Згадка пра тое, як народны пісьменнік Удмурціі Вячаслаў Ар-Сяргі напісаў верш пра вёску Зацітава Слабада

Удмурцкі след на Пухавіччыне

Доўгі час у маёй хатняй бібліятэцы ў бацькоўскім доме ў Зацітавай Слабадзе — а гэта Пухавіцкі раён Міншчыны — захоўвалася падшыўка шматтыражнай салдацкай газеты “За Родину” за некалькі гадоў. У рэдакцыі выдання ў Ашхабадзе я служыў: спачатку карэспандэнтам-арганізатарам, пасля адказным сакратаром у 1985-88-я гады. Так склалася, што некаторы час, у 1985-м, са мной разам служыў і малодшы сяржант Вячаслаў Сяргееў. Удмурт па нацыянальнасці, ён пісаў артыкулы, рабіў фотаздымкі для газеты, якая выходзіла тройчы на тыдзень. 


Пісьменнік Вячаслаў Ар-Сяргі — сябар Беларусі

Тут варта заўважыць: удмуртаў у нашай дывізіі, якая рыхтавала папаўненне для Афганістана, было шмат. Справа ў тым, што дывізія была сфарміравана ў час Вялікай Айчыннай вайны ў Іжэўску, ва Удмурціі. І, між іншым, вызваляла Віцебшчыну ад фашыстаў. Пра гэта падрабязна ў кнізе “Чатыры гады ў шынялі” расказаў народны пісьменнік Удмурціі Міхаіл Лямін. А ў пасляваенныя гады злучэнне дыслакавалася ў Ашхабадзе, куды і прызывалі штогод хлопцаў з Іжэўска, іншых месцаў Удмурціі.

Спярша я і не ведаў, што Вячаслаў яшчэ да службы ў войску займаўся літаратурай, пісаў апавяданні. Дазнаўся толькі, калі ў Ашхабад сябры даслалі кнігу салдата, якая на ўдмурцкай мове пабачыла свет у Іжэўску ў 1986 годзе. Слава тады яшчэ служыў у Ашхабадзе. Але ўжо не ў рэдакцыі, а ў інжынерна-сапёрнай роце. Некалькі асобнікаў землякі даслалі аўтару ў Туркменістан. У 86-м мы развітался. Як аказалася, на доўгія гады. І толькі напрыканцы 90-х ці на пачатку 2000-х сустрэў я ў Белавежскай пушчы журналіста з Удмурціі. Даведаўся: Вячаслаў Сяргееў стаў народным пісьменнікам Удмурціі Вячаславам Ар-Сяргі. У Іжэўску ды іншых гарадах Расіі, у іншых краінах выйшла шмат яго кніг прозы, паэзіі, мастацкіх перакладаў. Піша Вячаслаў па-руску і па-ўдмурцку. Недзе з 2003 ці з 2004 года пачалося наша ліставанне з колішнім маім ашхабадскім знаёмцам. 

А ў 2008 годзе Вячаслаў Ар-Сяргі быў запрошаны на міжнародны “круглы стол” па пытаннях літаратурных стасункаў у Мінск. Арганізатары “круглага стала” — Міністэрства інфармацыі Беларусі ды выдавецтва “Літаратура і Мастацтва”. Вячаслаў прыняў удзел у Дні беларускага пісьменства ў Барысаве. Выступіў перад школьнікамі ў вёсцы Мётча Барысаўскага раёна, а таксама перад навучэнцамі ліцэя ў Смілавічах. Разам з Вячаславам мы пабывалі ў Блоні, Блужы, маёй Зацітавай Слабадзе. На Пухавіччыне ўдмурцкага літаратара асабліва ўразіў музей Мікалая Чэпіка. З вялікай увагай слухаў пісьменнік расповяды дасведчанага ў пухавіцкай гісторыі Аляксандра Аляксандравіча Прановіча. Пакінуў Вячаслаў Ар-Сяргі свае ўдзячныя запісы ў кнізе наведвальнікаў Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея ў Блоні. Быў здзіўлены, колькі прыгожаму пісьменству, грамадству падаравала Пухавіцкая зямля паэтаў, празаікаў, увогуле творчых людзей. 

А пераначавалі мы адным з тых вераснёўскіх дзён у Зацітавай Слабадзе. І як быў здзіўлены Вячаслаў Ар-Сяргі, калі я паказаў яму падшыўку нашай салдацкай шматтыражкі, у якой і ён некалі друкаваўся. А яшчэ — тую першую кніжачку Вячаслава на ўдмурцкай мове, якая ў мяне захоўвалася з ашхабадскіх часін. Як вынік з тае сустрэчы з Пухавіччынай і нарадзіўся верш удмурцкага паэта — “Зацітава Слабада”. Напісаны ён быў на Пухавіччыне. Пакуль што верш не перакладзены на беларускую мову, таму і падаю толькі частковы яго падрадкоўны пераказ. “Раніца сачылася, ваколіца драмала,/ У небе пагас адбітак зоркі,/ Веснічкі на падворку стомлена зарыпелі / — Я ад’язджаю з цяпла Слабады./ Дзесяць крокаў да чакання аўтамабіля,/ Я прайшоў як той Ціт, скрозь гады,/ І не азірнуўся, іначай бы — / Я ніколі не вярнуўся б у свае гарады./ У садзе падалі яблыкі,/ Чуў іх грукат за спінай,/ Развітанне рыхтуючы, падалі хвіліны…” І далей: “Як абярэг у дарогу сваю,/ Зацітавае святло я ўзяў у зоркі,/ Што мару маю акрыляла — / І ў снах я ніколі не пакідаю тую родную Слабаду”… 

Такая вось кароткая гісторыя ў мастацкага твора, якая становіцца яшчэ адной прыкметай шматаблічнай і не такой ужо далёкай пухавіцкай літаратурнай памяці. Болей Вячаславу не даводзілася наведвацца ў Беларусь. Але тут і цяпер прыходзяць да чытача яго творы. Вершы Вячаслава Ар-Сяргі друкаваліся ў часопісах “Полымя”, “Всемирная литература”, калектыўных зборніках, якія пабачылі свет у Мінску. Цяпер рукапіс зборніка ўдмурцкага паэта ў цудоўных перакладах на беларускую мову вядомага творцы Віктара Гардзея, — у партфелі аднаго з выдавецтваў. Спадзяюся, пакуль кніга будзе рухацца да чытача, то ў яе абсягі дадасца і верш “Зацітава Слабада”: пра старажытную пухавіцкую вёску. 

Хацелася б нагадаць, што Зацітава Слабада знаёмая ўжо таксама іншым беларускім пісьменнікам: Міхасю Блісцінаву, Уладзіміру Саламаху, Алене Кобец-Філімонавай, Юрыю Сапажкову, Алегу Ждану…
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter