Укласці, каб атрымаць

Дэпутаты Міншчыны зацвердзілі інвестпраграму на бягучы год

Дэпутаты сталічнай вобласці абралі старшыню Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і зацвердзілі інвестпраграму на бягучы год.

Народныя выбраннікі аказалі давер узначальваць аблсавет Івану Ліпніцкаму. Ён змяніў на пасадзе Святлану Герасімовіч, якая зараз з’яўляецца старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні.

На пасяджэнні дэпутаты дэталёва разгледзелі прадстаўленую інвестыцыйную праграму вобласці на 2013 год. Як адзначыў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама Сяргей Трусаў, праграма распрацавана з мэтай эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання бюджэтных і іншых сродкаў фінансавання, што накіроўваюцца ў асноўны капітал. Толькі з абласнога бюджэту на яе рэалізацыю запланавана 860 млрд. рублёў. У тым ліку 32,5 млрд. плануецца ўкласці ў будаўніцтва і рэканструкцыю жылых памяшканняў для перасялення людзей са старых і непрыдатных для пражывання жылых дамоў, 67,5 млрд. — у будаўніцтва жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання на ўмовах дагавору найму, 182,55 млрд. рублёў пойдзе на рэканструкцыю меліярацыйных сістэм.

Важным накірункам, куды мяркуецца ўкладваць грошы, намечана фінансаванне праектавання і будаўніцтва 132 аб’ектаў сацыяльнай сферы — адукацыі, культуры, аховы здароўя, фізічнай культуры і спорту. У праграме — 228 аб’ектаў водазабеспячэння і водаадвядзення, якія дазволяць цэнтралізавана і якасна прадастаўляць гэтыя паслугі ў дамы гарадскіх і сельскіх жыхароў. Разам з тым плануюцца рэканструкцыя і капітальны рамонт цеплавых сетак, замена ліфтавага абсталявання. За кошт інвестыцый прадугледжана ўвесці ў строй 331 аб’ект сельскагаспадарчага прызначэння, які будзе рэканструяваны і тэхнічна перааснашчаны.

Неаднаразова падкрэслівалася, што пільная ўвага будзе нададзена жыллёваму будаўніцтву. За бюджэтныя сродкі плануецца пабудаваць 382 кватэры сацыяльнага карыстання, 122 — для адсялення з непрыдатнага жылля. 14,7 тыс. кв. м дзяржаўнага жылфонду плануецца для камерцыйнага выкарыстання.

Сталічная вобласць ужо зараз падобна на вялікую будаўнічую пляцоўку. Сёлета за кошт усіх крыніц фінансавання плануецца пабудаваць 1,4 млн. кв. м жылля, з іх каля 500 тыс. кв. м — з дзяржаўнай падтрымкай, гэта значыць, з выкарыстаннем льготных крэдытных рэсурсаў. Ужо ў студзені на Міншчыне ўведзена ў эксплуатацыю 130 тыс. кв. м.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter