явяцца і на спецыяльнай карце Беларусі”, — сказаў міністр.

Вольга Карэтнікава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter