Уладары жытнёвага поля. Учора ў Кобрыне быў урачыста падняты сцяг “Дажынак-2009”

Ганаровае права падняць сімвал рэспубліканскага фестывалю-кірмашу было прадастаўлена прадстаўніку Брэсцкай вобласці Андрэю Касперчуку — механізатару СВК “Нарутавічы” Бярозаўскага раёна, аднаму з пераможцаў спаборніцтва на сёлетняй ўборцы, які прызнаны лепшым у вобласці камбайнерам на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур ужо другі год запар. На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі ўсе пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых культур, якія прыбылі на галоўную плошчу Кобрына пад гукі марша духавога аркестра. Тут жа на галоўнай плошчы сталіцы “Дажынак-2009” былі ўшанаваны лідэры рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю збожжавых культур, якія занялі другія і трэція месцы. Узнагароды атрымалі і пераможцы абласных “Дажынак” Брэсцкай вобласці. Рэдакцыя “Народнай газеты” таксама ушанавала руплівых працаўнікоў. Хлебаробы Пінскага раёна атрымалі ад газеты ўзнагароду ў намінацыі “Да роднай зямлі — з народнай любоўю”, а старшы камбайнер СВК “Крошын” Валерый Пархановіч, дарэчы, зусім малады чалавек — у намінацыі “За вернасць роднай зямлі”. Сёння ў Кобрыне адбудзецца галоўная падзея свята — цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю, якія занялі першыя месцы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter