“Угадайце цуд!”.

“НГ” прапанавала сваім зацікаўленым чытачам прадказаць вынікі галасавання ў праекце. Што з гэтага атрымалася — чытайце ніжэй.

Учора зранку вынікі галасавання ўжо былі падлічаны, але мы вырашылі крыху “пасваволіць”: прапанаваць людзям, якія да нашага праекта мелі непасрэднае дачыненне, выказаць сваю версію цудоўнай сямёркі. Што з гэтых версій супала з меркаваннем большасці, а што не — цікава, праўда?

Спачатку “ўгадаць цуды” мы запрасілі экспертаў, якія ў свой час удзельнічалі ў нашым круглым стале “Што можа звацца цудам Беларусі”.

Валерый МАРОЗАЎ, доктар архітэктуры, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі архітэктуры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта:
— Адназначна Белавежская пушча. Гэта ўнікальная прыродная з’ява, характэрная для Беларусі. Цяжка знайсці аб’ект, які б лепш выканаў ролю візітоўкі нашай краіны.

Наталля ЖАРКІНА, намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
— Мне падаецца, чытачы павінны былі б выбраць 900-гадовы дуб у Маларыцкім раёне. Людзі чакаюць ад  дрэў дзівосаў, асабліва ад такіх магутных, як гэты дуб. Іх абдымаюць, гладзяць па ствале з надзеяй на аздараўленне ці спаўненне жадання.

Аксана СМАТРЭНКА, намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры:
— Не магу сказаць, што найбольш спадабаецца нашым чытачам. У кожным аб’екце ёсць свая разынка. Хочацца адзначыць і гэта, і гэта, і гэта...

Валянцін МАЗЕЦ, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай дзяржаўнасці Інстытута гісторыі НАН Беларусі:
— Мне вельмі хацелася б, каб цудам Беларусі сталі каменяломні бронзавага веку ля пасёлкаў Краснасельскі і Рось у Ваўкавыскім раёне.

Янка КРУК, фалькларыст, кандыдат філалагічных навук, рэктар Інстытута культуры Беларусі:
— Я аддаў бы перавагу двум рэчам — Жыровіцкай іконе Божай Маці і Бернардзінскаму касцёлу ў вёсцы Будслаў. Яны займаюць найвялікшае месца ў духоўным жыцці нашага народа.

 

А памятаеце тых вядомых людзей краіны, якія яшчэ колькі месяцаў таму заахвочвалі вас, дарагія чытачы, да галасавання ў праекце “Сем цудаў Беларусі”? Мы спыталі напярэдадні аб’яўлення вынікаў галасавання, якія з аб’ектаў яны лічаць найбольш вартымі звацца ЦУДам краіны.

Раіса БАРАВІКОВА, пісьменніца:
— Цяжка даць адназначны адказ. З архітэктурных помнікаў я адзначыла б Сафійскі сабор у Полацку. А вось з прыродных, безумоўна, Белавежскую пушчу. Гэта сапраўдны цуд. У свеце не так шмат пушчаў. Тым больш мы павінны ганарыцца сваёй. З ёю ў нас шмат што звязана, у тым ліку і гісторыя Вялікага Княства Літоўскага.

 

Чэслаў ШУЛЬГА, намеснік міністра спорту і турызму:
— З тых аб’ектаў, якія выйшлі ў фінал, найбольш годнымі мне падаюцца Браслаўскія азёры.

 

Станіслаў ЯКУБОВІЧ, намеснік генеральнага дырэктара ААТ “БелАЗ”:
— Праект у вас атрымаўся вельмі цудоўны — ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Увесь калектыў нашага завода прымаў у ім удзел. Вядома, галасавалі за БелАЗ. Вельмі хочацца, каб менавіта ён стаў адным з цудаў Беларусі. Гэта сплаў чалавечай думкі, інтэлекту, прафесіяналізму... Нашы самазвалы ведаюць ва ўсім свеце.

 

Мы ўжо пісалі, што ў апошнія  тыдні галасаванне за аб’екты нашага праекта вельмі актывізавалася. Людзі не толькі заходзілі на сайт. Але і запаўнялі анкеты, дасылалі лісты, тэлефанавалі...
Асабліва хочацца адзначыць Антаніну Шакун, Сяргея Хмару, Міхаіла Крыцкага, Усевалада Савенку, якія дапамагалі выбіраць нам цуды Беларусі. Найбольш папулярнымі аб’ектамі сярод чытачоў, якія звярталіся ў рэдакцыю, былі Мірскі замак, Гярвяцкі касцёл, Брэсцкая крэпасць, Бернардзінскі касцёл у вёсцы Будслаў, каменяломні бронзавага веку ў Ваўкавыскім раёне, Крыж Еўфрасінні Полацкай, Сафійскі сабор і Пружанскі палацык.
Былі сярод людзей, якія звярталіся ў рэдакцыю, і тыя, хто, уявіце сабе, наведаў амаль усе намінаваныя аб’екты.  Напрыклад, пенсіянерка з Мінска Антаніна Шакун. Прыемна, што вы, дарагія чытачы, не толькі галасавалі за аб’екты, але і бясконца дзякавалі нам за праект. Абяцаем і надалей здзіўляць вас сваімі захапляльнымі творчымі знаходкамі. Будзем адкрываць невядомую Беларусь і далей!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter