Іна Ганчаровіч
У новым будынку Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адчуваеш гонар за Перамогу, захапляешся мужнасцю народа-пераможцы, і сэрца баліць за тых, хто вынес у ваенны час вялікія пакуты
Тут адразу рушацца стэрэатыпы пра музей як ціхае ды сумнае сховішча каштоўнасцяў, артэфактаў, архіўных дакументаў. У новым будынку Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што адкрыўся ў Мінску на праспекце Пераможцаў, 8, быццам трапляеш на некаторы час у мінулае, на некалькі гадзін адключаешся ад знешняга свету. Такога, прызнацца, мне ў музеях раней адчуваць не даводзілася: усё працуе на стварэнне эфекту асабістай прысутнасці на месцы былых падзей. Інтэрактыўныя ды імглістыя экраны, мультымедыйныя праекцыі, прасторавыя кампазіцыі, гукі, шумы… Часам аж мурашкі па скуры ад таго, што быццам жывеш у атмасферы ваеннага часу.
Як вядома, гэты музей — унікальны. Першая яго экспазіцыя была адкрыта ў Мінску яшчэ ў кастрычніку 1944 года: зусім хутка пасля вызвалення сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А рашэнне аб яго стварэнні прынята ўвосень 43-га, калі вайна была ў разгары. Мінск акупаваны ворагам і практычна разбураны, а ў Маскве прымаецца смелае рашэнне. Бо ўсе верылі ў Вызваленне, у Перамогу. Размясціўся музей на пачатку ў адным з ацалелых будынкаў ля плошчы Свабоды — у Доме прафсаюзаў, затым экспазіцыя пераехала ў дом №12 на вуліцы Карла Маркса. А ў 66-м музей амаль на паўстагоддзя заняў новы будынак пры Кастрычніцкай плошчы. З часам яму і там стала цеснавата — пачалі ўзводзіць адметны будынак ля стэлы “Мінск — горад-герой”, побач з Паркам Перамогі.
І вось 2 чэрвеня 2014 года прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін адкрылі найстарэйшы ў свеце музей гісторыі векапомнай вайны ў новым будынку, а на наступны дзень, калі Беларусь святкавала 70-гадовы юбілей Вызвалення, дзверы музея расчыніліся для наведвальнікаў.
Музей мне вельмі спадабаўся. Відаць, што рабілі яго архітэктары і будаўнікі не толькі з веданнем справы, але і з вялікай любоўю. “Архітэктар заўсёды імкнецца стварыць форму будынка, якая адлюстроўвае яго змест. Хочацца, каб архітэктура музея была і адметным экспанатам, які ў людзей выклікае моцныя эмоцыі, пакідае яркія ўражанні”, — так разважаў аўтар праекта, двойчы лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі Віктар Крамарэнка, калі будынак ужо ўзводзіўся. Наша газета пісала пра тое ў тэксце “Удзячнай памяці салют”. Што ж, абысці музей “па-хуткаму” не атрымацца: вельмі шмат усяго цікавага, ды і велізарная экспазіцыйная плошча. Таму раю тым, хто збярэцца на экскурсію, мець як мінімум гадзіны тры ў запасе.
Звернем увагу на цэнтральны фасад будынка: ён зроблены ў выглядзе сімвалічнага салюту Перамогі. У яго промнях варта “прачытваць” дзесяць самых знакавых падзей ваеннай пары, пачынаючы ад абароны Брэсцкай крэпасці і да ўзняцця сцяга Перамогі над рэйхстагам. Наогул, заўважу, сімвалізму ў новым будынку музея шмат: адкрыўся ў Дзень Вызвалення, утварае адзіны ансамбль з абеліскам “Мінск — горад-герой”, складаецца з чатырох блокаў — гэта як чатыры гады вайны. І рухаюцца экскурсанты па музеі нібы праз усю вайну — да Перамогі. Храналагічна экспазіцыя ахоплівае перыяд з 1920 года па цяперашні час. Ад вялікай цэнтральнай галерэі адыходзяць тэматычныя залы, у кожнай — свая тэматыка.
Першая зала “Мір і вайна” настройвае на філасофскі роздум: на велізарную сферу кладзецца праекцыя карты свету з прыгожымі краявідамі. Усё гэта павольна рухаецца, як быццам нагадвае нам пра крохкасць раўнавагі і міру, які мы павінны берагчы. Другая зала расказвае пра нядоўгі перыяд мірнага (пасля Першай сусветнай вайны, грамадзянскай вайны) перадваеннага беларускага жыцця. На стэндах бачым асноўныя гістарычныя даты, шмат цікавых гістарычных звестак, а на вялікім экране — розныя дакументальныя фільмы, якія даносяць дух таго часу. Ёсць і экспанаты, якія вярнулі мяне ў дзяцінства. Напрыклад, піянерскі гальштук са значком замест вузла, на якім выбіта “Заўсёды гатовы!”. Я заспела часы піянерыі, добра памятаю, як у 10 гадоў змяніла чырвоную зорачку з абліччам юнага Ільіча на гальштук, але такога значка-заціску ў мяне не было. Шкада: прыгожа глядзіцца. Дарэчы, у ранейшым будынку музея падобных “філасофска-лірычных” залаў, здаецца, не было.
І вось экспазіцыі, прысвечаныя непасрэдна Другой сусветнай вайне. Плошчы вялізныя, экспанатаў шмат — аж вочы разбягаюцца. Танкі, самалёты, баявая тэхніка, партызанская друкарня… Адноўленыя, прычым вельмі на высокім узроўні, сцэны баёў і партызанскага побыту. Вакол усяго гэтага нешта нягучна вуркоча, бахае, вухкае. Адчуваеш дыханне вайны, што называецца, кожнай клетачкай цела. Як запэўніваюць работнікі музея, усе экспанаты (акрамя самалётаў, натуральна) арыгінальныя. Няпростую “жыццёвую гісторыю” аднаго з іх, грузавіка-палутаркі, я пачула ад экскурсавода, які вадзіў групу з Ульянаўска. Грузавік у 1932-м сышоў з канвеера Горкаўскага аўтазавода, напярэдадні вайны быў набыты калгасам у Віцебскай вобласці ды замацаваны за шафёрам Паўлам Міхайлавым. З пачаткам вайны яго мабілізавалі — разам з машынай. На палутарцы беларус быў пад Масквой, вазіў грузы ў блакадны Ленінград і вывозіў адтуль дзяцей. Атрымаўшы два раненні, шафёр усё ж даехаў да Берліна, потым на ёй жа вярнуўся і ў родную беларускую вёску. За такія заслугі верную і надзейную машыну вырашылі шафёру падарыць. Так і працаваў на ёй Павел Міхайлаў да апошніх дзён у калгасе, завяшчаў сваякам пасля сваёй смерці перадаць аўтамабіль у музей Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, ёсць у той жа зале не толькі савецкая тэхніка, але і нямецкая. Рарытэты!
А вось і самая цяжкая для ўспрымання зала №6: аповед пра нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі ў 1941-44 гадах. Балюча глядзець на жахлівыя сведчанні таго, як вынішчаўся народ. Фатаграфіі спаленых сёл і вёсак, канцлагераў. На экранах мільгаюць кадры кінахронікі — кадры непасрэдна з месцаў страшных падзей, чуецца нягучны плач жанчын і дзяцей. Вось жудасная качарга, якой паварочвалі людзей, калі спальвалі жыўцом, вось “ванна”, у якой выносілі попел спаленых і ўгнойвалі ім глебу… Валасы дыбам ад усяго гэтага, на вочы міжволі наварочваюцца слёзы. Страшна і балюча. Але мы павінны ведаць пра гэта. Павінны памятаць пра нечалавечую жорсткасць фашыстаў і пра тое, якімі неймавернымі сіламі ды ахвярамі здабывалі Перамогу нашы дзяды і прадзеды.
Заканчваецца экскурсія на самай верхавіне будынка: у Зале Перамогі. Велізарная прастора, залітая святлом, а пад самым купалам лунае чырвоны сцяг — такі ж, які мы шмат разоў бачылі ў фільмах, прысвечаных вайне. Што адчуваеш, прайшоўшы праз усе залы? Гэта і гонар за Перамогу, і захапленне мужнасцю народа-пераможцы, і горыч, боль ад велізарных страт і пакут людзей. На сценах Залы Перамогі ўвекавечаны імёны землякоў-беларусаў, якія ўшанаваны званнем Герояў Савецкага Саюза. У знак удзячнасці савецкім воінам-вызваліцелям там жа пералічаны ўсе воінскія часці, якія носяць назвы гарадоў Беларусі, прозвішчы ўсіх Герояў Савецкага Саюза, якія атрымалі высокае званне на беларускай тэрыторыі. Бачыла, як маладая сямейная пара, мабыць, убачыўшы ў спісах прозвішча сваяка ці родзіча, доўга стаяла ля сцяны, журботна схіліўшы галовы, а затым ён і яна моўчкі пакінулі велічную залу.
Выходзячы з музея за гэтымі невядомымі, але, пэўна, блізкімі мне па духу людзьмі, я неяк зусім нечакана для сябе зноў вярнулася да цэнтральнага фасаду. Узіралася ў прамяні сімвалічнага салюту Перамогі. Наколькі ж усё грандыёзна, грунтоўна і магутна зроблена! Гэты музей хочацца называць Храмам. Гэта Храм удзячнай памяці нашчадкаў пра тых, каму мы абавязаны жыццём. І ў знак падзякі мільёнам людзей, якія загінулі ў полымі вайны ці мужна прайшлі праз яе, заваявалі Перамогу, тут, падаецца мне, павінен пабываць кожны.
У новым будынку Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адчуваеш гонар за Перамогу, захапляешся мужнасцю народа-пераможцы, і сэрца баліць за тых, хто вынес у ваенны час вялікія пакуты

І гэтыя магутныя танкі ў новай экспазіцыі музея — не муляжы
Тут адразу рушацца стэрэатыпы пра музей як ціхае ды сумнае сховішча каштоўнасцяў, артэфактаў, архіўных дакументаў. У новым будынку Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што адкрыўся ў Мінску на праспекце Пераможцаў, 8, быццам трапляеш на некаторы час у мінулае, на некалькі гадзін адключаешся ад знешняга свету. Такога, прызнацца, мне ў музеях раней адчуваць не даводзілася: усё працуе на стварэнне эфекту асабістай прысутнасці на месцы былых падзей. Інтэрактыўныя ды імглістыя экраны, мультымедыйныя праекцыі, прасторавыя кампазіцыі, гукі, шумы… Часам аж мурашкі па скуры ад таго, што быццам жывеш у атмасферы ваеннага часу.
Як вядома, гэты музей — унікальны. Першая яго экспазіцыя была адкрыта ў Мінску яшчэ ў кастрычніку 1944 года: зусім хутка пасля вызвалення сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А рашэнне аб яго стварэнні прынята ўвосень 43-га, калі вайна была ў разгары. Мінск акупаваны ворагам і практычна разбураны, а ў Маскве прымаецца смелае рашэнне. Бо ўсе верылі ў Вызваленне, у Перамогу. Размясціўся музей на пачатку ў адным з ацалелых будынкаў ля плошчы Свабоды — у Доме прафсаюзаў, затым экспазіцыя пераехала ў дом №12 на вуліцы Карла Маркса. А ў 66-м музей амаль на паўстагоддзя заняў новы будынак пры Кастрычніцкай плошчы. З часам яму і там стала цеснавата — пачалі ўзводзіць адметны будынак ля стэлы “Мінск — горад-герой”, побач з Паркам Перамогі.
І вось 2 чэрвеня 2014 года прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін адкрылі найстарэйшы ў свеце музей гісторыі векапомнай вайны ў новым будынку, а на наступны дзень, калі Беларусь святкавала 70-гадовы юбілей Вызвалення, дзверы музея расчыніліся для наведвальнікаў.Музей мне вельмі спадабаўся. Відаць, што рабілі яго архітэктары і будаўнікі не толькі з веданнем справы, але і з вялікай любоўю. “Архітэктар заўсёды імкнецца стварыць форму будынка, якая адлюстроўвае яго змест. Хочацца, каб архітэктура музея была і адметным экспанатам, які ў людзей выклікае моцныя эмоцыі, пакідае яркія ўражанні”, — так разважаў аўтар праекта, двойчы лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі Віктар Крамарэнка, калі будынак ужо ўзводзіўся. Наша газета пісала пра тое ў тэксце “Удзячнай памяці салют”. Што ж, абысці музей “па-хуткаму” не атрымацца: вельмі шмат усяго цікавага, ды і велізарная экспазіцыйная плошча. Таму раю тым, хто збярэцца на экскурсію, мець як мінімум гадзіны тры ў запасе.
Звернем увагу на цэнтральны фасад будынка: ён зроблены ў выглядзе сімвалічнага салюту Перамогі. У яго промнях варта “прачытваць” дзесяць самых знакавых падзей ваеннай пары, пачынаючы ад абароны Брэсцкай крэпасці і да ўзняцця сцяга Перамогі над рэйхстагам. Наогул, заўважу, сімвалізму ў новым будынку музея шмат: адкрыўся ў Дзень Вызвалення, утварае адзіны ансамбль з абеліскам “Мінск — горад-герой”, складаецца з чатырох блокаў — гэта як чатыры гады вайны. І рухаюцца экскурсанты па музеі нібы праз усю вайну — да Перамогі. Храналагічна экспазіцыя ахоплівае перыяд з 1920 года па цяперашні час. Ад вялікай цэнтральнай галерэі адыходзяць тэматычныя залы, у кожнай — свая тэматыка.
Першая зала “Мір і вайна” настройвае на філасофскі роздум: на велізарную сферу кладзецца праекцыя карты свету з прыгожымі краявідамі. Усё гэта павольна рухаецца, як быццам нагадвае нам пра крохкасць раўнавагі і міру, які мы павінны берагчы. Другая зала расказвае пра нядоўгі перыяд мірнага (пасля Першай сусветнай вайны, грамадзянскай вайны) перадваеннага беларускага жыцця. На стэндах бачым асноўныя гістарычныя даты, шмат цікавых гістарычных звестак, а на вялікім экране — розныя дакументальныя фільмы, якія даносяць дух таго часу. Ёсць і экспанаты, якія вярнулі мяне ў дзяцінства. Напрыклад, піянерскі гальштук са значком замест вузла, на якім выбіта “Заўсёды гатовы!”. Я заспела часы піянерыі, добра памятаю, як у 10 гадоў змяніла чырвоную зорачку з абліччам юнага Ільіча на гальштук, але такога значка-заціску ў мяне не было. Шкада: прыгожа глядзіцца. Дарэчы, у ранейшым будынку музея падобных “філасофска-лірычных” залаў, здаецца, не было.
І вось экспазіцыі, прысвечаныя непасрэдна Другой сусветнай вайне. Плошчы вялізныя, экспанатаў шмат — аж вочы разбягаюцца. Танкі, самалёты, баявая тэхніка, партызанская друкарня… Адноўленыя, прычым вельмі на высокім узроўні, сцэны баёў і партызанскага побыту. Вакол усяго гэтага нешта нягучна вуркоча, бахае, вухкае. Адчуваеш дыханне вайны, што называецца, кожнай клетачкай цела. Як запэўніваюць работнікі музея, усе экспанаты (акрамя самалётаў, натуральна) арыгінальныя. Няпростую “жыццёвую гісторыю” аднаго з іх, грузавіка-палутаркі, я пачула ад экскурсавода, які вадзіў групу з Ульянаўска. Грузавік у 1932-м сышоў з канвеера Горкаўскага аўтазавода, напярэдадні вайны быў набыты калгасам у Віцебскай вобласці ды замацаваны за шафёрам Паўлам Міхайлавым. З пачаткам вайны яго мабілізавалі — разам з машынай. На палутарцы беларус быў пад Масквой, вазіў грузы ў блакадны Ленінград і вывозіў адтуль дзяцей. Атрымаўшы два раненні, шафёр усё ж даехаў да Берліна, потым на ёй жа вярнуўся і ў родную беларускую вёску. За такія заслугі верную і надзейную машыну вырашылі шафёру падарыць. Так і працаваў на ёй Павел Міхайлаў да апошніх дзён у калгасе, завяшчаў сваякам пасля сваёй смерці перадаць аўтамабіль у музей Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, ёсць у той жа зале не толькі савецкая тэхніка, але і нямецкая. Рарытэты!А вось і самая цяжкая для ўспрымання зала №6: аповед пра нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі ў 1941-44 гадах. Балюча глядзець на жахлівыя сведчанні таго, як вынішчаўся народ. Фатаграфіі спаленых сёл і вёсак, канцлагераў. На экранах мільгаюць кадры кінахронікі — кадры непасрэдна з месцаў страшных падзей, чуецца нягучны плач жанчын і дзяцей. Вось жудасная качарга, якой паварочвалі людзей, калі спальвалі жыўцом, вось “ванна”, у якой выносілі попел спаленых і ўгнойвалі ім глебу… Валасы дыбам ад усяго гэтага, на вочы міжволі наварочваюцца слёзы. Страшна і балюча. Але мы павінны ведаць пра гэта. Павінны памятаць пра нечалавечую жорсткасць фашыстаў і пра тое, якімі неймавернымі сіламі ды ахвярамі здабывалі Перамогу нашы дзяды і прадзеды.