Уклады працягваюць расці

На 738 мільярдаў 528,6 мільёна рублёў, або на 63 працэнты, павялічыліся сёлета ўклады насельніцтва ў нацыянальнай валюце. Дэпазіты ў замежнай валюце ўзраслі на 11 працэнтаў. На пачатак верасня грамадзяне захоўвалі ў банках Беларусі 1 трыльён 906 мільярдаў 993 мільёны рублёў і 601,6 мільёна долараў. Як удакладніла ўпраўленне інфармацыі Нацбанка Беларусі, невысокім быў рост укладаў у жніўні. Таму ёсць аб’ектыўныя прычыны. Традыцыйна ў жніўні зніжаецца актыўнасць насельніцтва да зберажэнняў, бо напрыканцы лета растуць расходы на падрыхтоўку вучняў да навучальнага года, аплату навучання ў вузах і тэхнікумах, нарыхтоўку садавіны і агародніны. Трэба адзначыць, што працэнтная палітыка Нацбанка арыентавана на забеспячэнне абароны зберажэнняў у нацыянальнай валюце ад інфляцыі і даступнасць крэдытаў для грамадзян і рэальнага сектара эканомікі. Упраўленне інфармацыі нагадала прагнозны параметр росту ўкладаў на гэты год: не менш чым у 1,6 раза, або амаль на 1,5 трыльёна рублёў у эквіваленце.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter