«Уклалі грошы адзін раз і назаўсёды»

РАБОТЫ па ўзвядзенні тэнтавага арачніка для цялят падыходзяць да свайго завяршэння. Дырэктар гаспадаркі Альберт МАХМУДАЎ правёў невялікую экскурсію па новабудоўлі.

У 10 разоў скарацілі расходы на пабудову жывёлагадоўчага памяшкання ў КУП СГП «Коханавічы» Верхнядзвінскага раёна

РАБОТЫ па ўзвядзенні тэнтавага арачніка для цялят падыходзяць да свайго завяршэння. Дырэктар гаспадаркі Альберт МАХМУДАЎ правёў невялікую экскурсію па новабудоўлі.

— Арачнік з выгляду тыповы, — пачаў ён, — разлічаны на ўтрыманне 500 цялят на дарошчванні. Але гэта толькі з выгляду. На самай жа справе тут скарыстаны лепшыя элементы канструкцыі. Варыянт памяшкання — аптымальны. Так, унутры ўздоўж тэнтавых сценак зроблена цагляная кладка на фундаменце вышынёй паўтара метра. Некаторыя робяць яе з дошак, але гэта недаўгавечна. А на вуліцы ля арачніка па ўсім перыметры заліваем бетонную пляцоўку для выгулу жывёлы. Гарантавана адсутнасць гразі на многія гады. Словам, уклалі грошы адзін раз і назаўсёды!

— Альберт Загірбекавіч, а чаму вы захацелі ўзвесці менавіта арачнік, а не якое маналітнае збудаванне?

— Па-першае, гэта здароўе цялят. Яны не хварэюць. Па-другое, самая хуткая будоўля: паўтара месяца і — гатова. А так поркаліся б сама меней паўгода. А то і год. І па-трэцяе — цана. Капітальны будынак нам абышоўся б у 10—11 мільярдаў рублёў.

— А так?

— Адзін мільярд 200 мільёнаў! — называе дырэктар канчатковую лічбу.

— Штосьці нерэальна мала? У іншых месцах падобныя збудаванні цягнуць да 5 мільярдаў!

— Яно так было б і ў нас, — пагаджаецца Махмудаў, — калі б будавалі традыцыйна. Аднак у нас толькі цэмент прывазны. Усе астатнія будаўнічыя матэрыялы свае. Нават цэглу не куплялі. Узялі яе са старых жывёлагадоўчых памяшканняў. Сам арачнік набылі ўсяго за 600 мільёнаў рублёў у Верхнядзвінскім райаграсэрвісе. А яшчэ — будуем гаспадарчым спосабам. Такім чынам, работы на гэтым арачніку нам абыдуцца ўсяго ў 600 мільёнаў.

У КУП СГП «Коханавічы» сёння працуюць ажно пяць будаўнічых брыгад на падрадзе. Яны вядуць рэканструкцыю малочна-таварнай фермы, рамантуюць майстэрні і Дом механізатара, ладзяць жыллё. Сёлета будзе здадзены інтэрнат з усімі выгодамі на 20 чалавек. Да гэтага з’явілася міні-гасцініца з кафэ, лепшая ў раёне па праграме дарожнага сэрвісу.

Ва ўсіх пераўтварэннях адчуваецца рука дырэктара гаспадаркі Альберта Махмудава. Сам ён — ураджэнец Дагестана. Закончыў у свой час ветінстытут у Віцебску і быў накіраваны на працу ў Гомельскую вобласць. Пасля чарнобыльскай аварыі сям’я пераехала на Віцебшчыну. Узначальвае КУП СГП «Коханавічы» ўжо больш за дзесяць гадоў. Добрыя набыткі ў вытворчасці. Ад каровы летась надоена звыш пяці тысяч кілаграмаў малака. Тут адна з самых вышэйшых зарплат у раёне. У перадавых механізатараў і жывёлаводаў у мінулым годзе яна склала ад 5 да 7 мільёнаў рублёў у месяц.

У бліжэйшых планах Альберта Загірбекавіча — узвесці жывёлагадоўчы комплекс на 1000 галоў з замкнутым цыклам. Гаспадарка «расцягнута» на 45 кіламетраў, і міні-фермы, якія раскіданы па ўсёй тэрыторыі, не даюць належнага эфекту.

Гэтым летам Махмудаў збіраецца наведаць сваіх родных у далёкім сонечным Дагестане, дзе не быў пятнаццаць гадоў. І прывесці ім прывітанне ад сінявокай Беларусі, якая стала для яго самога, дзяцей і ўнукаў родным домам.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter