Дзяржаўныя ўзнагароды сталі добрым падарункам для жанчын да 8 Сакавіка

Удзячнасць і павага

Дзяржаўныя ўзнагароды сталі добрым падарункам для жанчын да 8 Сакавіка
Жанчыны дабіваюцца працоўных поспехаў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, а ў многіх з іх упэўнена трымаюць лідзірую-чыя пазіцыі. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, уручаючы напярэдадні Дня жанчын дзяржаўныя ўзнагароды.

На ўрачыстай сустрэчы

Гэтая сустрэча заўсёды асаблівая, бо яна прымеркавана да цудоўнага вясенняга свята — Дня жанчын. “Свята сімвалізуе глыбокую павагу да маці, жонак, сясцёр, калег, шанаванне працаўніц, за-хапленне любімымі, — сказаў Прэзідэнт. — У гэты дзень мы дзякуем вам за вялікі ўклад у развіццё сфер жыцця сучаснага беларускага грамадства. За тую ролю, якую вы адыгрываеце ў дзяржаўным будаўніцтве, эканоміцы, прамысловасці, культуры і, вядома ж, сям’і. Таму пярэдадзень свята 8 Сакавіка — цудоўная нагода для таго, каб адзначыць заслугі нашых выдатных жанчын”.

На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўніцы розных прафесій. Сярод іх Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў медыцынскіх работнікаў, паколькі, на яго думку, дасягненні беларускай медыцыны былі б немагчымыя без прафесіяналізму, клапатлівых рук і добрых сэрцаў медыкаў — прадстаўніц прыгожай паловы.

“Жанчыны не толькі захавальніцы дамашняга ачага, але і абаронцы дзяржавы, спакою і парадку ў нашым грамадстве”

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў значнасць поспехаў жанчын у гандлі і грамадскім харчаванні, сувязі, банкаўскай справе, лёгкай і харчовай прамысловасці.

“Жанчыны не толькі захавальніцы дамашняга ачага, але і абаронцы дзяржавы, спакою і парадку ў нашым грамадстве. Сёння ўсё больш нашых суайчынніц знаходзяць сваё прызванне ў арміі, міліцыі, мытні, структурах Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Большасць дзяржаўных служачых у нас таксама складаюць прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі лічыць неацэнным уклад жанчын у захаванне і прымнажэнне нацыянальнай культурнай спадчыны. Ён акцэнтаваў увагу на важнай ролі жанчын у развіцці і ўдасканаленні адукацыі і навуковай сферы, фізкультуры і спорту. “Бліскучыя поспехі нашых жанчын на ніве мастацтва і спорту праслаўляюць краіну”, — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Удзячнасць Прэзідэнта па праву заслужылі работніцы сферы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, паколькі немагчыма пераацаніць ролю жанчын у справах міласэрнасці і дапамогі бліжняму.

“Дзякуй вам за тое, што сваёй працай, талентам і дабрынёй вы робіце наш свет лепшым, — падзякаваў Аляксандр Лукашэнка. — У творчасці і грамадскай дзейнасці, на вытворчасці і дзяржаўнай службе, вы — крыніца новых ідэй, стваральнай сілы і ўмення знаходзіць аптымальныя рашэнні ў самых складаных сітуацыях. Але якімі б ні былі вашы прафесійныя поспехі, вы ніколі не забываеце пра самае галоўнае — сям’ю, здароўе і дабрабыт сваіх блізкіх. Менавіта на вас трымаецца дом і, як прынята лічыць, вы — захавальніцы яго цяпла і ўтульнасці”.

Веніямін Міхееў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter